2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
 
Ведаем, што калі дачасны (зямны) наш дом, хаціна, знішчэе, то маем у Бога дом не рукамі зроблены, але вечны ў небе.

Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча;
 
Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы перабрацца ў наш нябесны храм,

толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі.
 
калі толькі будзем адзетыя, а не без адзетку (не надзетыя).

Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.
 
Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя ўздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца ў новае адзеньне, каб тое, што сьмяротнае ахоплена было жыцьцём,

На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
 
на гэта Бог нас і стварыў, каб даць нам задатак Духа.

Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада»
 
Дзеля таго мы заўсёды ў добрым настраеньні, хоць ведаем, што пакуль жывём ў целе, мы падарожнікамі, далёкімі ад Госпада.

бо ходзім вераю, а ня бачаньнем,
 
Тут бо жывём вераю, а не агляданьнем (у хвале Бога).

дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе,
 
Мы аднак жывём надзеяй ды маем добрую волю — лепш пакінуць цела і стануць у прысутнасьці Госпада (Бога).

і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму;
 
Таму стараемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое.
 
Усе бо мы мусім стануць перад трыбуналам Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму заплату — за добрыя, ці ліхія ўчынкі (пакуль жыў), дапушчаны ў целе.

І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням.
 
Пранятыя боязьзю Госпада — наварачаем (пераконваем) людзей. Перад Богам усё ў нас адкрыта. Спадзяюся, што і для сумленьняў вашых — мы адкрытыя.

Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
 
Кажам вам гэта, не каб зноў вам сябе зарэкамандаваць, пахваліцца, але каб даць вам магчымасьць пахваліцца намі, каб маглі вы што сказаць людзям, што хваляцца навонкавасьцю, а не дабратой сэрца.

Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас.
 
Калі мы адлічаемся (ад другіх) розумам — для Бога, калі скромнічым — дзеля вас.

Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
 
Бо любоў (да) Хрыста прынукае нас, разсуджаючых гэта так, калі Хрыстус памёр за ўсіх, дык мы ўсе паўміралі.

А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
 
А за ўсіх памёр (Хрыстус) Ён таму, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.

Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.
 
Таму і мы ад гэтага часу (адсюль) ня знаем нікога адносна цела, калі мы і Хрыстуса пазналі адносна цела (як чалавека), дык ужо адцяпер ня знаем.

Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.
 
Бо хто ў Хрысце — новае тварэньне; старадаўняе — мінула, а цяпер усё новае.

А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
 
Усё жа ад Бога. Ён пагадзіў нас з сабою праз Хрыста, і перадаў нам паслугу (паслугаваньне) гадненьня (паяднаньня, гаджэньня),

таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.
 
бо вось Богу Хрыстусе пагадзіў сьвет з Сабою, не ўлічаючы іхніх злачанстваў, ды паручыў нам слова гаджэньня (яднаньня).

Вось мы — пасланцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!
 
Дык мы замест Хрыста спаўняем місію ад Бога, напамінаюча вас: ад Хрыста ўмаляем: Пагадзіцеся з Богам!

Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.
 
Бо Ён Таго, Хто ня меў граха, учыніў ахвяраю за грэх (грэхам), каб мы ў Ім сталіся справядлівасьцю Божай (справядлівымі перад Богам).