3 царстваў 15 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І асьмінанцатага году караля Еровоама Невацёнка загаспадарстваваў Авіям над Юдаю.
У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама, сына Навата, у Юдзе стаў валадаром Абіям.
Тры гады ён гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Мааха Авішаломішка.
Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Мааха, дачка Абсалома.
Ён хадзіў у вусіх грахох айца свайго, каторыя тый рабіў перад ім; і ня было сэрца ягонае супоўна із СПАДАРОМ, Богам ягоным, як сэрца Давіда, айца ягонага.
І хадзіў ён у-ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія ён рабіў перад ім, і не было сэрца ягонае шчырым перад ГОСПАДАМ, Богам ягоным, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
Але дзеля Давіда СПАДАР, Бог ягоны, даў яму сьветач у Ерузаліме, узьвёўшы сына ягонага просьле яго і ўмацаваўшы Ерузалім;
Аднак дзеля Давіда даў яму ГОСПАД, Бог ягоны, сьветач у Ерусаліме, каб паставіць сына ягонага пасьля яго і ўмацаваць Ерусалім,
Бо Давід рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРА і не адхінаўся ўсі дні жыцьця свайго ад усёга, што Ён расказаў яму, з выняткам справы Уры Гэціча.
бо Давід рабіў тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў праз усе дні жыцьця свайго, акрамя справы Урыі Хета.
І вайна была меж Рэговоама й Еровоама ўсі дні жыцьця ягонага.
І вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні жыцьця ягонага.
І іншыя дзеі Авіямовы, і ўсе, што ён зрабіў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? І была вайна меж Авіяма й Еровоама.
Іншыя дзеяньні Абіяма і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. І была вайна паміж Абіямам і Ерабаамам.
І супачыў Авіям із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Аса, сын яго, замест яго.
І супачыў Абіям з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго.
І дваццатага году Еровоама, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Аса, кароль Юдэйскі.
У дваццатым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, заваладарыў Аса, валадар Юды.
І сорак адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І імя маці ягонае Мааха Авішаломішка.
Сорак адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Мааха, дачка Абсалома.
Аса рабіў справядлівае ў ваччу СПАДАРА, як Давід, ацец ягоны.
І рабіў Аса слушнае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны.
Ён выгнаў бязуляў ізь зямлі, і адхінуў усі балваны, каторыя зрабілі бацькі ягоныя.
І ён выгнаў распусьнікаў з зямлі, і павынішчаў усіх ідалаў, якіх нарабілі бацькі ягоныя.
І таксама ў Маахі, маці свае, нават, у яе, ён адняў тытул караліцы за тое, што яна зрабіла балван у гаю. І Аса пасек балваны ейныя, і спаліў ля цур’я Кідрону.
І нават маці сваю Мааху ён пазбавіў годнасьці валадаркі за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І Аса пасек ідала ейнага, і спаліў каля ручая Кедрон.
Але ўзвышшы ня былі аддалены. Сэрца Асіна, адылі, было супоўна із СПАДАРОМ усі дні яго.
Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя. Аднак сэрца Асы было шчырым перад ГОСПАДАМ у-ва ўсе дні [ягоныя].
І ўнёс ён у дом СПАДАРОЎ пасьвячэньне айца свайго і пасьвячэньне свае: срэбра а золата а судзьдзё.
І прынёс ён у Дом ГОСПАДА рэчы, пасьвячоныя бацькам ягоным і ім самім: срэбра, золата і посуд.
І вайна была меж Асы й Ваашы, караля Ізраельскага, усі дні іх.
І была вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, праз усе дні іхнія.
І ўзышоў Вааша, кароль Ізраельскі, супроці Юдэі, і станавіў Раму, каб ніхто ня выходзіў і ня ўходзіў да Асы, караля Юдэйскага.
І пайшоў валадар Ізраіля Бааша на Юду, і пабудаваў Раму, каб [ніхто] ня мог увайсьці і выйсьці да Асы, валадара Юды.
І ўзяў Аса ўсе срэбра а золата, засталае ў скарбніцах дому СПАДАРОВАГА а ў скарбніцах дому каралеўскага, і даў іх у рукі служцоў сваіх, і паслаў іх кароль Аса да Вен-Гадада, сына Таўрымона Гэзёнёнка, караля Сырскага, што жыў у Дамашку, кажучы:
І ўзяў Аса ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбніцы Дому ГОСПАДА і ў скарбніцы дому валадара, і даў яго слугам сваім, і паслаў іх да Бэн-Гадада, сына Табрымона, сына Хэзіёна, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:
«Змова, ў мяне з табою, у вайца майго і айца твайго; вось, я паслаў табе надгароду, срэбра а золата, — ідзі і ўзруш змову з Ваашам, каралём Ізраельскім, каб ён узышоў ад мяне».
