3 царстваў 10 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І караліца Шэвы пачула праз славу Салямонаву ўзглядам імені СПАДАРОВАГА; яна прыехала выпрабаваць яго загадкамі.
І пачула валадарка Шэвы пра славу Салямона ў імя ГОСПАДА, і прыйшла выспрабаваць яго пытаньнямі.
І прыехала яна да Ерузаліму зь цяжкім паездам: зь вярблюдамі, накладзенымі пахамі, і вялікаю множасьцю золата, і дарагім каменьням; і прышла да Салямона, і гутарыла зь ім праз усе, што было ў яе на сэрцу.
І ўвайшла яна ў Ерусалім з вельмі вялікай дружынай, з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы, з вялікім мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і гаварыла з ім пра ўсё, што мела яна ў сэрцы сваім.
І зьясьніў ёй Салямон усі словы ейныя, і ня было нічога няведамнага каралю, чаго б ён не зьясьніў ёй.
І Салямон адказаў на ўсе словы ейныя, і не было нічога, што было схавана перад валадаром, на што ён ня мог адказаць ёй.
І абачыла караліца Шэўская ўсю мудрасьць Салямонаву, і дом, каторы ён пастанавіў,
І ўбачыла валадарка Шэвы ўсю мудрасьць Салямона, і дом, які ён пабудаваў,
І ежу за сталом ягоным, і як сядзелі слугі ягоныя, і ўходы слугаў ягоных, і іхныя ўборы, і чашнікаў ягоных, і ўсходы, каторымі ён узыходзіў да дому СПАДАРОВАГА; і заняло ёй дух.
і багацьце ежы на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньне іхняе, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні, якія ён складаў у Доме ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні.
І сказала каралю: «Праўдзівае было слова, што я чула ў сваёй зямлі праз справы твае і праз мудрасьць тваю;
І сказала яна валадару: «Праўдзівым было тое слова, якое я чула ў зямлі маёй, пра справы твае і пра мудрасьць тваю!
Ня верыла я, адылі, словам, пакуль не прыбыла, і не пабачылі вочы мае: і вось, імне й палавіцы не сказалі. Перайшоў ты мудрасьцяй і багацьцям чутку, што я чула.
Я ня верыла тым словам, пакуль сама не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі, і вось, нават паловы не распавялі мне. Большая мудрасьць твая і багацьці, чым тая слава, якую я чула.
Дабраславёныя людзі твае, дабраславёныя гэтыя служцы твае, каторыя кажначасна становяцца перад табою, чуюць мудрасьць тваю!
Шчаслівыя людзі твае і шчаслівыя слугі твае, якія стаяць перад абліччам тваім і заўсёды чуюць мудрасьць тваю!
Хай будзе дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы зычыў пасадзіць цябе на пасад Ізраеляў! Бо СПАДАР любе Ізраеля на векі, затым пастанавіў Ён цябе за караля, чыніць суд а справядлівасьць».
Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Якому ты спадабаўся і Які пасадзіў цябе на пасадзе Ізраіля, таму што любіць ГОСПАД Ізраіля на вякі, і Ён паставіў цябе валадаром, каб ты чыніў суд і праведнасьць».
Дала яна каралю сто дваццаць таланяў золата, і вялікую множасьць пахаў, і дарагое каменьне; ніколі яшчэ ня прыходзіла такая множасьць пахаў, якую дала караліца Шэўская каралю Салямону.
І дала яна валадару сто дваццаць талентаў золата, і вельмі шмат пахошчаў і каштоўных камянёў, і не было ніколі падаравана больш пахошчаў, чым падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону.
І таксама караб Гірамаў, што прывозіў золата з Офіру, прывёз із Офіру вялікую множасьць чырвонага дзерва і дарагога каменьня.
Таксама караблі Хірама, якія прывозілі з Афіру золата, прывозілі з Афіру мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
І зрабіў кароль із гэтага чырвонага дзерва поручні да дому СПАДАРОВАГА і да дому каралеўскага, і гарпы, і псалтыры пяюном. Ніколі ня прыходзіла толькі чырвонага дзерва і ня бачана было дагэнуль.
З дрэва чырвонага валадар зрабіў парэнчы для Дому ГОСПАДА і для дому валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ніколі не было прывезена так шмат дрэва чырвонага, і не было бачана такога аж да сёньня.
І кароль Салямон даў караліцы ўсе, чаго яна зычыла й чага прасіла, звыш тога, чым падараваў яе кароль Салямон пакаралеўску. І ад’ехала яна, і паехала назад да зямлі свае, яна а ўсі слугі ейныя.
І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна хацела і прасіла ў яго, апрача таго, што ён даў ёй паводле [шчодрасьці] рукі валадара Салямона. І вярнулася яна, і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя.
І была вага золата, што прыходзіла Салямону кажны год, шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць таланяў залатых,
І была вага золата, якое штогод прыносілі Салямону, шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата,
Звыш тога, што ад падарожнікаў, і ад торгу купцоў, і ад усіх каралёў Арабскіх, і ад вайводцаў краю.
