3 царстваў 22 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Пражылі тры гады, і ня было вайны меж Араму й Ізраелю.
 
І жылі тры гады без вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.

І было на трэйці год, і зышоў Ясапат, кароль Юдэйскі, да караля Ізраельскага.
 
І сталася ў трэці год, прыйшоў Язафат, валадар Юды, да валадара Ізраіля.

І сказаў кароль Ізраельскі слугам сваім: «Ці ведаеце, што Рамоф Ґілеадзкі наш? А мы так доўга маўчым, каб узяць яго з рук караля Арамскага».
 
І валадар Ізраіля сказаў слугам сваім: «Ці вы ня ведаеце, што Рамот Гілеадзкі наш, а мы маўчым, замест таго, каб забраць яго з рук валадара Сірыі?»

І сказаў ён Ясапату: «Ці пойдзеш ты з імною на вайну на Рамоф Ґілеадзкі?» І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; як твае коні, так і мае коні».
 
І сказаў ён Язафату: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць на Рамот Гілеадзкі?» І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Як ты, так і я, і як народ твой, так і народ мой, і як коньнікі твае, так і коньнікі мае».

І сказаў Ясапат каралю Ізраельскаму: «Даведайся, калі ласка, сядні, якое ё слова СПАДАРОВА».
 
І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Запытайся, калі ласка, сёньня, пра слова ГОСПАДА».

І зьбер кароль Ізраельскі прарокаў, каля чатырыста чалавекаў, і сказаў ім: «Ці йсьці імне на Рамоф Ґілеадзкі вайною, ці ўзьдзержыцца?» Яны сказалі: «Узыйдзі, і аддасьць СПАДАР у рукі каралеўскія».
 
І склікаў валадар Ізраіля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і сказаў ім: «Ці маю я ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» І яны сказалі: «Ідзі, і Госпад аддасьць яго ў рукі валадара».

І сказаў Ясапат: «Ці няма тут яшчэ прарокі СПАДАРОВАГА, каб нам папытацца ў яго?»
 
І сказаў Язафат: «Ці няма яшчэ прарока ГОСПАДА, каб спытацца ў яго?»

І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ё яшчэ адзін чалавек, каторым можна папытацца ў СПАДАРА; але я ненавіджу яго, бо ён не праракае празь мяне добрага, а толькі благое, — Міхей Імлянок». І сказаў Ясапат: «Не кажы гэтак, каролю».
 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ГОСПАДА, але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое. [Гэта] Міхей, сын Імлі». І Язафат сказаў: «Не гавары так, валадар».

І пагукаў кароль Ізраельскі легчанца аднаго, і сказаў: «Барзьдзей па Міхея Імлянка!»
 
І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Пасьпяшайся і [прывядзі] Міхея, сына Імлі».

Кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, сядзелі кажны на пасадах сваіх, адзеўшыся ў вадзецьці, ля варот брамы Самарскае, і ўсі прарокі праракалі перад імі.
 
А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, апранутыя ў шаты ўрачыстыя, сядзелі кожны на пасадзе сваім каля ўваходу ў браму Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іхнім.

І зрабіў сабе Сэдэка Хенаанёнак зялезныя рогі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Гэтымі будзеш басьці Арамлян, аж да выгубленьня іх"»
 
І Сэдэкія, сын Кенааны, зрабіў сабе рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль ня зьнішчыш яе”».

І ўсі прарокі праракалі тое ж, кажучы: «Узыйдзі на Рамоф Ґілеадзкі, май дасьпех, СПАДАР дасьць у руку каралеўскую».
 
І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі і перамагай. ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара».

І пасланец, каторы пайшоў гукаць Міхея, гукаў яму, кажучы: «Вось жа, цяпер словы прарокаў аднымі вуснамі вяшчуюць добрае каралю; хай бы й твае слова было згоднае із словам кажнага зь іх; пракажы й ты добрае».
 
А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў у адзін голас [прадказваюць] валадару добрае. Дык няхай слова тваё будзе як кожнага з іх, і прамоў добрае».

І сказаў Міхей: «Жыў СПАДАР! тое, што скажа СПАДАР імне, тое буду казаць».
 
Але Міхей сказаў: «Як жывы ГОСПАД, што скажа мне ГОСПАД, тое я прамоўлю!»

І прышоў ён да караля. Кароль сказаў яму: «Міхею! ісьці нам на Рамоф Ґілеадзкі вайною, ці ўзьдзержыцца?» І сказаў тый яму: «Узыйдзі, хай шчасьце табе, і СПАДАР аддасьць у руку каралеўскую».
 
І пайшоў ён да валадара, і валадар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» Ён сказаў: «Ідзі і перамагай, і ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара».

І сказаў яму кароль: «Пакуль я маю заклінаць цябе, каб ты не казаў імне нічагусенькі, апрача праўды ў імя СПАДАРА?»
 
