1 да Цімафея 2 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык прашу найперш, каб узносілі просьбы, малітвы, умольванні і падзякі за ўсіх людзей,
 
Дык наўперд дамяняю чыніць просьбы, малітвы, прычыны, падзякі за ўсіх людзёў,

за цароў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весці жыццё ціхае і спакойнае з усёю пабожнасцю і прыстойнасцю.
 
За каралёў і за ўсіх, што займаюць высокія становішчы, каб мы ціхое а супакойнае жыцьцё вялі ў кажнай набожнасьці і ўрочыстасьці;

Бо гэта добра і міла Збаўцу нашаму Богу,
 
Бо гэта добра а прыемна Спасу нашаму Богу,

Які хоча збавіць усіх людзей і давесці іх да пазнання праўды.
 
Каторы зыча, каб усі людзі спасьліся й дасяглі пазнаньня праўды.

Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі — чалавек Хрыстос Ісус,
 
Бо адзін Бог, і пасярэднік памеж Бога й людзёў адзін, чалавек Ісус Хрыстос,

Які Самога Сябе выдаў дзеля адкуплення за ўсіх, як сведчанне ў свой час,
 
Каторы даў Сябе на адкупленьне за ўсіх, праз што сьветчана ўпару,

на які і я прызначаны прапаведнікам, і Апосталам, і, праўду кажу у Хрысце, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.
 
Да чога я быў прызначаны за агалашэньніка а апостала (я кажу праўду, не маню) а вучыцеля народаў у веры а праўдзе.

Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі без гневу і спрэчак.
 
Дык я хачу, каб мужы на кажным месцу маліліся, узьнімаючы пасьвячаныя рукі бяз гневу й сумлеву.

Падобна і жанчыны ў прыстойным адзенні, упрыгожаныя са сціпласцю і цнатлівасцю не пляценнем валасоў ці золатам або перламі ці каштоўнымі строямі,
 
Падобна, каб жанкі, у прыходнай адзежы, сьціпла й разумна, прыбіраліся не пляценьням а золатам або пэрламі, або дарагімі ўборамі,

але як належыць жанчынам, лепш выяўляючы пабожнасць праз добрыя справы.
 
Але добрымі ўчынкамі, што ўходзе жанкам, боязьнь Божую вызнаючым.

Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці, з поўнай пакорлівасцю.
 
Няхай жонка вучыцца моўчыкам з усім паданьням;

Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасці.
 
Але я не дазваляю, каб жонка вучыла й мела ўладу над мужам, але хай застаецца ў маўчаньню.

Бо Адам быў першым створаны, а потым Ева.
 
Бо Адам быў ухормаваны першы, а потым Ева;

І не Адам даўся звесціся, а жанчына была зведзена і ўпала ў злачынства.
 
І не Адам быў ашуканы, але жонка, будучы ашуканай, стала выступніцаю;

Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і святасці са сціпласцю.
 
Яна, адылі, будзе ўратавана раджэньням дзяцей, калі будзе трываць у веры а ў міласьці а ў сьвятасьці з розумам.