Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І ста́лася ў адзін з тых дзён: калі Ён вучыў народ у храме і дабраве́сціў, прыйшлі першасвятары́ і кніжнікі са старэйшынамі
 
І сталася ў адзін з дзён, калі Ён навучаў народ у святыні ды нёс добрую вестку, сабраліся першасвятары і кніжнікі разам са старэйшынамі

і сказалі Яму, гаво́рачы: скажы нам, якою ўла́даю Ты гэта робіш альбо хто даў Табе ўла́ду гэтую?
 
і гавораць, кажучы Яму: «Скажы нам: якой уладай Ты гэта робіш, або Хто Табе даў такую ўладу?»

І, адка́зваючы, Ён сказаў ім: спыта́ю ў вас і Я адну рэч, і скажы́це Мне:
 
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «І Я ў вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:

хрышчэ́нне Іаанава з неба было́ ці ад людзей?
 
хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?»

Яны ж разважа́лі паміж сабою, гаворачы: калі скажам: «з неба», то скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
 
А яны разважалі, кажучы між сабой: «Калі скажам: “З неба”, скажа нам: “Дык чаму ж вы тады не паверылі?”

А калі ж скажам: «ад людзей», то ўвесь народ каме́ннем паб’е нас, бо ён перакана́ны, што Іаан — гэта прарок.
 
А калі скажам: “Ад людзей”, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян — гэта прарок».

І адказалі, што не ведаюць, адкуль.
 
І адказалі, што не ведаюць адкуль.

Іісус жа сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.
 
І Ісус гаворыць ім: «Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».

І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую: адзін чалавек пасадзíў вінаград і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся на доўгі час;
 
Затым пачаў распавядаць Ісус людзям для параўнання: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і наняў у яго вінаградараў, а сам аддаліўся на доўгі час.

і ў пэўную пару́ паслаў да вінагра́дараў раба́, каб далí яму пладо́ў з вінагра́дніка; але вінагра́дары, набíўшы яго, адасла́лі ні з чым.
 
І ў свой час паслаў да вінаградараў паслугача, каб аддалі яму частку пладоў вінаградніку; але вінаградары, збіўшы яго, адпусцілі ні з чым.

І паслаў яшчэ другога раба́; але яны і таго, набíўшы і знява́жыўшы, адасла́лі ні з чым.
 
Дык зноў паслаў другога паслугача; але і яго, збіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.

І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго, пара́ніўшы, прагна́лі.
 
Нарэшце паслаў трэцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.

Тады сказаў гаспадар вінагра́дніка: што́ мне рабіць? пашлю́ сы́на майго ўзлю́бленага, можа, яго ўбачыўшы, яны пасаро́меюцца.
 
Дык сказаў гаспадар вінаградніку: “Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага; можа, яго ўбачыўшы, ушануюць”.

Але, убачыўшы яго, вінагра́дары разважа́лі між сабою, ка́жучы: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.
 
Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: “Ён спадкаемец. Заб’ем яго, каб нашай стала спадчына!”

І, вы́веўшы яго вон з вінагра́дніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінагра́дніка?
 
І, выгнаўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць ім гаспадар вінаградніку?

Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў гэтых, і адда́сць вінагра́днік іншым. Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!
 
Прыйдзе і заб’е гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым». Тыя, што чулі гэта, сказалі: «О, каб гэтак не было!»

Ён жа, паглядзе́ўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напíсанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́»?
 
Ён жа, гледзячы на іх, гаворыць ім: «Што значыць тады тое, што напісана: “Камень, што адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла”?

Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’е́цца, а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.
 
Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго сатрэ».

І наме́рыліся першасвятары́ і кніжнікі накла́сці на Яго ру́кі ў тую ж гадзíну, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
 
І шукалі кніжнікі і першасвятары, як накласці на Яго рукі ў тую гадзіну, але баяліся народа; бо зразумелі, што гэтую прыпавесць гаварыў пра іх.

І, пасачы́ўшы за Ім, падасла́лі выве́днікаў, якія, прыня́ўшы вы́гляд праведных, злавíлі б Яго на слове, каб вы́даць Яго начальству і ўла́дзе правíцеля.
 
І, каб сачыць за Ім, падаслалі яны шпіёнаў, якія выдавалі сябе за справядлівых, каб падлавіць Яго на словах і такім чынам выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.

