3 царстваў 6 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І было на чатырыста асьмідзясятым годзе па выхадзе сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае, на чацьвертым годзе гаспадарстваваньня Салямона над Ізраелям, месяца зыфа, — а гэта другі месяц, што пачаў ён ставіць дом СПАДАРУ.
У чатырыста васьмідзесятым годзе па выхадзе ізраэльцаў з зямлі Егіпецкай, на чацвёрты год царавання Саламона над Ізраэлем, у месяцы Зіў, — гэта другі месяц, — пачаў [Саламон] будаваць дом Госпаду.
І дом, каторы пастанавіў кароль Салямон СПАДАРУ, быў удаўжкі шасьцьдзясят локцяў, ушыркі дваццаць і ўвышкі трыццаць локцяў.
Дом, які цар Саламон будаваў для Госпада, меў шэсцьдзесят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.
І сені перад сьвятыняю дому дваццаць локцяў удаўжкі, подле шырыні сьвятыні, і дзесяць локцяў ушыркі перад сьвятыняю.
І прысценак перад святыняй меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні святыні, і дзесяць локцяў шырыні перад святыняй.
І зрабіў ён да дому вокны з абсадамі й зачыняныя.
І зрабіў ён у святыні наўскосныя вокны з кратамі,
І збудаваў ён пятравую прыбудоўку ля сьцяны дому, навокал сьценаў дому, навокал сьвятыні а Сьвятога Сьвятых; і зрабіў пакоі навокал.
і пабудаваў насупраць сцяны святыні кругавыя паверхі ў сценах дома вакол святыні і Дабіра, і зрабіў сцены кругом.
Прыземле было пяцёх локцяў ушыркі, сярэдняя часьць шасьцёх локцяў ушыркі, а трэйцяя часьць сямёх локцяў ушыркі; бо ўступы зрабіў дому знадворку навокал, каб балькі ня ўходзілі да сьценаў дому.
Меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, і сярэдні паверх — шэсць локцяў шырыні, і трэці паверх — сем локцяў шырыні; бо ён пабудаваў лесвіцу ў доме кругом звонку, каб бэлькі не ўваходзілі ў сцены святыні.
Як станавілі дом, на будоўлю ўжывалі цэлых часаных камянёў; ані молата, ані цяслы, ані ўсялякага іншага зялезнага снадзіва ня чуваць было ў сьвятыні пры станаўленьню яе.
А пры пабудове дома карысталіся абчасанымі і найлепшымі камянямі; і ў святыні не было чутна ані молата, ані сякеры, ані якой-небудзь жалезнай прылады, калі яе будавалі.
Дзьверы сярэдніх пакояў былі з правага боку дому. Пакручастымі ўсходамі ўзыходзілі на сярэднюю часьць, а ізь сярэдняе на трэйцюю.
Уваход жа на ніжні паверх быў з правага боку дома, і праз вітую лесвіцу можна было ўзысці на сярэдні паверх, і з сярэдняга — на трэці паверх.
І пастанавіў ён дом, і скончыў яго, і накрыў дом крохвамі кедравымі а драніцамі.
І пабудаваў ён святыню, і скончыў яе; таксама абшыў ён святыню кедравымі дошкамі.
І прыбудаваў пятру да ўсёга дому ўвышкі пяць локцяў, і прымацаваў да дому кедравымі бёрнамі.
І пабудаваў ён да ўсяе святыні памост у пяць локцяў вышыні, і прымацаваў да святыні кедравымі бярвеннямі.
І было слова СПАДАРОВА Салямону, кажучы:
І прамовіў Госпад да Саламона, кажучы:
«Узглядам дому гэтага, каторы ты становіш, то калі ты будзеш хадзіць у вуставах Маіх, і выпаўняць суды Мае, і дзяржаць усі расказаньні Мае, каб хадзіць у іх, то Я споўню табе слова Мае, каторае Я казаў Давіду, айцу твайму
«Што да дома гэтага, які ты будуеш, то калі будзеш спаўняць пастановы Мае, і выконваць прыказанні Мае, і захоўваць усе настаўленні Мае, трымаючыся іх, Я споўню слова Маё табе, якое абяцаў Давіду, бацьку твайму;
І буду перабываць сярод сыноў Ізраелявых, і не пакіну люду Свайго Ізраеля».
і буду Я жыць між сыноў Ізраэля, і не пакіну народа Майго, Ізраэля».
І пастанавіў Салямон дом, і скончыў яго.
Дык пабудаваў Саламон святыню, і закончыў яе.
І пастанавіў сьцены сьвятыні ў сярэдзіне зь кедравых дашчок, ад мосту дому аж да балькаў столі ў сярэдзіне ашаляваў дзервам, а мост дому масьціў кіпрысавамі дошкамі.
І знутры абшыў сцены дома кедравымі дошкамі; ад падлогі дома аж да сценных бэлек і аж да столі ўнутры абшыў дрэвам, і падлогу дома пакрыў яловымі дошкамі.
І ён пастанавіў зь кедравага дзерва сьцяну дваццацёх локцяў удаўжкі ад мосту аж да столі, і ён пастанавіў гэтую сьцяну ўнутры дзеля палацу — дзеля Сьвятога Сьвятых.
І з задняга боку святыні паставіў сцяну з кедравых дошак у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі да столі, і зрабіў у ёй унутры Дабір, гэта значыць святое з святых.
І сорак локцяў быў дом, значыцца дом сьпераду.
А сорак локцяў даўжыні мела сама святыня без святога з святых яе.