апрача таго, што прыходзіла праз падаткі ад гандляроў, і ад купцоў, і ад усіх валадароў Арабскіх, і ад намесьнікаў у зямлі [Ізраіля].
І зрабіў кароль Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата; па шасьцьсот сыкляў пайшло на кажны шчыт;
І зрабіў валадар Салямон дзвесьце вялікіх шчытоў са шчырага золата, шэсьцьсот [сыкляў] золата пайшло на кожны шчыт,
І трыста шчытоў з каванага золата; па тры міны золата пайшло на кажны шчыт; і пастанавіў іх кароль у доме Лібанскага лесу.
і трыста малых шчытоў са шчырага золата, тры міны золата пайшло на кожны шчыт. І паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага.
І зрабіў кароль вялікі пасад із сланёвае косьці, пацягнуў яго ачышчаным золатам.
І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам.
У пасадзе было шэсьць уступцоў, і верх пасаду быў круглы на задняй часьці яго, і былі поручні з абодвых бакоў месца сядзеньня, і два лявы стаялі ля поручняў;
Да пасаду падыходзіла шэсьць прыступак, а верх пасаду быў ззаду круглы, і парэнчы на абодвух баках пасаду, а пры парэнчах стаялі два ільвы.
І двананцаць лявоў стаялі там на шасьцёх уступцох паабапал. Ня было зроблена так у ні водным каралеўстве.
І на шасьці прыступках з абодвух бакоў стаяла дванаццаць ільвоў. І ні ў адным валадарстве не было зроблена нічога падобнага.
І ўсі судзіны піць у караля Салямона былі залатыя, і ўсе судзьдзе ў доме лесу Лібанскага з таўстога золата; із срэбра нічога ня было, бо срэбра за дзён Салямонавых мелі за нішто;
І ўсе пасудзіны, з якіх піў валадар Салямон, [былі] залатыя. І ўвесь посуд у доме з лесу Лібанскага быў з чыстага золата. Нічога не было са срэбра, бо ня мела яно ніякай [вартасьці] ў часы Салямона,
Бо ў караля быў на мору Тарсыскі караб із караблём Гірамовым; раз на тры гады прыходзіў Тарсыскі караб, прывозячы золата а срэбра а сланёвую косьць а налпы а павы.
бо караблі Таршышу, якія меў у моры валадар разам з караблямі Хірама, раз у тры гады прыходзілі з Таршышу, і прывозілі золата, срэбра, косьць слановую, малпаў і паваў.
І пераходзіў кароль Салямон багацьцям і мудрасьцю ўсіх каралёў зямлі.
І перавышаў валадар Салямон багацьцем і мудрасьцю ўсіх валадароў зямлі.
І ўся зямля шукалі віду Салямонавага, каб паслухаць мудрасьці ягонае, каторую даў Бог яму ў сэрца.
І [людзі] з усёй зямлі шукалі [слова] з вуснаў Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую даў Бог у сэрца ягонае.
І яны прыносілі яму кажны дар свой, судзьдзе срэбнае а судзьдзе залатое а адзецьці а зброю а пахі, коні а мулы кажнага году.
І кожны з іх прыносіў яму дары: посуд срэбны і посуд залаты, адзеньне, зброю, пахошчы, коней, мулаў кожны год.
І павялічыў Салямон цялежкі а коньнікаў; у яго было тысяча чатырыста цялежкаў і двананцаць тысячаў коньнікаў; і разьмясьціў ён іх па цялежкавых местах і пры каралю ў Ерузаліме.
І памножыў Салямон калясьніцы і коньнікаў, і меў ён тысячу чатырыста калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў. І разьмясьціў ён іх па гарадах калясьнічых і пры валадары ў Ерусаліме.
І даў кароль срэбра ў Ерузаліме, як каменьня, а кедры зрабіў ён як сыкоморы, што ў далінах, подле множасьці.
А срэбра назьбіраў валадар у Ерусаліме столькі, колькі камянёў, і кедраў так шмат, колькі сыкамораў у Шэфэлі.
Стаенныя коні Салямонавы былі зь Ягіпту а з Куі; каралеўскія купцы куплялі іх за грошы з Куі.
І прыводзілі Салямону коней з Эгіпту і з Куэ, і купцы валадарскія куплялі [коней] па вызначаным кошце.
Цялежкі даставалі ў Ягіпце й вывозілі за шасьцьсот срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Гэтак жа яны рукамі сваімі дастаўлялі каралём Гэціцкім а каралём Арамейскім.
І калясьніца з Эгіпту, прывезеная і вывезеная, каштавала шэсьцьсот [сыкляў] срэбра, а конь — сто пяцьдзясят. Такім чынам праз рукі іхнія прадавалася ўсё гэта ўсім валадарам Хетаў і валадарам Сірыі.