Лукаша 24 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Апосталъ)
А ў першы дзень тыдня на самым досвітку пайшлі яны і некаторыя з імі да магілы, несучы тыя духмянасці, што прыгатавалі.
І ўбачылі, што камень адвалены ад магілы,
і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.
І сталася, калі былі збянтэжаны гэтым, вось, паўсталі перад імі двое мужоў у бліскучых шатах.
І, калі яны спалохаліся і схілілі твары свае да зямлі, сказалі ім: «Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых?
Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі,
кажучы: “Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшных людзей, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць”».
І яны прыпомнілі гэтыя словы Яго
і, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі гэта ўсё адзінаццаці ды ўсім іншым.
Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёана, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі, якія расказалі пра гэта Апосталам.
І словы іх здаліся ім недарэчнасцю, і не паверылі ім.
Пётра ж, падняўшыся, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі адну плашчаніцу, што ляжала; і адышоў да сваіх, здзіўлены тым, што сталася.
І вось, у той самы дзень двое з іх ішлі ў вёску, што ў шасцідзясяці стадыях ад Ерузаліма, з назваю Эмаус,
і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося.
І сталася, калі яны гутарылі і адзін аднаго пыталіся, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі;
а вочы іх былі зацемнены, так што не пазналі Яго.
І гаворыць ім: «Што гэта за размова, якую ведзяце між сабою, ідучы? І чаму вы сумныя?»
І, адказваючы, адзін з іх, імя якому Кляопа, сказаў Яму: «Ці ж ты адзін з падарожнікаў у Ерузалім і не ведаеш, што ў ім гэтымі днямі адбылося?»
Ён жа сказаў ім: «Што?» І яны сказалі Яму: «Наконт Ісуса з Назарэта, Які быў Прарокам, магутным у справе і ў слове перад Богам і перад усім народам,
і як выдалі Яго першасвятары і кіраўнікі нашы на пакаранне смерцю і ўкрыжавалі Яго.
А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля; і цяпер па ўсім гэтым ужо сёння трэці дзень, як гэта сталася.
Але і жанчыны некаторыя з нашых, што былі пры магіле на світанні, збянтэжылі нас,
і, не знайшоўшы цела Яго, прыйшлі, кажучы, што нават бачылі з’явенне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.
Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і тое самае знайшлі, як расказалі жанчыны, але Яго Самога не бачылі».
І Ён сказаў ім: «О неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што казалі прарокі.
Ці не гэта трэба было, каб Хрыстос цярпеў і ўвайшоў у славу Сваю?»
І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях, што было пра Яго.
І так падышлі да селішча, да якога ішлі, і Ён зрабіў выгляд, быццам хацеў ісці далей.
Але яны стрымалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе і дзень сышоў». І ўвайшоў Ён у дом каб застацца з імі.
І сталася, калі ўзлёг з імі за сталом, узяў хлеб, і дабраславіў, і ламаў, і падаваў ім.
І адкрыліся вочы іх, і пазналі Яго; але Ён стаў нябачны для іх.
І сказалі яны адзін аднаму: «Ці ж сэрцы нашы не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісанне?»
І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі там адзінаццаць, што сабраліся разам, ды тых, што з імі былі,
кажучых: «Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сімону».
А яны пачалі расказваць, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламанні хлеба.
А калі яны гэта расказвалі, Ён Сам стаў пасярод іх і кажа ім: «Супакой вам».
А яны, устрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць.
І сказаў Ён ім: «Чаго вы ўстрывожыліся ды чаму ўсякія думкі ўзнікаюць у вашых сэрцах?
Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я Сам! Дакраніцеся да Мяне і глядзіце, бо дух не мае цела, ані касцей, што, як бачыце, Я маю».
І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і ногі.
А калі яны яшчэ не верылі з радасці і дзівіліся, сказаў ім: «Ці маеце што есці?»
І яны падалі Яму частку сухой рыбы і пчаліных сотаў з мёдам.
І, узяўшы, еў у прысутнасці іх.
І сказаў ім: «Ці ж не такія былі словы, якія Я гаварыў вам, калі быў яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў законе Майсея, і ў прарокаў, і ў псальмах».
Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісанні.
Ды сказаў ім: «Так было напісана і так належала Хрысту цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
і каб у імя Яго прапаведавалася пакаянне дзеля даравання грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузаліма.
І вось, Я спашлю на вас абяцанае ад Айца Майго; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерузаліме, аж будзеце абдараваны моцай з вышыні».
Затым вывеў іх вонкі ў Бэтанію і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
І сталася, калі дабраславіў іх, аддзяліўся ад іх і падняўся ў неба.
І яны пакланіліся Яму, і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалім,
і былі заўсёды ў святыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.