2 царстваў 17 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў Ахітафэл Авэсалому: выберу я дванаццаць тысяч чалавек і ўстану і пайду ў пагоню за Давідам гэтай жа ночы;
 
І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Я выберу сабе дванаццаць тысяч ваяроў, і, устаўшы, у гэтую ноч пайду на Давіда,

і нападу на яго, калі ён будзе стомлены і з апушчанымі рукамі, і прывяду яго ў страх; і ўсе людзі, якія зь ім, разьбягуцца; і я заб’ю аднаго цара
 
і нападу на яго, бо ён змучаны і са знясіленымі рукамі, я напалохаю яго. І, калі ўцячэ ўвесь народ, які з ім, я заб’ю пакінутага цара,

і ўсіх людзей павярну да цябе; і калі ня будзе аднаго, душу якога ты шукаеш, тады ўвесь народ будзе ў міры.
 
і прывяду ўвесь народ да цябе, як вяртаецца нявеста да жаніха свайго; ты ж цікуеш на жыццё толькі аднаго чалавека, і ўвесь народ будзе жыць у супакоі».

І спадабалася гэтае слова Авэсалому і ўсім старэйшынам Ізраілевым.
 
І спадабалася гэта парада Абсалому і ўсім старэйшынам Ізраэля.

І сказаў Авэсалом: паклічце Хусія Архіцяніна; паслухаем, што ён скажа.
 
А Абсалом сказаў: «Паклічце і Хусая арахейца і паслухаем, што ён яшчэ скажа».

І прыйшоў Хусій да Авэсалома. І сказаў яму Авэсалом, кажучы: вось, што кажа Ахітафэл; ці зрабіць паводле ягоных слоў? а калі не, дык кажы ты.
 
І калі прыйшоў Хусай да Абсалома, Абсалом спытаўся ў яго: «Вось такую параду даў Ахітатэл; ці маем споўніць параду яго, ці не? Ты скажы!»

І сказаў Хусій Авэсалому: ня добрая гэтым разам парада, якую даў Ахітафэл.
 
І сказаў Хусай Абсалому: «Нядобрая парада, якую даў табе ў гэты раз Ахітатэл».

І сказаў далей Хусій: ты ведаеш твайго бацьку і людзей ягоных; яны адважныя і моцна раздражнёныя, як мядзьведзіха ў полі, у якой адабралі дзяцей, і бацька твой — чалавек ваяўнічы; ён ня спыніцца начаваць з народам.
 
І працягваў Хусай: «Ты ведаеш, што бацька твой і ваяры, якія з ім, — людзі наймужнейшыя і з жорсткаю душою, як дзікая мядзведзіца, пазбаўленая дзяцей сваіх у лесе; але бацька твой — ваяр спраўны, і ён не спіць са сваімі людзьмі:

Вось, цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры, альбо ў іншым месцы, і калі хто загіне пры першым нападзе на іх, і пачуюць і скажуць: «была параза людзей, якія пасьледавалі за Авэсаломам»,
 
вось і цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры або ў якім іншым месцы. І, калі хто загіне пры першым нападзе на іх, напэўна, пачуюць і скажуць: “Стаўся вялікі ўдар народу, які стаіць за Абсалома”.

тады і самы адважны, у якога сэрца, як сэрца львінае, упадзе духам; бо ўсяму Ізраілю вядома, які адважны бацька твой і мужныя тыя, якія зь ім.
 
І спалохаецца таксама наймужнейшы, які мае сэрца льва: бо ўвесь Ізраэль ведае, які мужны бацька твой і якія мужныя ўсе, хто з ім.

Таму я раю: хай зьбярэцца да цябе ўвесь Ізраіль, ад Дана да Вірсавіі, у мностве, як пясок каля мора, і ты сам пойдзеш сярод яго;
 
Але мне здаецца, што такая парада слушная: хай збярэцца да цябе ўвесь Ізраэль ад Дана да Бээр-Сэбы, шматлікі, як марскі пясок, і ты сам пойдзеш у бой;

і тады мы пойдзем супроць яго, у якім бы месцы ён ні быў, і нападзем на яго, як ападае раса на зямлю; і не застанецца ў яго ніводнага чалавека з усіх, якія зь ім;
 
і мы прыйдзем да яго, дзе б ён ні знаходзіўся, і нападзём на яго, як звычайна раса падае на зямлю, і не пакінем нікога з усіх людзей, якія пры ім.

а калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, дык увесь Ізраіль прынясе да таго горада вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў раку, так што не застанецца ніводнага каменьчыка.
 
Бо калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, тады ўсе ізраэльцы прынясуць пад той горад вяроўкі, і мы сцягнем яго ў раку, так што не застанецца ад яго ані каменя».

І сказаў Авэсалом і ўвесь Ізраіль: парада Хусія Архіцяніна лепшая за параду Ахітафэлаву. Так Гасподзь судзіў разбурыць найлепшую параду Ахітафэла, каб навесьці Госпаду бяду на Авэсалома.
 
І Абсалом і ўсе ізраэльцы сказалі: «Лепшая парада Хусая арахейца, чым парада Ахітатэла». Бо Госпад вырашыў адхіліць лепшую параду Ахітатэла, каб навёў Госпад на Абсалома няшчасце.

І сказаў Хусій Садоку і Авіятару сьвятарам: так і так раіў Ахітафэл Авэсалому і старэйшынам Ізраілевым, а так і так параіў я.
 
І сказаў Хусай святарам Садоку і Абіятару: «Такую вось параду даў Ахітатэл Абсалому і старэйшынам Ізраэля, і я гэткую вось даў параду;

І цяпер пашлеце хутчэй і скажэце Давіду так: не заставайся гэтай ночы на раўніне ў пустыні, а хутчэй перайдзі, каб не загінуць цару і ўсім людзям, якія зь ім.
 
