1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Аб духоўных справах, браты, не хачу пакінуць вас у няведанні.
Адносна ж духоўных [дароў], браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных.
Вы ведаеце, што, калі былі вы паганамі, да ідалаў безгалосых скіроўваліся, быццам вялі вас.
Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.
Дзеля гэтага паведамляю вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
Розныя ёсць дары, але той самы Дух.
Ёсьць адрозьненьні ў дарах, але Дух той самы;
Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан.
і ёсьць адрозьненьні ў служэньнях, але Госпад той самы;
Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх.
і ёсьць адрозьненьні ў дзеяньнях, але Бог той самы, Які ўсё ў-ва ўсіх робіць.
Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.
А кожнаму даецца выяўленьне Духа дзеля карысьці.
Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова пазнання паводле таго самага Духа;
Бо аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, а другому — слова веданьня праз таго самага Духа;
іншаму — вера ў тым самым Духу; іншаму — дар аздараўлення ў тым жа Духу;
а іншаму — вера ў тым самым Духу; а іншаму — дары аздараўленьня ў тым самым Духу;
іншаму — моц чыніць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моваў.
іншаму — рабіць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаваньне духаў, іншаму — разнастайныя мовы, а іншаму — тлумачэньне моваў.
А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.
А ўсё гэтае робіць адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Ён хоча.
Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.
Бо як цела адно, але мае шмат членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і шмат, ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос.
Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.
Бо мы ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці Юдэі, ці Грэкі, ці слугі, ці вольныя, і ўсе напоены адным Духам.
Цела — гэта не адзін член, але шмат.
Бо і цела — гэта не адзін член, але шмат.
Калі скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то ці ж яна не належыць да цела?
Калі скажа нага: «Як я не рука, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яна не ад цела?
І калі скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела?
І калі скажа вуха: «Як я ня вока, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яно не ад цела?
Калі ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калі ўсё слых, то дзе нюх?
Калі ўсё цела — вока, дзе слых? Калі ўсё — слых, дзе нюх?
Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў.
Але цяпер Бог разьмясьціў члены, кожны з іх асобна, у целе, як Сам хацеў.
А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?
А калі б усе былі адзін член, дзе цела?
Цяпер жа членаў шмат, але цела адно.
Але цяпер членаў шмат, а цела адно.
Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!»
Ня можа вока сказаць руцэ: «Я ня маю ў табе патрэбы», або таксама галава нагам: «Я ня маю ў вас патрэбы».
Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя.
Але члены цела, якія лічацца слабейшымі, нашмат больш патрэбныя.
І тыя, якія лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным мы надаём больш прыстойнасці,
І тыя, якія нам падаюцца менш пачэснымі ў целе, атачаем асаблівай пашанай, і нашыя непрыстойныя [члены] маюць асаблівую павагу.
бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану,
А нашыя паважаныя [члены] ня маюць [такой] патрэбы. Але Бог спалучыў цела, даўшы тым, якія маюць недахопы, асаблівую пашану,
каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным.
каб не было падзелу ў целе, але члены адзін пра аднаго клапаціліся.
Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены.
І калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — члены.
Вы ж — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.
Адных Бог паставіў у Касцёле найперш апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы.
І адных Бог паставіў у царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; пасьля — [тых, хто мае] сілы, пасьля — дары аздараўленьня, дапамаганьня, гаспадараваньня, разнастайныя мовы.
Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?
Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
Ці ўсе маюць дары аздараўленьня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.
Рупцеся пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.