На кедрах дому ўнутры былі выразаны пупушкі а кветкі расквіцелыя; усе было прыкрыта кедрам, каменя ня відаць было.
І кедравыя сцены ўнутры ўпрыгожвалі выразаныя плады і кветкі, якія распусціліся. Усё было абшыта кедравымі дошкамі, і каменя зусім не было відаць на сцяне.
І палац унутры дому ён прыгатаваў, каб пастанавіць там скрыню змовы СПАДАРОВАЕ.
А Дабір ён зрабіў у сярэдзіне дома, ва ўнутранай частцы яго, каб там паставіць каўчэг запавету Госпада.
І палац унутры быў удаўжкі дваццаць локцяў, ушыркі дваццаць локцяў і ўвышкі дваццаць локцяў; ён ашаляваў яго ачышчаным золатам; ашаляваў таксама й кедравы аброчнік.
Меў ён дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні; і ён абклаў яго найчысцейшым золатам, і збудаваў кедравы ахвярнік перад Дабірам.
І ашаляваў Салямон дом унутры ачышчаным золатам, і правёў залатыя ланцугі перад палацам, і ашаляваў яго золатам.
Таксама ўнутры Саламон абклаў святыню найчысцейшым золатам і нацягнуў залатыя ланцугі перад Дабірам, якое таксама абшыў золатам.
Увесь дом ён шаляваў золатам, пакуль ня скончыў увесь дом; і ўвесь аброчнік, каторы перад палацам, ашаляваў золатам.
І нічога не было ў святыні, што б не было пакрыта золатам; але і ўвесь ахвярнік Дабіра пакрыў ён золатам.
І зрабіў у палацу двух херуваў з аліўнага дзерва, увышкі дзесяць локцяў.
І паставіў у святым з святых двух херубінаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.
Адно крыло херува было пяцёх локцяў і другое крыло херува пяцёх локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
Адно крыло херубіна мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў, гэта значыць, ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.
Дзесяцёх локцяў і другі херуў; аднолькавае меры і аднолькавае хормы абодва херувы.
Другі херубін таксама меў дзесяць локцяў, абодва херубіны мелі аднолькавыя памеры і выгляд;
Увышкі адзін херуў дзесяць локцяў, таксама й другі херуў.
вышыня аднаго і другога херубіна была дзесяць локцяў.
І пастанавіў ён херуваў сярод дому ўнутры. Крылы ж херуваў былі распушчаныя, і датыкалася крыло аднаго да сьцяны, а крыло другога херува датыкалася да другое сьцяны; другія ж крылы іх сярод дому датыкаліся крыло да крыла.
І паставіў ён херубінаў у сярэдзіне ўнутранай часткі святыні; а крылы херубінаў былі раскінуты так, што крыло аднаго датыкалася да адной сцяны, а крыло другога датыкалася да другой сцяны; а другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне святыні крыло з крылом.
І пацягнуў ён херуваў золатам.
Таксама пакрыў ён херубінаў золатам.
І на ўсіх сьценах дому навокал ён выплеў адкрытыя пляцёнкі херуваў і пальмавых дзерваў і расквіцелых кветак, унутры й знадворку.
І на ўсіх сценах святыні кругом выразаў розныя выявы; і на іх выразаў херубінаў, і пальмавыя дрэвы, і кветкі, што распусціліся, унутры і звонку.
І мост у доме ашаляваў золатам у нутры й знадворку.
Але і падлогу святыні пакрыў ён золатам, унутры і звонку.
Да ўходу да палацу зрабіў дзьверы з аліўнага дзерва, зь пяцьсьценнаю абсадаю.
І ўваходам у Дабір зрабіў ён дзверы з аліўкавага дрэва з пяцівугольнымі вушакамі.
На дзьвюх дзьвярынах дзьвярэй з аліўнага дзерва ён выплеў пляценьні херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў золатам, і спусьціў золата на херувы а пальмы.
І на дзвюх паловах дзвярэй з аліўкавага дрэва ён выразаў херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў іх золатам, золатам пакрыўшы херубінаў, і пальмы, і ўсё астатняе.
І таксама ён зрабіў уход да сьвятыні з чатырасьценнай абсадаю з аліўнага дзерва,
І ўваходам ў святыню ён зрабіў такім жа чынам чатырохвугольныя вушакі з аліўкавага дрэва,
І дзьве дзьвярыны зь кіпрысавага дзерва; дзьве дошкі адных дзьвярэй былі ссуваныя, таксама дзьве заслоны другіх дзьвярэй былі ссуваныя.
і двое дзвярэй з яловага дрэва, і абедзве паловы адных дзвярэй былі падвоеныя і рухомыя.
І выплеў на іх херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў гладкім золатам тое, што было выразана.
І выразаў на іх херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў усё залатымі пласцінамі.
І збудаваў нутраны панадворак з трох радоў часанага каменя і з раду абробленых кедраў.
І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма радамі адпаліраваных камянёў і адным радам часаных кедравых бярвенняў.
На чацьверты год, месяца зыфа, палажыў ён под дому СПАДАРОВАГА.
Дом Госпада быў заснаваны ў месяцы Зіў, у чацвёртым годзе,
А на адзінанцатым годзе, у месяцу булю, — гэта восьмы месяц, — ён скончыў дом з усімі часьцьмі яго і подле ўсіх пастановаў празь яго; станавіў яго сем год.
і ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, — гэта восьмы месяц, — была закончана святыня з усімі прыладамі яе і з ўсім упарадкаваннем; і будаваў ён яе сем гадоў.