Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум.
Калі ж скончыў (Ён) усе Словы Свае ў вушы народу, (Ён) увайшоў у Капэрнавум.
У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
У аднаго ж сотніка раб, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
Пачуўшы ж пра Ісуса, (ён) паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў просячы Яго, каб прыйшоўшы аздаравіў раба ягонага.
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,
Яны ж прыйшоўшы да Ісуса прасілі Яго вельмі, кажучы: ён варты, каб яму гэта было зроблена,
бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.
бо (ён) любіць народ наш і ён збудаваў нам сынагогу.
Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
Дык Ісус пайшоў зь імі. І ўжо Ён знаходзіўся нідалёка ад дому. Сотнік паслаў да Яго сяброў, кажучы Яму: Госпадзе, ня турбуйся, бо я ня варты, каб (Ты) увайшоў пад дах мой;
таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;
таму і сябе самога (я) ня палічыў вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і выздаравее слуга мой.
бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
Таму і я, чалавек падначалены ўладзе, які мае пад сабою жаўнераў. І кажу аднаму: «пайдзі — і ідзе», і другому: «прыйдзі — і прыходзіць»; і рабу майму: «зрабі гэта — і робіць».
Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
Пачуўшы ж гэта Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся да ішоўшага за Ім народу, сказаў: «кажу вам: нават у Ізраэлю (Я) ня знайшоў такой веры».
Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.
І вярнуўшыся ў дом пасланыя знайшлі хворага раба здаровым.
Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.
І сталася: пасьля гэтага пайшоў (Ісус) да места называнага Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства народу.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.
Калі ж (Ён) падыйшоў да мястовае брамы, і вось (тут убачылі, што) выносілі памершага адзінага сына (ў) маткі ягонай, а яна была ўдава; і шматлікі натоўп мястовы (быў) зь ёю.
Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.
І, угледзіўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: ня плач.
І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.
І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; тыя ж, што несьлі, спыніліся, і (Ён) сказаў: хлопча! табе кажу, устань!
Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
І мёртвы сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго (Ісус) матцы ягонай.
І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.
І ахапіў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі Прарок паўстаў сярод нас, і: наведаў Бог народ Свой.
Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.
І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.
І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое.
І паведамілі Яану вучні ягоныя пра ўсе гэтыя (падзеі).
Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Яан паслаў (іх) да Ісуса, кажучы: ці Ты Той, Які прыходзе, ці чакаць (нам) другога?
Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Прыйшоўшы ж да Яго гэныя мужчыны сказалі: Яан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Ты Той, Які прыходзе, ці чакаць (нам) другога?
А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок.
А ў гэты час (Ён) многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і злых духаў, і многім сьляпым падараваў зрок.
І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце;
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: пайшоўшы скажыце Яану, што вы ўбачылі і пачулі: сьляпыя стаюцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрашаюцца, убогім абвяшчаецца Эвангельле;
і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне.
і шчасьлівы той, хто ня спакусіцца аба Мне!
І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
Як жа пасланцы Яанавы пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Яана: што глядзець хадзілі (вы) у пустэльню? трысьціну ветрам калыханую?
што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх.
Што ж глядзець хадзілі (вы)? Чалавека, апранутага ў мяккія вопраткі? Вось, хто ў пышныя і раскошныя вопраткі апранаецца, тыя ў валадарскіх палацах знаходзяцца.
Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока.
Што ж глядзець хадзілі (вы)? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
Гэта той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
Гэты ёсьць той, пра якога напісана: вось, Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою.
Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго.
Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яана Хрысьціцеля; але меншы ў Гаспадарстве Божым большы за яго.
І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым;
І ўвесь народ, што слухаў, і мытнікі прызналі справядлівасьць Бога, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Яанавым;
а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.
а хварысэі і законьнікі адкінулі волю Боскую адносна сябе, ня ахрысьціўшыся ў яго.
Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
І Госпад сказаў: да каго прыраўную людзей роду гэтага? І да каго яны падобныя?
яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць адны другіх і гавораць: (мы) ігралі вам на жалейцы, і (вы) ня скакалі; (мы) сьпявалі вам жалобныя песьні, а (вы) ня плакалі.
Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е; і кажаце: «у ім дэман».
Бо прыйшоў Яан Хрысьціцель: ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е, і (вы) кажаце: у ім дэман.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».
Прыйшоў Сын Чалавечы: есьць і п’е; і (вы) кажаце: вось Чалавек, Які любіць есьці і віно піць, Сябра мытнікам і грэшнікам.
І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.
І апраўдана мудрасьць усімі дзяцьмі ейнымі.
Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
Нехта з хварысэяў прасіў Яго паесьці разам зь ім, і (Ён), увайшоўшы ў дом хварысэяў, узьлёг.
І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;
І вось жанчына з таго места, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што (Ён) узьляжыць у доме хварысэя, прынесла алябастравую пасудзіну міра
і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.
і стануўшы ззаду ля Ног Ягоных (і) плачучы пачала абліваць Ногі Ягоныя сьлязьмі і выцірала валасамі галавы сваёй і цалавала Ногі Ягоныя, і мазала мірам.
Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
Убачыўшы ж (гэтае) хварысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам (у) сабе (у думцы), кажучы: калі б Ён быў Прарок, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.
І, адказаўшы, Ісус сказаў яму: Сымоне! (Я) маю нешта сказаць табе. Ён жа гаворыць: скажы, Настаўнік.
Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
(Ісус жа сказаў:) У аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?
але як яны ня мелі чым вярнуць доўг, (ён) дараваў абодвум. Скажы ж, каторы зь іх больш узьлюбіць яго?
Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.
Адказаўшы ж Сымон сказаў: думаю, той, катораму больш дараваў. Ён жа сказаў яму: справядліва (ты) рассудзіў.
І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: бачыш (ты) гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, (і) ты вады на Ногі Мае ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне Ногі і валасамі галавы сваёй выцерла.
Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.
(Ты) цалаваньня Мне ня даў, а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, ня перастае цалаваць Мне Ногі.
Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.
(Ты) Галавы Маёй алеям ня памазаў, яна ж мірам памазала Мне Ногі.
А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.
А таму кажу табе: дараваныя грахі яе многія, бо (яна) узьлюбіла многа; каму ж мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.
А ёй сказаў: дараваны табе грахі.
І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?
І тыя, што ўзьляжалі зь (Ім), пачалі гаварыць самі (у) сабе: хто Ён, што і грахі даруе?
А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.