Найвышэйшая песьня 5 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Прышоў я да гароду свайго, сястра мая, княгіня маладая; нарваў міры свае з пахнючымі каранямі сваімі; паеў наўзы свае зь мёдам сваім; напіўся віна свайго з малаком сваім. Ежча, прыяцелі, піце і ўпівайцеся любосьцяй!
Я сплю, але сэрца мае чуе. Гук! любовы мой стукае: «Адчыні імне, сястра мая, прыяцелка мая, галуба мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, сукры мае — у ночнай вогкасьці».
Я ськінула адзежыну сваю; як я маю адзяваць яе? я памыла ногі свае; як жа імне пэцкаць іх?
Любовы мой выцягнуў руку сваю перазь адтуліну, і нутр мой узрушыўся ў імне.
Устала я, каб адамкнуць любоваму свайму, і з рук маіх капала міра, і з палцаў маіх міра сьцякала на клямку замка.
Адамкнула я любоваму свайму, але любовы мой шчэз, прайшоў. Дух імне заняло, як ён гукаў; я шукала яго, і не знайшла яго; гукала яго, але ён не адказаў імне;
Знайшлі мяне вартаўнікі, кружыняючы па месьце; зьбілі мяне, зранілі мяне; зьнялі зь мяне вопратку сьцерагучыя сьцены.
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія: калі вы знойдзеце любовага майго, што скажаце яму? — Што я хворая зь любові.
Чым любовы твой накшы за іншага любовага, найпазарнейшая із жанок? чым любовы твой накшы за іншага любовага, што ты так заклінаеш нас?
Любовы мой бялюсенькі а румены, найгалаўнейшы памеж дзесяцёх тысячаў.
Галава ягоная — чыстае золата; сукры ягоныя хвалююцца, чорныя, як ґруґан;
Вочы ягоныя — як галубы ля цур’ёў водаў, абмытыя малаком, дабрусенька асаджаныя;
Шчокі ягоныя — радкі духмяныя, лехі пахнючых расьлінаў; вусны ягоныя — лілі, капаюць цякучую міру;
Рукі ягоныя — залатыя кругліцы з усаджанымі топазамі; жывот ягоны — бліскучая сланёвая косьць, абкладзеная шафірамі;
Галёнкі ягоныя — мрамарныя стаўпы, пастаноўленыя на подах із найчыстшага золата; выгляд ягоны — як Лібан, выборны, як кедры;
Паднябеньне ягонае — саладзіня; і ўвесь ён — любата. Гэта любовы мой, і гэта прыяцель мой, дачкі ерузалімскія!