Псалтыр 41 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.
 
Кіраўніку хору. Маскіль. Сыноў Корэ.

Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!
 
Як алень імкнецца да водаў крынічных, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа.

Душа мая прагне Бога моцнага і жывога: калі я прыйду і зьяўлюся прад аблічча Божае!
 
Адчула смагу душа мая да Бога моцнага, жывога: калі ж пайду я і з’яўлюся перад Богам?

Сьлёзы мае былі мне хлебам удзень і ўначы, калі мне казалі штодзень: дзе твой Бог?
 
Сталі хлебам слёзы мае днём і ноччу, калі кажуць мне штодня: «Дзе ж Бог твой?»

Калі ўспамінаю пра гэта, душу маю выліваю, бо хадзіў я з мноствам людзей; уступаў зь імі ў храм Божы з голасам радасьці і падзякі натоўпу сьвяточнага.
 
Прыпамінаю я гэта, і хвалююся ў душы маёй, бо я прыйшоў у грамадзе, у самы дом Божы, з голасам радасці і вызнання ў святкаванні ўслаўляючай працэсіі.

Чаго ты падупадаеш, душа мая, чаго непакоішся? Май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго і Бога майго.
 
Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».

Падупадае ўва мне душа мая, бо я пра Цябе ўспамінаю зь зямлі Ярданскай, зь Ярмона, з гары Цаар.
 
Ува мне самім душа мая маркотная, таму ўспамінаю Цябе з зямлі Ярдана і Гэрмону, з гары Мізар.

Бездань прорву заклікае голасам вадаспадаў Тваіх; усе воды Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною.
 
Бездань заклікае бездань пад шум вадаспадаў Тваіх. Усе віры Твае і хвалі Твае на мяне нахлынулі.

Удзень удзяляе Гасподзь Свае ласкі і ўночы Яму мая песьня, малітва да Бога жыцьця майго.
 
Калі ўдзень надзеліць мяне Госпад ласкаю Сваёю, то і ноччу песня для Яго ёсць у мяне: малітва да Бога жыцця майго.

Скажу Богу, заступніку майму: навошта забыў Ты мяне? Навошта хаджу я і бядую ад варожых зьнявагаў?
 
Кажу я Богу: «Ты — мая скала. Чаму забываешся Ты пра мяне? Чаму я крочу засмучаны, а вораг чыніць мне пераслед?»

Быццам косьці ламаюць мае, збыткуюць зь мяне мае супастаты, калі кажуць мне кожнага дня: дзе твой Бог?
 
Уздрыгваюць косці мае, а тыя, што прыцясняюць мяне, зняважылі мяне і кажуць мне штодзень: «Дзе Бог твой?»

Чаго ж ты журышся, душа мая, чаго ты маркоцішся? май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго і Бога майго.
 
Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».