Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І сказаў вучням: нямагчыма ня прыйсьці спакусам, але гора таму, праз каго (яны) прыходзяць.
І сказаў Ён сваім вучням: «Немажліва, каб не прыйшлі спакусы, але бяда таму, праз каго яны прыходзяць.
Лепш было б яму, калі б млыновы жоран павесілі яму на шыю і ўкінулі ў мора, чым каб (ён) спакусіў аднаго з малых гэтых.
Лепш было б яму, калі б млынавы жарон павесілі яму на шыю і укінулі яго ў мора, чым каб ён спакусіў аднаго з гэтых малых.
Назірайце за сабой. Калі саграшыць супраць цябе брат твой, дакары яго, і калі пакаецца, даруй яму;
Зважайце на сябе! Калі саграшыць твой брат, выгавары яму; і, калі пакаецца, даруй яму.
і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе і сем разоў зьвернецца да цябе, кажучы: каюся — даруй яму.
І калі сем разоў у дзень саграшыць супроць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: «Каюся», — даруй яму».
І сказалі Апосталы Госпаду: дадай нам веры.
І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры!»
Госпад жа сказаў: калі б (вы) мелі веру з гарчычнае зерне, сказалі бы гэтай шаўкоўніцы: будзь выкарчавана з корнем і будзь пасаджана ў мора, і (яна) паслухалася б вас.
А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, то сказалі б вы [гэтай] шаўкавіцы: «Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора» і яна паслухалася б вас.
Хто ж сярод вас, маючы раба, што арэ ці пасе, каторы вярнуўшамуся з поля скажа: адразу, падыйшоўшы, узьляж ля стала?
Хто з вас, маючы раба, што арэ ці пасе, пасля вяртання яго з поля скажа яму: «Зараз жа ідзі і узляж [за сталом]»?
Але ці ня скажа яму: прыгатуй (мне) што-небудзь павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль пад’ем і вып’ю, а пасьля гэтага будзеш есьці і піць ты?
Але ці не скажа яму: «Падрыхтуй мне што павячэраць і, падперазаўшыся, паслужы мне пакуль ем і п’ю, а пасля гэтага будзеш ты есці і піць?»
Ці мае (ён) падзяку слузе гэтаму, што ён выканаў зага́данае яму? Ня думаю.
Ці ён дзякуе рабу за тое, што зрабіў загаданае яму?
Так і вы, калі выпаўніце ўсё, зага́данае вам, кажыце: мы нічога ня вартыя рабы, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
Гэтак і вы, калі зробіце ўсё, што вам загадалі, кажыце: «Мы ні на што не здатныя рабы; зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
І сталася, як Ён ішоў да Ярузаліму, Ён праходзіў паміж Самарай і Галілеяй.
І было: па дарозе ў Ерусалім, ішоў Ён уздоўж граніцы Самары і Галілеі.
І калі Ён уваходзіў у адно сяло, Яго сустрэлі дзесяць пракажоных мужчын, якія спыніліся воддаль;
І калі ўваходзіў Ён у адно сяло, перастрэлі Яго дзесяць пракажоных, што сталі здалёку.
і яны закрычалі, кажучы: Ісус Настаўнік! памілуй нас.
І, узняўшы голас, яны казалі: «Ісусе, Заступніку, злітуйся над намі!»
І, убачыўшы, (іх Ён) сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся сьвятарам. І сталася: калі яны ішлі, ачысьціліся.
І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Пайдзіце і пакажыцеся святарам». І было: пакуль яны ішлі, ачысціліся.
Адзін жа зь іх, убачыўшы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
Адзін жа з іх, убачыўшы, што вылечаны, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога.
і ўпаў ніцма да Ног Ягоных, дзякуючы Яму, і ён быў самарац.
І ўпаў ніцма да Яго ног, дзякуючы Яму; а быў ён самаранін.
І, загаварыўшы, Ісус сказаў: ці ня дзесяць былі ачышчаны? Дзе ж дзевяць?
У адказ жа Ісус сказаў: «Ці не дзесяць ачысціліся? дзе ж дзевяць?
Чаму ў іх ня знайшлося сумленьня, вярнуўшыся, аддаць славу Богу, акрамя гэтага чужаземца?
Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, толькі гэты чужынеціц?»
А яму сказаў: устань (і) ідзі; вера твая ўратавала цябе.
І сказаў яму: «Устань і ідзі; твая вера ўратавала цябе».
А будучы запытаны хварысэямі, калі прыйдзе Гаспадарства Бога, Ён адказаў ім і сказаў: ня прыхо́дзе Гаспадарства Бога відавочна;
Спытаны ж фарысеямі, калі прыйдзе Божае Царства, Ён у адказ ім сказаў «Божае Царства не прыходзіць прыкметна,
і ня скажуць: вось тут (яно), ці вось там (яно). Бо вось Гаспадарства Бога паміж вас ёсьць.
і не скажуць: «Вось тут» або: «Там», бо вось Божае Царства усярэдзіне вас».
А вучням сказаў: прыйдуць дні, калі пажадаеце ўбачыць адзін з дзён Сына Чалавечага і ня ўбачыце.
І сказаў Ён вучням: «Прыйдуць дні калі захочаце ўбачыць адзін з дзён Чалавечага Сына і не ўбачыце.
І скажуць вам: «вось тут», ці «вось там», ня хадзіце і ня бяжыце ўсьлед.
І скажуць вам: «Вось там [ці] вось тут», — не хадзіце і не ганяйцеся.
Бо як бліскавіца, блíскаючы ад аднаго краю неба да другога краю неба, асьвятляе, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Бо як бліскавіца, бліскаючы, свеціць ад аднаго края неба да другога, так будзе Чалавечы Сын [у Свой дзень].
Але перш Яму належыць шмат адпакутаваць і быць адрынутым родам гэтым.
Але спярша належыць Яму шмат перацярпець і быць адкінутым гэтым родам.
І як сталася ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
І як было у Ноевы дні, так будзе і ў дні Чалавечага Сына:
елі, пілí, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, як Ной увайшоў у карабель, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
елі, пілі жаніліся, выходзілі замуж аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг і прыйшоў патоп і загубіў усіх.
Таксама як сталася ў дні Лота: елі, пілí, куплялі, прадавалі, садзíлі, будава́лі;
Гэтак жа, як было ў Лотавы дні елі, пілі, куплялі прадавалі, саджалі, будавалі,
але (ў) той дзень, калі Лот выйшаў із (местаў) Садомскіх, лінуў дажджом зь неба агонь і серка і зьнішчыў усіх.
а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садома, лінулі дажджом агонь і серка з неба і загубілі ўсіх.
Такім будзе той дзень, калі будзе яўлены Сын Чалавечы.
Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Чалавечы Сын.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто (будзе) ў полі таксама няхай ня вяртаецца назад.
Памятайце жонку Лота.
Помніце пра Лотаву жонку.
Дык хто імкнецца жыцьцё сваё захаваць, загубіць яго, а калі хто яго загубіць, (той) захавае яго.
Хто будзе старацца захаваць сваю душу, той загубіць яе, і хто загубіць, той захавае яе ў жывых.
Кажу вам: у тую ноч будзе двое на адной пасьцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
Кажу вам: у гэтую ноч будуць два на адной пасцелі: адзін будзе узяты, а другі пакінуты.
будуць дзьве малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута;
Дзве будуць разам маліцца: адна будзе ўзята, а другая пакінута .
двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
[Два на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.]
І, адказаўшы, пытаюцца ў Яго: «дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы».
І ў адказ яны яму кажуць: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там і арлы збяруцца».