Псалтыр 146 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Алілуя. Хвалеце Госпада, бо гэта добра — сьпяваць Богу нашаму, бо гэта соладка — Яму належыць хвала.
Алілуя. Хваліце Госпада, бо Ён добры, спявайце псальмы Богу нашаму, бо Ён мілы, Яму належыць хвала.
Гасподзь будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
Госпад будуе Ерузалім, збірае расцярушаных з Ізраэля.
Ён ацаляе зьнявечаных сэрцам, і лекуе скрухі іхнія.
Ён лечыць зламаных духам і перавязвае іх раны;
Вылічвае колькасьць зорак; усіх іх называе імёнамі іхнімі.
Ён вызначае лік зорак і ўсім ім дае імёны.
Вялікі Гасподзь наш і вялікая моц Ягоная, і розум Ягоны нявымерны.
Вялікі Госпад наш і вялікі магуццем, няма ліку мудрасці Яго.
Пакорлівых узвышае Гасподзь, а бязбожных прыгінае да зямлі.
Госпад падтрымлівае пакорлівых, а грэшнікаў прыніжае аж да зямлі.
Сьпявайце па чарзе славаслоўе Госпаду; грайце Богу нашаму на арфе.
Спявайце Госпаду песню падзякі, грайце псальмы Госпаду нашаму на цытры.
Ён засьцілае неба хмарамі, рыхтуе зямлі дождж, росьціць на горах траву;
Ён закрывае неба хмарамі і ўдабрае зямлю дажджом, Ён вырошчвае траву на гарах і траву, карысную людзям.
дае быдлу пашу ягоную і крумкача птушанятам, што клічуць Яго.
Ён дае ежу жывёле Сваёй і вараняткам, якія прызываюць Яго.
Не на сілу каня глядзіць ён, ня хуткасьці ног чалавечых дабраволіць;
Не захапляе Яго сіла каня, ані сіла ног чалавечых.
дабраволіць Гасподзь тым, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную.
Падабаюцца Госпаду тыя, што Яго шануюць, і тыя, што ўсклалі надзею на міласэрнасць Яго.