1 Яна 3 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Глядзіце, што за міласьць даў нам Айцец, каб нам звацца дзецьмі Божымі, і мы імі ё. Сьвет затым ня знае нас, што не пазнаў Яго.
 
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы [імі] ёсць! Свет таму не ведае нас, што не пазнаў Яго.

Умілаваныя! мы цяпер дзеткі Божыя; але яшчэ ня зьяўлена, што будзем. Ведаем толькі, што, як зьявіцца, будзем падобныя да Яго, бо абачым Яго, як Ён ё.
 
Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што, калі гэта выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць.

І кажны, што мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, як Ё чысты.
 
І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе падобна таму, як Ён чысты.

Кажны, хто чыне грэх, чыне й бяспраўе; і грэх ё бяспраўе.
 
Кожны, хто ўчыняе грэх, дапускаецца і беззаконня, бо грэх ёсць беззаконне.

І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашы, а ў Ім няма грэху.
 
І ведаеце, што Ён аб’явіўся на тое, каб забраць [нашы] грахі, і ў Ім няма граху.

Кажны, хто трывае ў Ім, ня грэша; кажны, хто грэша, ня бачыў Яго ані пазнаў Яго.
 
Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

Дзеткі! няхай ня зводзе вас ніхто. Хто чыне справядлівасьць, тый справядлівы, як і Ён справядлівы;
 
Дзеткі! Хай ніхто вас не зводзіць. Хто робіць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.

Хто чыне грэх, тый ад дзявала, бо ад пачатку дзявал грэша. Дзеля таго зьявіўся Сын Божы, каб памярцьвіць учынкі дзявалавы.
 
Хто ўчыняе грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

Кажны, хто нарадзіўся з Бога, ня чыне грэху, бо семя Ягонае трывае ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны з Бога.
 
Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не ўчыняе граху, бо застаецца ў ім семя Яго; і не можа ён грашыць, бо нарадзіўся ад Бога.

Гэтым паказаны дзеці Божыя й дзеці дзявалавы: кажны, хто ня чыне справядлівасьці, ня ё з Бога, і хто ня любе брата свайго.
 
Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не робіць справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго.

Бо гэткая ведамка, што вы чулі ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго,
 
Бо такое ёсць абвяшчэнне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.

Ня як Каін, што быў із злога і забіў брата свайго. І чаму забіў яго? Бо ўчынкі ягоныя былі нягодныя, а брата ягонага справядлівыя.
 
Не як Каін: ён быў ад ліхога і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго — справядлівыя.

Ня дзівуйцеся, браты, калі сьвет ненавідзе вас.
 
Не дзівіцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.

Мы ведаем, што мы перайшлі ізь сьмерці да жыцьця, бо мілуем братоў; хто ня мілуе брата, трывае ў сьмерці.
 
Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў; хто не любіць [брата], той трывае ў смерці.

Кажны, хто ненавідзе брата свайго, ёсьць убіўца; а вы ведаеце, што ніякі ўбіўца ня мае жыцьця, ў ім трываючага.
 
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца не мае ў сабе жыцця вечнага, якое трывае ў Ім.

Міласьць пазналі мы з тога, што Ён аддаў за нас жыцьцё Свае: і мы маем за братоў аддаваць жыцьці свае.
 
З таго пазналі мы любоў, што Ён аддаў душу Сваю за нас; і мы павінны аддаваць душу за братоў.

Бо хто бы меў меньне гэтага сьвету, і бачыў брата свайго ў нудзе, і зачыніў сэрца свае перад ім, — як трывае міласьць Божая ў ім?
 
Калі хто мае багацце [гэтага] свету і бачыць, што брат яго жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё ад яго, дык як можа трываць у ім любоў Божая?

Дзеткі! мілуйма ня словам ані языком, але ўчынкамі а праўдаю.
 
Дзеткі, будзем любіць не словам ці языком, але справай і праўдай.

З гэтага пазнаем, што мы з праўды, і супакоім сэрцы свае перад Ім;
 
Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, ды супакоім перад абліччам Яго сэрцы нашы,

Бо калі сэрца наша судзе нас, пагатове Бог, вялікшы за сэрца нашае і зналы ўсяго.
 
бо калі наша сэрца асуджае нас, дык Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё.

Умілаваныя! калі сэрца наша ня судзе нас, мы маем адвагу да Бога,
 
Улюбёныя, калі сэрца наша не асуджае нас, маем адвагу перад Богам

І, чаго толькі папросім у Яго, адзяржым, бо дзяржым расказаньні Ягоныя і чынім любае перад Ім.
 
і, пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказанні Яго і робім тое, што Яму падабаецца.

А гэта расказаньне Ягонае, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і мілавалі адзін аднаго, як Ён выдаў нам расказаньне.
 
А прыказанне Яго такое: каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён нам загадаў.

І хто дзяржыць расказаньні Ягоныя, тый трывае ў Ім, і Ён у тым. І з тога пазнаем, што Ён перабывае ў нас, з Духа, каторага Ён даў нам.
 
І хто выконвае прыказанні Яго, той трывае ў Ім, а Ён — у тым, і тое, што Ён трывае ў нас, пазнаём па Духу, Якога Ён нам даў.