«Запавет [ёсьць] паміж мною і табой, паміж бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе дары: срэбра і золата. Ідзі, парві запавет твой з Баашам, валадаром Ізраіля, і ён адыйдзе ад мяне».
І паслухаў Вен-Гадад караля Асы, і паслаў вайводцаў сваіх супроці местаў Ізраельскіх, і паразіў ён Іён а Дан а Авел-Беф-Мааху а ўвесь Кінероф, па ўсей зямлі Неффалімовай.
І паслухаў Бэн-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска свайго ў гарады Ізраіля. І захапілі яны Іён, Дан і Абэль-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт, і ўсю зямлю Нэфталі.
Пачуўшы, Вааша перастаў станавіць Раму, і асяліўся ў Фірцу.
І пачуў [пра гэта] Бааша, і кінуў будаваць Раму, і вярнуўся ў Тырцу.
А кароль Аса згукаў усіх Юдэяў, нікога не вылучаючы, і вынесьлі яны з Рамы каменьне а дзервы, каторыя Вааша ўжыў на будоўлю. І пастанавіў зь іх кароль Аса Ґеву Венямінову а Міцпу.
І валадар Аса паклікаў усяго Юду без выключэньня, і забралі яны з Рамы камяні і дрэва, якімі [карыстаўся] Бааша для будаўніцтва, і разбудаваў імі валадар Аса Гіву Бэн’ямінаву і Міцпу.
Усі засталыя справы Асіны, і ўся дужасьць ягоная, і ўсе, што ён зрабіў, і месты, каторыя ён пастанавіў, ціж не апісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх? У часе старасьці яго, адылі, яму балелі ногі.
А іншыя дзеяньні Асы, мужнасьць ягоная і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі.
І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Ясапат, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І заваладарыў Язафат, сын ягоны, пасьля яго.
І Надаў жа Еровоаменак загаспадарстваваў над Ізраелям другога году Асы, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў над Ізраелям два гады.
У другім годзе Асы, валадара Юды, пачаў валадарыць над Ізраілем Надаў, сын Ерабаама, і валадарыў ён над Ізраілем два [гады].
І рабіў ён ліхое ў ваччу СПАДАРА, і хадзіў дарогаю айца свайго і ў грахох ягоных, каторымі тый увёў Ізраеля ў грэх.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў грэху ягоным, якім той увёў у грэх Ізраіля.
І зрабіў супроці яго змову Вааша Агіёнак, з дому Іссасхаровага, і паразіў яго Вааша ля Ґівефону Пілісцкага, як Надаў а ўсі Ізраяляне абляглі Ґівефон.
І зрабіў супраць яго змову Бааша, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Гіббэтоне, які быў [горадам] Філістынцаў, калі Надаў і ўвесь Ізраіль аблягалі Гіббэтон.
І зрабіў яму сьмерць Вааша трэйцяга году Асы, караля Юдэйскага, і загаспадарстваваў замест яго.
І Бааша забіў яго ў трэцім годзе Асы, валадара Юды, і сам стаў валадаром замест яго.
Як ён загаспадарстваваў, то выбіў увесь дом Еровоамоў, не пакінуў ані душы ў Еровоама, пакуль ня выгубіў яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторе ён праказаў слугою Сваім Агіям Шылянінам, —
І калі ён пачаў валадарыць, выбіў ён увесь дом Ерабаама, і не пакінуў ніводнай душы з [роду] Ерабаама, пакуль ня вынішчыў яго паводле слова ГОСПАДА, як прамовіў Ён праз слугу свайго Ахію з Шыло,
За грахі Еровоамовы, каторымі ён сам грашыў і каторымі ўвёў у грэх Ізраеля, за гнеў, каторым ён загневаў СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў Ізраіля ў грэх, чым гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
І засталыя справы Надавовы, усе, што ён зрабіў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
А іншыя дзеяньні Надава і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
І вайна была меж Асы й Ваашы, караля Ізраельскага, усі дні іх.
І была вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, усе дні іхнія.
Трэйцяга году Асы, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Вааша Агіёнак над усімі Ізраялянмі ў Фірцы, дваццаць чатыры гады.
У трэцім годзе Асы, валадара Юды, Бааша, сын Ахіі, стаў валадаром над усім Ізраілем у Тырцы на дваццаць чатыры гады.
І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРА, і хадзіў дарогаю Еровоамовай і ў грахох ягоных, каторымі ён увёў Ізраеля ў грэх.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля.