Захарыі 13 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У той дзень адчыніцца крыніца дому Давідаваму і жыхарам Ерусаліма для адмываньня грэху і нечыстаты.
 
Таго дня адчыніцца жарало дому Давідаваму а жыхарам ерузалімскім дзеля абмыцьця грэху а нечысьці.

І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я зьнішчу імёны ідалаў з гэтай зямлі, і яны ня будуць больш упамінацца, гэтак сама і лжэпрарокаў і нячыстага духа зь зямлі выдалю.
 
І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — Я адатну ймёны балваноў ізь зямлі, і іх ня будуць болей памятаваць, і таксама прарокаў і нячыстага духа вывяду ізь зямлі.

Тады, калі хто будзе прадказваць, дык бацька ягоны і маці яго, якія нарадзілі яго, скажуць яму: табе ня трэба жыць, бо ты ілжу кажаш у імя Госпада; і паб’е яго бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, калі ён будзе прадказваць.
 
І станецца, калі хто-колечы будзе яшчэ праракаць, тады айцец ягоны й маці ягоная, што нарадзілі яго, скажуць яму: "Ты ня маеш жыць, бо ты гукаеш ману ў імя СПАДАРА"; і праб’юць яго айцец ягоны а маці ягоная, што нарадзілі яго, як ён праракае.

І будзе ў той дзень, пасаромеюцца такія прадказальнікі, кожны відзежу свайго, калі будуць прадказваць, і ня будуць надзяваць на сябе валасяніцы, каб ашукваць.
 
І будзе таго дня, што засароміцца прарокі, кажны за відзень сваю, калі б праракаў, і не адзенуцца ў касматае адзецьце, каб ашукаваць;

І кожны скажа: Я не прарок, я земляроб, бо нехта зрабіў мяне рабом з маленства майго.
 
Але скажа: "Я не прарока, бо чалавек прыдбаў мяне за нявольніка з маладосьці мае".

Яму скажуць: чаго ж на руках у цябе шнары? і ён адкажа: таму, што мяне білі ў доме тых, што любяць мяне.
 
І скажуць яму: "Што гэта за болькі на руках тваіх?" Тады ён адкажа: "Біў мяне дом любячых мяне".

О, меч! падыміся на пастыра Майго і на блізкага Майго, кажа Гасподзь Саваоф: пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я абярну руку Маю на малых.
 
Прачхніся, мечу, на пастыра Майго й на мужа, сябру Майго! — агалашае СПАДАР войскаў: — Вытні пастыра, і рассыпяцца авечкі! І Я зьвярну руку Сваю на маладых.

І будзе на ўсёй зямлі, кажа Гасподзь: дзьве часткі на ёй будуць зьнішчаны, вымруць, а трэцяя застанецца на ёй.
 
І станецца на ўсёй зямлі, — агалашае СПАДАР, — дзьве часьці на ёй будуць выгублены, сканаюць, а трэйцяя застанецца на ёй.

І ўвяду гэтую трэцюю частку ў агонь, і растаплю іх, як топяць срэбра, і ачышчу іх, як ачышчаюць золата: яны будуць заклікаць імя Маё, і Я пачую іх і скажу: гэта Мой народ, і яны скажуць: Гасподзь — Бог мой!
 
І правяду гэтую трэйцюю перазь цяпло, і пералітую іх, як літуюць срэбра, і выпрабую іх, як прабуюць золата: ён будзе гукаць імя Маё, і Я адкажу яму: "Гэта люд Мой", і ён скажа: "СПАДАР — Бог мой!"»