Псалтыр 127 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Песьня ўзыходжаньня. Дабрашчасны кожны, хто баіцца Госпада, хто ходзіць шляхамі ягонымі!
 
Песня ўзыходжання. Шчасны кожны, хто шануе Госпада, хто ходзіць па Яго дарогах.

Ты будзеш есьці ад працы рук тваіх; дабрашчасны ты, і добра табе!
 
Бо з працы рук тваіх будзеш харчавацца, шчасны будзеш і добра будзе табе.

Жонка твая, як лаза плодная, у доме тваім; сыны твае, як аліўнае гольле, вакол трапезы тваёй:
 
Жонка твая, як плодная галінка вінаграду ў пакоях дому твайго; сыны твае, як парасткі аліўныя вакол твайго стала.

так мілаславіцца чалавек, які баіцца Госпада!
 
Вось, так дабраславёны будзе чалавек, які шануе Госпада.

Дабраславіць Цябе Гасподзь зь Сіёна, і ўбачыш бясьпеку Ерусаліма ва ўсе дні жыцьця твайго.
 
Хай дабраслаўляе цябе Госпад з Сіёна, а ты глядзі на даброты Ерузаліма ва ўсе дні жыцця твайго,

Убачыш сыноў у сыноў тваіх. Мір на Ізраіля!
 
і глядзі на сыноў тваіх сыноў. Супакой над Ізраэлем!