І сказаў яму валадар: «Яшчэ раз запрысягаю цябе, каб ты прамовіў мне праўду ў імя ГОСПАДА».

І сказаў ён: «Я бачу ўсяго Ізраеля, расьцярушанага па горах, бы авечкі, у каторых няма пастыра. І сказаў СПАДАР: "Няма спадароў у іх, хай зварачаюцца кажны да дому свайго ў супакою"».
 
І ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраіль, расьцярушаны па гарах, як авечкі, якія ня маюць пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Ня маюць яны гаспадара. Няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».

І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Ці ня гукаў я табе, што ён не праракае празь мяне добрага, а толькі благое».
 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое?»

І сказаў: «Дык выслухай слова СПАДАРОВА: я бачыў СПАДАРА, на пасадзе Сваім седзячага, і ўсе войска нябёскае стаяла ля Яго, па правай і па левай руццэ Ягонай.
 
А той сказаў: «Дзеля гэтага слухай слова ГОСПАДА. Бачыў я ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла каля Яго праваруч і леваруч.

І сказаў СПАДАР: "Хто ўмове Агава, каб ён узышоў і паў у Рамофе Ґілеадзкім?" І сказаў гэты гэтак, а гэны сказаў гэнак.
 
І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І адзін казаў так, а другі іначай.

І вышаў нейкі дух, і стаў перад відам СПАДАРОВЫМ, і сказаў: "Я ўмоўлю яго". І сказаў яму СПАДАР: "Чым?"
 
І выйшаў дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю яго”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”

Ён сказаў: "Я выйду й стану духам манлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных". І сказаў: "Ты ўмовіш і ўзумееш; выйдзі й зрабі гэтак".
 
А ён сказаў: “Я выйду і стануся духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І [Госпад] сказаў: “Ты намовіш яго, гэта атрымаецца ў цябе. Ідзі і зрабі так!”

Дык цяпер, вось, СПАДАР даў духа манлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх гэтых, і СПАДАР гукаў празь цябе ліхое».
 
І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў супраць цябе ліхое».

І дабліжыўся Сэдэка Хенаанёнак, і, выцяўшы Міхею па шчаццэ, сказаў: «Як гэта адышоў Дух СПАДАРОЎ ад мяне, каб гукаць у табе?»
 
І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенааны, і ўдарыў Міхея па абліччы, і сказаў: «Якім чынам адыйшоў Дух ГОСПАДА ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»

І сказаў Міхей: «Вось, ты абачыш таго дня, як будзеш пераходзіць з пакою да пакою, каб схавацца».
 
А Міхей сказаў: «Вось, ты ўбачыш той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца”.

І сказаў кароль Ізраельскі: «Вазьміце Міхея і зьвярніце яго да Амона гараднічага й да Ёаша, сына каралёвага,
 
І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьмі Міхея і завядзі яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадара,

І скажыце: "Гэтак кажа кароль: ’Пасадзіце гэтага ў вязьніцу й давайце яму есьці хлеба вобмаль і вады вобмаль, пакуль я ня прыйду ў супакою’"».
 
і скажы: “Гэта кажа валадар: "Пасадзіце яго ў вязьніцу і карміце яго скупа хлебам і вадой аж да майго вяртаньня ў супакоі"”».

І сказаў Міхей: «Калі зьвернешся, зьвернешся ў супакою, то не СПАДАР гукаў імною». І сказаў: «Слухайце, усі людзі!»
 
І сказаў Міхей: «Калі ты вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце [гэта], усе людзі!»

І ўзышоў кароль Ізраельскі а Ясапат, кароль Юдэйскі, на Рамоф Ґілеадзкі.
 
І пайшлі валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі.

І сказаў кароль Ізраельскі Ясапату: «Я пераадзенуся і ўступлю ў бітву, а ты надзень свае адзецьці». І пераадзеўся кароль Ізраельскі, і ўступіў у бітву.
 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой, а ты апрані шаты твае». І валадар Ізраіля зьмяніў адзеньне, і пайшоў у бой.

А кароль Арамскі расказаў вайводцам над цялежкамі, каторых у яго было трыццаць двух, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані зь вялікім, адно з каралём Ізраельскім».
 
А валадар Сірыі загадаў трыццаці двум возьнікам калясьніцаў, кажучы: «Не ваюйце ані з вялікім, ані з малым, а толькі супраць валадара Ізраіля».

І сталася: як вайводцы цялежак абачылі Ясапата, то яны сказалі: «Пэўне, гэта кароль Ізраельскі», і абярнуліся біцца зь ім. І закрычэў Ясапат.
 
І сталася, калі возьнікі калясьніцаў убачылі Язафата, яны сказалі, што ён — валадар Ізраіля, і зьвярнуліся супраць яго, каб з ім ваяваць, і Язафат закрычаў.

І сталася: як вайводцы цялежак абачылі, што не кароль Ізраельскі ён, то яны адвярнуліся ад яго.
 