дык цяпер пашліце хутка і паведаміце Давіду, кажучы: “Не заставайся ў гэтую ноч на раўніне ў пустыні, але не марудзь і ідзі далей, каб не загінуў цар і ўсе людзі, якія пры ім”».

Ёнатан і Ахімаас стаялі каля крыніцы Рагэль. І пайшла служанка і расказала ім, а яны пайшлі і паведамілі цару Давіду; бо яны не маглі паказацца ў горадзе.
 
А Ёнатан і Ахімаас стаялі ў Эн-Рагелі; прыйшла паслугачка і пераказала ім весткі, і яны пайшлі, каб пераказаць вестку цару Давіду; і не маглі яны заходзіць у горад, каб не ўбачылі іх.

І ўбачыў іх хлопчык і данёс Авэсалому; але яны абодва хутка сышлі і прыйшлі ў Бахурым, у дом аднаго чалавека, у якога на дварэ быў калодзеж, і спусьціліся туды.
 
Але ўбачыў іх нейкі юнак і паведаміў Абсалому; а яны хутка пайшлі далей і прыбылі ў дом нейкага чалавека ў Бахурыме, які меў студню на сваім панадворку, і яны спусціліся ў яе.

А жанчына ўзяла і расьцягнула над вусьцем калодзежа покрыва і насыпала на яго круп, так што не было нічога прыкметна.
 
А жанчына ўзяла і расцягнула посцілку над адтулінай студні, і насыпала зерня на яе, і так схавала іх.

І прыйшлі рабы Авэсалома да жанчыны ў дом і сказалі: дзе Ахімаас і Ёнатан? І сказала ім жанчына: яны перайшлі раку бродам. І шукалі яны, і не знайшлі, і вярнуліся ў Ерусалім.
 
І, калі прыбылі паслугачы Абсалома ў дом да жанчыны, яны спыталіся ў яе: «Дзе Ахімаас і Ёнатан?» І адказала ім жанчына: «Пайшлі адсюль да вады». І тыя, якія шукалі іх, калі не знайшлі, вярнуліся ў Ерузалім.

Калі яны сышлі, тыя выйшлі з калодзежа, пайшлі і паведамілі цару Давіду і сказалі Давіду: устаньце і хутчэй перайдзеце ваду; бо так і так раіў пра вас Ахітафэл.
 
І, калі яны адышлі, выйшлі яны са студні, і, прыбыўшы да цара Давіда, паведамілі і сказалі: «Устаньце і хутка перапраўцеся праз раку, бо такую параду дае Ахітатэл супраць вас».

І ўстаў Давід і ўсе людзі, якія былі зь ім, і перайшлі Ярдан; да сьвітаньня не засталося ніводнага, хто не перайшоў бы Ярдана.
 
І ўстаў Давід і ўвесь яго народ, што быў з ім, і пераправіліся праз Ярдан да світання, і не застаўся ніводны, хто не паспеў бы пераправіцца праз раку.

І ўбачыў Ахітафэл, што ня выканана парада ягоная, і асядлаў асла, і сабраўся, і пайшоў у дом свой, і зрабіў тастамант дому свайму, і ўдавіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.
 
Тым часам Ахітатэл, бачачы, што не была выканана парада яго, асядлаў асла свайго, і ўскочыў на яго, і вярнуўся ў горад свой, у дом свой, і, даўшы загад адносна дома свайго, павесіўся і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.

І прыйшоў Давід у Маханаім, а Авэсалом перайшоў Ярдан, сам і ўвесь Ізраіль зь ім.
 
А Давід прыбыў у Маханаім, і Абсалом пераправіўся праз Ярдан, ён і ўсе ізраэльцы з ім.

Авэсалом паставіў Амэсая замест Ёава над войскам. Амэсай быў сын аднаго чалавека, імем Ефэра зь Ізрэеля, які ўвайшоў да Авігеі, дачкі Нааса, сястры Саруі, маці Ёава.
 
А на месца Ёаба Абсалом паставіў над войскам Амасу; а Амаса быў сынам чалавека, які называўся Етэр, ізмаэлец, які ўвайшоў да Абігайль, дачкі Ясэя, сястры Сэруі, якая была маці Ёаба.

І Ізраіль з Авэсаломам разьмясьціўся табарам у зямлі Галаадскай.
 
І сталі Ізраэль і Абсалом лагерам у зямлі Галаад.

Калі Давід прыйшоў у Маханаім, дык Сові, сын Нааса, з Равы Аманіцкай, і Махір, сын Амііла, з Ладавара, і Вэрзэлій Галаадыцянін з Рагліма,
 
І, калі Давід прыбыў у Маханаім, Собі, сын Нааса з Рабы сыноў Амона, і Махір, сын Аміэля з Ладабара, і Барзэлай, галаадзец з Рагэліма,

прынесьлі дзесяць падрыхтаваных пасьцеляў, дзесяць місак і гліняных пасудзін, і пшаніцы і ячменю, і мукі і проса, і бобу і сачыўкі і пражанага зерня,
 
прынеслі яму ложак, і дываны, і тазы, і гаршкі гліняныя, і пшаніцу, і ячмень, і муку, і пражаны гарох, і фасоль, і сачавіцу,

і мёду і масла, і авечак і сыру каровінага, прынесьлі Давіду і людзям, якія былі зь ім, на ежу; бо казалі яны: народ галодны і стомлены і цярпеў смагу ў пустыні.
 
і мёд, і масла, і авечак, і тлустых цялят; і прынеслі гэта Давіду і людзям яго, якія былі з ім, на ежу, бо меркавалі, што народ быў змучаны голадам і смагаю ў пустыні.