Захарыі 11 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае.
 
Адчыні свае брамы, Лібане, і хай агонь спаліць твае кедры.

Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес.
 
Бядуйце, кіпарысы, што кедры загінулі, бо надзвычайныя былі знішчаны; галасіце, дубы Басана, бо паў непраходны лес.

Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана.
 
Чуецца галашэнне пастухоў, бо найлепшае з іх спустошана; гук рыкання львоў, бо знішчана пышнасць Ярдана.

Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол,
 
Гэта кажа Госпад, Бог мой: «Пасі жывёлу, прызначаную на забіццё,

якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: «дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!» і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх.
 
якую купляюць, забіваюць і не шкадуюць, і якую прадаюць і кажуць: “Дабраславёны Госпад, я стаў багатым”. І пастухі яе не шкадуюць яе.

Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх.
 
І Я не буду болей шкадаваць жыхароў зямлі, — кажа Госпад; — вось, кожнага з людзей выдам у рукі блізкага яго і ў рукі цара яго; і яны давядуць зямлю да падзення, і Я нікога не вызвалю з рукі іх».

І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін — добрым упадабаньнем, другі — кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі.
 
І вось, я пасвіў жывёлу на забіццё для гандляроў статкам. І ўзяў я сабе дзве палкі: адну назваў «Ласка» і другую назваў «Вяроўка»; і пасвіў статак.

І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне.
 
І на працягу аднаго месяца забіў трох пастухоў, і абрыдлі яны душы маёй; а іх душа адвярнулася ад мяне.

Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае — хай памірае, і якая гіне — хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной.
 
Ды я сказаў: «Не буду пасвіць вас; што мае памерці — хай памірае, і што мае загінуць — хай гіне, і астатнія хай ядуць цела адна адной».

І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі.
 
Ды ўзяў сваю палку, што называлася «Ласка», і зламаў яе, каб разарваць запавет мой, які заключыў з усімі людзьмі.

І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта — слова Госпада.
 
І ў той вось дзень ён быў разарваны; і гандляры статкам, якія наглядалі за мной, пераканаліся, што гэта было слова Госпада.

І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, — не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў.
 
І я ім сказаў: «Калі добра ў вачах вашых, дайце мне плату, а калі не — пакіньце яе сабе». І адважылі мне плату ў трыццаць срэбранікаў.

І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, — высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару.
 
Ды сказаў Госпад мне: «Укінь гэта ў скарбонку, дастойную плату, якою Я быў ацэнены імі». Ды ўзяў трыццаць срэбранікаў і ўкінуў іх у скарбонку дома Госпадава.

І пераламаў Я другое жазло Маё — «кайданы», каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем.
 
І зламаў я другую маю палку, якая звалася «Вяроўка», каб разарваць брацтва Юды з Ізраэлем.

І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў.
 
І сказаў Госпад мне: «Вазьмі яшчэ сабе прылады неразумнага пастуха;

Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве.
 
бо Я, вось, пастаўлю пастуха на зямлі, які не будзе рупіцца пра авечку, што мае загінуць, не будзе лячыць скалечаную, і не будзе шукаць страчаную, і не будзе карміць здаровую, а мяса тлустых будзе есці і капыты іх будзе абрываць.

Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.
 
Гора неразумнаму майму пастуху, які пакідае статак! Хай меч упадзе на яго плячо і на яго правае вока; хай ссохне сухатою яго рука, і правае вока яго хай цалкам зацягне цемраю».