І яны спыталі ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш, і не глядзíш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;
 
І спыталіся Яго, кажучы: «Настаўнік, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не аглядаешся на асобы людзей, але шляху Божаму праўдзіва навучаеш.

дазволена нам даваць пада́так ке́сару ці не?
 
Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?»

Ён жа, зразуме́ўшы кава́рства іх, сказаў ім: што́ вы Мяне спакуша́еце?
 
Ісус, пранікаючы іх подступ, сказаў ім:

пакажы́це Мне дына́рый: чыю выя́ву і на́дпіс ён ма́е? Яны сказалі ў адказ: ке́сара.
 
«Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява, і чый надпіс?»

Ён сказаў ім: вось і аддава́йце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
 
Сказалі Яму: «Цэзара». І гаворыць ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».

І не змаглí яны злавíць Яго на слове перад народам, і, здзівíўшыся адказу Яго, замоўклі.
 
І не маглі падлавіць Яго на слове ў прысутнасці людзей, і, здзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.

Тады падышлí да Яго некато́рыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго,
 
Падышлі таксама некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,

ка́жучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзе́тным, то няхай брат яго во́зьме жонку і адро́дзіць се́мя брату свайму»;
 
кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр і быў бы ён без сыноў, хайбрат яго возьме жонку яго і хайадродзіць нашчадка брату свайму.

было сем братоў; і першы, узя́ўшы жонку, памёр бяздзе́тны;
 
Дык было сем братоў: і першы ўзяў жонку і памёр без сыноў,

і ўзяў другі тую жонку, і ён памёр бяздзе́тны;
 
і наступны,

і трэці ўзяў яе, і так усе сямёра; і не пакінулі дзяцей, і паме́рлі,
 
і трэці ўзяў яе; і падобным чынам ўсе сямёра памерлі, не пакінуўшы сыноў.

пасля ж усіх паме́рла і жонка;
 
Па ўсіх памерла і жанчына.

дык вось, ва ўваскрасе́нні катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
 
Дык пры ўваскрэсенні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёра мелі яе за жонку.»

І сказаў ім Іісус у адказ: сыны́ веку гэтага жэ́няцца і выходзяць замуж,
 
І гаворыць ім Ісус: «Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць;

а спадо́бленыя дасягну́ць таго веку і ўваскрасе́ння з мёртвых не жэ́няцца і замуж не выходзяць;
 
тыя ж, што прызнаны дастойнымі ўваскрэсення з мёртвых, замуж не выходзяць ды не жэняцца.

і паме́рці ўжо не могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны́ Божыя яны, бу́дучы сына́мі ўваскрасе́ння.
 
Яны ўжо памерці не могуць: бо яны роўныя анёлам і ёсць сыны Божыя, калі стануць сынамі ўваскрэсення.

А што мёртвыя ўваскрэ́снуць, і Маісей паказаў у апо́ведзе пра купіну́, называючы Госпада Богам Аўраа́ма і Богам Ісаа́ка, і Богам Іакава.
 
А што мёртвыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста ажыны, калі кажа: “Госпад Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”.

Ён жа Бог не мёртвых, а жывы́х, бо ў Яго ўсе жывы́я.
 
Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць».

У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
 
А некаторыя з кніжнікаў, адказваючы, казалі: «Настаўнік, добра Ты сказаў».

І ўжо больш не асме́льваліся пыта́цца ў Яго ні пра што. Ён жа сказаў ім:
 
І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.

я́к гэта гаво́раць, што Хрыстос — сын Давідаў?
 
Затым Ён сказаў ім: «Як жа кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда,

А сам Давід гаво́рыць у кнізе псалмоў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі правару́ч Мяне,
 
калі сам Давід у Кнізе псальмаў кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне,

пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх».
 
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.

Дык вось, Давід Госпадам Яго называе, і як жа Ён сын яму?
 
Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён — Сын яго?»

І калі слу́хаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
 
А калі Яго ўвесь народ слухаў, сказаў вучням Сваім:

сцеражы́цеся кніжнікаў, якім падаба́ецца хадзіць у доўгіх убо́рах і якія лю́бяць віта́нні на плошчах і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах, і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах,
 
«Высцерагайцеся кніжнікаў, што жадаюць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагозе, і першыя месцы на банкетах,

і якія праяда́юць дамы́ ўдоў і напаказ доўга моляцца; яны пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшае пакаранне».