1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Аб часах-жа і порах (калі гэта станецца), няма патрэбы вам, браты, пісаць;
 
А пра тэрміны і канец часоў, браты, вы ня маеце патрэбы, каб вам (пра іх) пісаць.

самі бо добра ведаеце, што дзень Госпада гэтак прыйдзе, як злодзей уночы.
 
Бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Госпада прыйдзе так, як злодзей уначы.

Якраз як гаварыць будуць: «супакой і бясьпека», нахлыне тады зьнячэўку загібель, як боль на жанчыну цяжарную неадступны.
 
Бо калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх загуба, гэтак жа як родавыя мукі спасьцігаюць цяжарную, — і ня змогуць унікнуць (ад адказнасьці).

Алеж вы, браты, не астаецеся ў цемры, каб дзень гэны засьцігнуў вас, як злодзей:
 
Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень той спасьціг вас, як злодзей.

усе вы сыны сьвятла і сыны дня, мы ня сыны ночы ані цемры.
 
Усе вы ёсьць сыны сьвятла і сыны дня: мы ня зьяўляемся дзецьмі ночы, ані цемры.

Дык ня будзем-жа драмаць (у граху), як іншые, а — крэзвіцца й цьвяразіцца,
 
Дык, ня будзем спаць, як і астатнія, але будзьма пíльнымі і разумнаразважнымі.

тые бо, што сьпяць, уночы сьпяць, і тые, што ўпіваюцца уночы ўпіваюцца.
 
Бо тыя, хто спяць — уначы спяць, і тыя, хто упіваюцца — уначы ўпіваюцца.

Мы-ж належачые дню, цьвярозымі будзьма, узброіўшыся верай і любасьцю ды шлемам збаўчае надзеі;
 
А мы зьяўляючыся дзяцьмі дня, будзьма разумнаразважнымі, апрануўшыся ў панцыр веры і любові, і шалом надзеі выратаваньня,

бо не празначыў нас Бог на гнеў, а на тое, каб атрымалі мы збаўленне праз Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса,
 
таму што ня прызначыў нас Бог на гнеў, але для атрыманьня збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

што ўмёр за нас, каб мы ці сьпячые, ці крэзвые, жылі зь Ім разам.
 
Які памёр за нас, каб мы ці то сьпім, ці то ня сьпім, але каб мы жылі разам зь Ім.

Таму вось пацяшайце сябе ўзаемна ды навучайце адзін другога, як то й робіце.
 
Таму суцяшайце адзін аднаго і навучайце адзін аднаго, як вы гэтае і робіце.

І просім вас, браты, паважайце тых, што сярод вас працуюць і пастаўлены ў Богу над вамі ды даюць вам напамін;
 
Просім жа вас, браты, паважаць тых, што (духова) працуюць сярод вас, і тых, якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і настаўляюць вас,

шчыра любеце за іхняе дзела; жывеце ў згодзе між сабою.
 
і шанаваць іх вельмі высока з любоўю за працу іхную. Жывіце ў міры між сабою.

Просім вас такжа, браты, уразумляйце ўпорыста-лядакіх, пацяшайце маладушных, падтрымоўвайце слабых, а цярплівымі будзьце для ўсіх.
 
Молім жа вас, браты, настаўляйце бясчынных, падбадзёрвайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівыя да ўсіх.

Глядзеце, каб ніхто нікому не адплачваў злом за зло, а шукайце заўсёды дабра адзін другому, ды й усім.
 
Глядзеце, каб ніхто нікому ня адплачваў злом за зло; але заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.

Заўсёды радуйцеся.
 
Заўсёды радуйцеся.

Нясупынна малецеся.
 
Нясупынна маліцеся.

За ўсё дзякуйце, такая бо воля Божая ў Езусе Хрыстусе аб вас.
 
За ўсё дзякуйце: бо гэткая воля Бога ў Хрысьце Ісусе дзеля вас.

Духа не гасеце.
 
Духа ня згашайце.

Прароцтвамі не пагарджайце.
 
Прароцтвамі ня пагарджайце.

Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся.
 
Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

Устрымоўвайцеся ад усякага роду зла.
 
Высьцерагайцеся ўсякага роду зла.

А сам Бог супакою-згоды хай усьвеньціць вас у ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела хай захаваецца без заганы на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
 
Сам жа Бог Міру хай асьвяціць вас ва ўсёй поўніцы, і цалкам ваш дух і душа, і цела хай будуць захаванымі бяззаганнымі ў прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Верны Той, Хто вас паклікаў, Ён і зьдзейсьніць (гэта).
 
Верны Той, Хто прыклікае вас, Ён і зробіць гэта.

Браты, за нас малецеся!
 
Браты! Маліцеся за нас.

Прывітайце ўсю братву сьвятым цалункам.
 
Вітайце ўсіх братоў сьвятым пацалункам.

Заклінаю вас Госпадам — прачытаць гэты Ліст усім братом сьвятым. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з вамі. Амэн.
 
Запрысягаю вас Госпадам прачытаць гэтае Пасланьне ўсім сьвятым братом.