1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Будзьце перайманьнікамі ў мяне, як я ў Хрыста.
 
Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.

Але хвалю вас, браты, што вы ўсе мае памятуеце, і дзяржыце паданьні, як я падаў вам.
 
Хвалю вас, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся маіх наказаў.

Хачу таксама, каб вы ведалі, што кажнага мужа галава Хрыстос; галава жончына — муж; а галава Хрыста — Бог.
 
Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстос, а кожнае жонкі галава — муж, а галава Хрыста — Бог.

Каторы муж моліцца альбо праракае з накрытай галавою, сароме галаву сваю.
 
Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой, ганьбіць сваю галаву.

А кажная жонка, што моліцца альбо праракае праставалосая, сароме галаву сваю; бо гэта тое самое, як калі б яна была пагаліўшыся.
 
Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з ненакрытай галавой, ганьбіць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголена.

Бо калі жонка ня хоча накрывацца, няхай таксама стрыжэцца; а калі жонцы сорамна быць пастрыжанай альбо паголенай, няхай накрываецца.
 
Дык калі якая жанчына не накрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганебна для жанчыны быць пастрыжанай або паголенай, дык хай накрывае галаву.

Бо муж ня мае накрываць галавы, бо ён абраз а слава Божая; а жонка — слава мужава.
 
Мужчыне не належыць накрываць галавы, бо ён — вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужчыны.

Бо ня муж із жонкі, але жонка з мужа;
 
Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны;

Бо таксама ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.
 
і не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.

Затым і мае мець жонка на галаве сваёй знак улады дзеля ангілаў.
 
Таму жанчына мусіць мець на галаве знак падданасці дзеля анёлаў.

Адылі, ані жонка бяз мужа, ані муж бяз жонкі ў Спадару.
 
Зрэшты, ані жанчына без мужчыны, ані мужчына без жанчыны ў Госпада.

Бо як жонка з мужа, так і муж пераз жонку; усе ж — з Бога.
 
Бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсе — ад Бога!

Разважча самы, ці гожа жонцы праставалосай маліцца Богу?
 
Рассудзіце самі з сабой: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з ненакрытай галавой?

Ціж сама прырода ня вуча вае, што калі муж мае даўгія валасы, няслава яму гэта;
 
Ці не сама прырода вучыць нас, што ганьба для мужчыны, калі ён гадуе валасы,

Але калі жонка мае даўгія валасы, ёй слава, бо даўгія валасы даны ёй замест прыкрыцьця.
 
а калі жанчына гадуе валасы, то ёй слава? Бо валасы дадзены ёй на пакрыццё.

Але калі б хто думаў быць звадлівым, мы ня маем такога звычаю ані цэрквы Божыя.
 
А калі хто аб гэтым хоча спрачацца, дык ані мы не маем такога звычаю, ані цэрквы Божыя.

Але, сулячы гэта, не хвалю, што вы зьбіраецеся ня дзеля лепшага, але дзеля горшага.
 
Робячы вам гэтыя заўвагі, не хвалю за тое, што збіраецеся не на лепшае, але на горшае.

Бо, першае, запраўды чую, што, як вы зыходзіцеся на збор, памеж вас бываюць падзелы, чаму часткава й веру.
 
Перад усім чую, што, калі сходзіцеся разам у царкве, бываюць у вас спрэчкі, і я крыху веру.

Бо мусяць быць таксама гэрасі памеж вас, каб выявіліся памеж вас узумелыя.
 
Бо мусяць быць сярод вас і герэзіі, каб выявіліся сярод вас тыя, што выпрабаваны.

Адлі, як зьбіраецеся, дык ня дзеля вячэры Спадаровае;
 
Ды калі вы збіраецеся разам, няма ў вас спажывання Вячэры Госпадавай.

Бо кажны барзьдзіць уперад есьці сваю ежу, і адзін галадуе, а другі п’яны.
 
Кожны бо з вас спяшаецца першым з’есці сваю вячэру, і таму адзін галодны, а ў той час іншы ўпіваецца.

Ціж у вас няма дамоў, каб есьці й піць? Або грэбуеце царквою Божай і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? ці пахваліць вас за гэта? за гэта не пахвалю.
 
Ці не маеце дамоў, каб там есці і піць? Ці мо ганьбіце Царкву Божую ды сароміце тых, што нічога не маюць? Што ж вам скажу? Можа, буду вас хваліць? За гэта не пахвалю!

Бо я прыняў ад Спадара тое, што й перадаў вам, што Спадар Ісус тае ночы, каторае быў выданы, узяў хлеб
 
Бо я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў гэта вам, што Госпад Ісус у тую ноч, калі меў быць выдадзены, узяў хлеб,

І, даўшы падзяку, паламіў і сказаў: «Гэта цела Мае, каторае за вас ломіцца; гэта рабіце на Маю намятку».
 
і, склаўшы падзяку, паламаў, і сказаў: «[ Бярыце, ежце.] Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас [даецца]. Рабіце гэта ў Маю памяць!»

Таксама й чару па вячэры, кажучы: «Гэта чара ё новая ўмова ў крыві Маёй, гэта рабіце так часта, як п’іце, на Маю памятку»,
 
Падобным спосабам па вячэры Ён узяў келіх і сказаў: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй. Рабіце гэта, калі толькі будзеце піць, у Маю памяць».

Так часта, як вы ясьце хлеб гэты і п’іце чару гэтую, сьмерць Спадарову абяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
 
Бо колькі разоў будзеце есці гэты хлеб і піць гэты келіх, будзеце абвяшчаць смерць Госпада, пакуль не прыйдзе.

Затым, хто будзе есьці хлеб гэты або піць чару Спадарову ня годна, вінен будзе Цела й Крыві Спадаровае.
 
Значыць, той, хто нягодна будзе есці хлеб ды піць келіх Божы, той будзе вінаваты супраць Цела і Крыві Госпадавай.

Няхай жа спрабуе сябе людзіна, і гэтак еж із хлеба таго і з чары тае.
 
Дык хай выпрабуе чалавек сябе самога, і тады хай есць ад таго хлеба ды п’е з келіха таго.

Бо хто есьць а п’ець ня годна, тый есьць а п’ець засуджэньне сабе, не разважаючы празь Цела.
 
Бо хто есць і п’е, той есць і п’е прысуд сабе, не разважаючы пра Цела [Госпада].

Ад гэтага шмат хто з вас кволы а хворы і ня мала засынае.
 
Таму шмат у вас кволых і хворых, ды многа памірае.

Бо, калі б мы судзілі самы сябе, дык ня былі б суджаныя;
 
А калі мы самі сябе асудзім, дык не будзем асуджаны.

Будучы ж суджаныя, мы казьнераныя Спадаром, каб ня былі засуджаныя ізь сьветам.
 
А пакуль Госпад нас судзіць і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім светам.

Затым, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, жджыце адзін аднаго.
 
Таму, браты мае, калі збіраецеся есці [Вячэру], пачакайце адзін аднаго.

Калі хто хоча есьці, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуджэньне. Засталае ўладжу, як прыйду.
 
Калі хто галодны, хай есць дома, каб вам не збірацца на асуджэнне. Іншыя справы наладжу, як прыйду.