І ўбачылі возьнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і адступіліся ад яго.

І адзін чалавек наўманы напяў лук і зразіў караля Ізраельскага ў шво панцыра. І сказаў ён возьніку сваіх Цялежак: «Павярні руку сваю й вывязі мяне з войска, бо я хворы».
 
І адзін ваяр нацягнуў лук, і выпадкова параніў валадара Ізраіля між поясам і панцырам. І сказаў [валадар] возьніку свайму: «Завярні і вывязі мяне з бою, бо я паранены».

Але бітва таго дня павялічалася, і кароль стаяў на цялежках супроці Арамлян, і ўвечары памер, і лілася кроў з раны ў цялежкі.
 
І ў той дзень разгарэўся бой, і валадар стаяў у калясьніцы сваёй супраць Сірыйцаў, і памёр увечары, і кроў з раны сьцякала ў калясьніцу.

І агалошана было заходам сонца ў табару, кажучы: «Кажны йдзі да места свайго, кажны да зямлі свае!»
 
І на заходзе сонца ў войску закрычалі, кажучы: «Няхай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»

І памер кароль, і прывезены быў да Самары, і пахавалі караля ў Самары.
 
І памёр валадар, і быў прывезены ў Самарыю, і пахавалі валадара ў Самарыі.

І абмылі цялежкі ў копані Самарскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і бязулі абмывалі, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў.
 
І вымылі калясьніцу ягоную ў сажалцы ў Самарыі, і сабакі лізалі кроў ягоную, а блудніцы мылі яе паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў.

А засталыя справы Агававы, усе, што ён рабіў, і дом із сланёвае косьці, каторы ён пастанавіў, і ўсі месты, каторыя ён пастанавіў, ці ж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
 
А іншыя дзеяньні Ахава, і ўсё, што ён рабіў, і дом з косьці слановай, які ён пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

І супачыў Агаў з айцамі сваімі, і загаспадарстваваў Агазя, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Ахаў з бацькам сваім, і заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго.

І Ясапат Асянок загаспадарстваваў над Юдэяю чацьвертага году Агава, караля Ізраельскага.
 
А Язафат, сын Асы, стаў валадаром Юды ў чацьвёртым годзе Ахава, валадара Ізраіля.

Ясапату было трыццаць пяць год, як загаспадарстваваў, і дваццаць пяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Азува Шылгішка.
 
Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і дваццаць пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азуба, дачка Шылхі.

Ён хадзіў у вусім дарогаю айца свайго Асы, ня зыходзіў зь яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРА; узвышшы, адылі, ня былі разбураны; люд абракаў а кадзіў яшчэ на ўзвышшах.
 
І хадзіў ён усім шляхамі Асы, бацькі свайго, і не зыходзіў з яго, і рабіў тое, што было слушным у вачах ГОСПАДА.

Ясапат учыніў мір із каралём Ізраельскім.
 
Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.

Засталыя справы Ясапатавы, і сіла ягоная, каторую ён выказаваў, і як ён ваяваў, ці ж не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 
І Язафат жыў мірна з валадаром Ізраіля.

І астачы бязуляў, што заставаліся за дзён айца ягонага Асы, ён вымеў ізь зямлі.
 
Іншыя дзеяньні Язафата і мужнасьць ягоная, і што ён рабіў, і як ваяваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

І ня было караля тады ў Едоме; быў намесьнік каралеўскі.
 
А рэшткі распусьнікаў, якія заставаліся ў дні Асы, бацькі ягонага, ён вынішчыў з зямлі.

Ясапат збудаваў караблі на мору, каб хадзіць да Офіру золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Ецыён-Ґаверу.
 
І не было [тады] ў Эдоме валадара, але намесьнік валадарскі.

Тады сказаў Агазя Агавёнак Ясапату: «Хай мае служцы едуць із тваімі служцамі на караблёх». Але Ясапат не згадзіўся.
 
І Язафат пабудаваў караблі ў Таршышы, каб плысьці ў Афір па золата. Але яны не паплылі, бо паразьбіваліся ў Эцыён-Гэбэры.

І супачыў Ясапат із айцамі сваімі і быў пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго.
 
Тады Ахазія, сын Ахава, сказаў Язафату: «Няхай слугі мае пойдуць на караблях са слугамі тваімі». Але Язафат не захацеў.

Агазя Агавёнак загаспадарстваваў над Ізраелям у Самары сямнанцатага году Ясапата, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў над Ізраелям два гады.
 
І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго, і заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго.

І рабіў ліхое перад ачыма СПАДАРА, і хадзіў дарогаю айца свайго, і дарогаю маці свае, і дарогаю Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
 
Ахазія, сын Ахава, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі ў сямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і быў валадаром у Ізраілі два гады.

Ён служыў Ваалу, і кланяўся яму, і загневаў СПАДАРА, Бога Ізраелявага, усім тым, што рабіў ацец ягоны.
 
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй, і шляхам Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.