Псалтыр 105 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.
 
Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо навек міласэрнасць Яго.

Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?
 
Хто раскажа пра магутнасці Госпада, хто дасць пачуць усе хвалы Яго?

Дабрашчасныя — хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!
 
Шчасныя тыя, што выконваюць прыказанні, якія чыняць справядлівасць увесь час.

Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,
 
Помні пра нас, Госпадзе, у спагаднасці да Твайго народа наведай нас збаўленнем Тваім,

каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.
 
каб убачылі мы даброты выбраннікаў Тваіх, каб узвесяліліся мы весялосцю народа Твайго, каб ганарыліся Тваёй спадчынай.

Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.
 
Награшылі мы разам з продкамі нашымі, жылі не па праўдзе, учынілі несправядлівасць.

Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.
 
Нашы бацькі ў Егіпце не зразумелі Тваіх цудаў, не помнілі вялікай міласэрнасці Тваёй і злосна кпілі, выходзячы ў мора, мора Чырвонае,

Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.
 
але захаваў Ён іх дзеля Свайго імя, каб даць спазнаць моц Сваю.

Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;
 
Пагразіў Ён Чырвонаму мору, і высахла, і павёў іх між хваль, як па пустыні.

і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.
 
І збавіў іх ад рукі нахабніка; і вызваліў іх ад ворага.

Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.
 
І пакрыла вада іх праціўнікаў, ані адзін з іх не застаўся.

І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.
 
І паверылі словам Яго, і спявалі [песню] на хвалу Яго.

Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:
 
Але тут жа забыліся пра справы Яго і не прынялі парады Яго.

і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.
 
І разгарэліся пажаднасцю ў пустыні, і спакушалі Бога на бязводдзі.

І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.
 
І даў Ён ім паводле просьбы іх, і паслаў насычанасць у душы іх.

І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.
 
І зайздросцілі Майсею ў лагеры, Аарону, святому Госпада.

Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.
 
Расступілася зямля і праглынула Датана і пакрыла зборышча Абірама.

І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.
 
І ўспыхнуў агонь у скопішчы іх, полымя спаліла грэшнікаў.

Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;
 
І зрабілі яны цялё пры Гарэбе і пакланяліся перад ідалам.

і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.
 
І замянілі хвалу сваю падабенствам быка, што паядае сена.

Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,
 
Забыліся пра Бога, Які збавіў іх, Які чыніў нязвыкласці ў Егіпце,

дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.
 
цуды на зямлі Хама, страшныя дзівосы каля Чырвонога мора.

І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.
 
І сказаў Ён, што вынішчыць іх, каб не Майсей, выбраннік Яго: ён стаў перад Ім у расколіне, каб адвёў гнеў Свой, не губіў іх.

І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;
 
І за нішто палічылі яны зямлю пажаданую, не паверылі слову Яго,

і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.
 
І марматалі ў сваіх палатках, не слухалі голасу Госпада.

І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,
 
І ўзняў Ён руку Сваю на іх, каб пакласці іх ніцма ў пустыні

і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.
 
і каб раскідаць патомства іх між народамі, і рассыпаць іх па ўсёй зямлі.

Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,
 
І прыгарнуліся яны да Баал-Пэгора, і з’елі ахвяры мёртвых.

і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.
 
І ўгнявілі Яго сваімі [ліхімі] задумамі, і спала на іх пляга.

І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, — і спынілася пошасьць
 
Тады паўстаў Пінхас і ўчыніў суд, і спынілася пляга.

І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.
 
І залічана яму гэта за справядлівасць на ўсе пакаленні аж на век.

І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,
 
І ўгнявілі Яго каля водаў Мэрыбы, і праз іх прыйшла бяда на Майсея,

бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.
 
бо яны раз’ятрылі дух яго, і пачаў прамаўляць ён неабдуманае вуснамі сваімі.

Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;
 
Не вынішчылі паганаў, пра якіх сказаў ім Госпад,

а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;
 
а памяшаліся яны з паганамі і навучыліся справам іх.

служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,
 
І пачалі служыць іх балванам, і сталася [гэта] пасткай для іх.

і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;
 
Ды складалі ў ахвяру сыноў сваіх і дочак сваіх дэманам.

пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, — і зьнячысьцілася зямля крывёю;
 
І пралілі нявінную кроў, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх ахвяравалі балванам ханаанскім, і зямля спаганена была кроўю,

зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.
 
і спракудзіліся сваімі справамі, і сваімі паводзінамі парушылі прымірэнне.

І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю
 
І ўзгарэўся гнеў Госпадаў на народ Яго, і ўзненавідзеў Ён спадчыну Сваю.

і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.
 
І выдаў іх у рукі паганам, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.

Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.
 
І прыгняталі іх непрыяцелі іх, і прыніжаны былі іх рукой.

Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.
 
Часта вызваляў Ён іх, але яны гнявілі Яго сваімі намерамі і гінулі дзеля несправядлівасцей сваіх.

Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,
 
Але глянуў Ён на іх бяду, калі пачуў лямант іх.

і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,
 
І ўспомніў на шчасце іх пра запавет Свой і пашкадаваў іх паводле бязмежнай міласэрнасці Сваёй.

і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.
 
І будзіў Ён літасць да іх ва ўсіх, якія іх няволілі.

Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.
 
Збаў нас, Госпадзе Божа наш, і забяры нас з-паміж народаў, каб мы вызнавалі святое імя Тваё і ўслаўляліся славай Тваёю.

Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!
 
Дабраславёны Госпад Бог Ізраэля ад веку і да веку! І скажа ўвесь народ: «Амін, амін!»