3 царстваў 17 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І сказаў Ільля, Фішвянін, із жыхараў Ґілеадзкіх, Агаву: «Жыў СПАДАР, Бог Ізраеляў, перад Каторым я стаю! Ня будзе ў гэтых гадох расы ані дажджу, хіба толькі подле слова майго».
І сказаў прарок Ілля Тэсбіт з Тэсбы ў Галаадзе Ахабу: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады не будзе ані расы, ані дажджу, пакуль я не скажу!»
І было да яго слова СПАДАРОВА, кажучы:
І прамовіў да яго Госпад, кажучы:
«Пайдзі адгэтуль, і абярніся на ўсход, і схавайся ля цур’я Херыфа, каторы перад Ёрданом.
«Адыдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся каля ручая Харыт, што насупраць Ярдана,
З гэтага цур’я ты будзеш піць, а ґруґаном я расказаў жывіць цябе там».
і будзеш піць з ручая; і Я крукам загадаў, каб цябе там кармілі».
І пайшоў ён, і зрабіў подле слова СПАДАРОВАГА: пайшоў і асяліўся ля цур’я Херыва, каторы перад Ёрданом.
Такім чынам, ён пайшоў і зрабіў паводле слова Госпадава; і калі пайшоў, сеў каля ручая Херыт, які насупраць Ярдана.
І ґруґаны прыносілі яму хлеб і мяса нараніцы, і хлеб і мяса ўвечары, а з цур’я піў.
Таксама крукі прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і такім жа чынам хлеб і мяса вечарам, і ён піў з ручая.
І сталася на канцу дзён, што гэты цурэй высах, бо ня было дажджу на зямлі.
Але па нейкім часе ручай высах; бо ў гэтай зямлі не ішоў дождж.
І было да яго слова СПАДАРОВА:
Такім чынам, прамовіў зноў Госпад да яго, кажучы:
«Устань, і пайдзі да Сарэпату Сыдонскага, і жыві там; Я расказаў там жонцы ўдаве жывіць цябе».
«Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там; бо Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе».
І ўстаў ён, і пайшоў да Сарэпату; і як прышоў да брамы места, вось, там жонка ўдава зьбірае дровы. І пагукаў ён яе, і сказаў: «Вазьмі, калі ласка, імне крыху вады ў судзіну напіца».
Ён устаў і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў ён да гарадской брамы, з’явілася перад ім жанчына, якая збірала дровы; і ён паклікаў яе, і папрасіў: «Дай мне крыху вады са збана напіцца».
І пайшла ўзяць, і гукнуў яе, кажучы: «Вазьмі імне, калі ласка, кавалак хлеба ў руку сваю».
І, калі яна пайшла, каб прынесці, ён наўздагон ёй крыкнуў, кажучы: «Прынясі мне, прашу, яшчэ лустачку хлеба ў руцэ тваёй».
Яна сказала: «Жыў СПАДАР, Бог твой! калі ў мяне ё штось печанае, адно ё жменя мукі ў дзежцы і крыху алівы ў жбанку; і вось, я зьбяру паленцы два, і пайду, і прыгатую гэта сабе а сыну свайму; зьямо гэта й памрэм».
Яна адказала: «Жыве Госпад, Бог твой, я не маю хлеба, толькі жменю мукі ў збане і кроплю алею ў пасудзіне. Вось, я назбіраю крыху дроў, каб пайсці і прыгатаваць сабе і сыну майму ежу, каб з’есці і паміраць».
І сказаў ёй Ільля: «Ня бойся, прыйдзі, зрабі подле слова свайго, але ўперад зрабі з гэтага невялічкі праснак імне і прынясі імне; сабе ж а сыну свайму зробіш пасьлей;
Ілля сказаў ёй: «Не перажывай, але пайдзі і зрабі, як ты казала; толькі перш спячы для мяне ў прысаку булачку з гэтае мукі і прынясі мне; а сабе і свайму сыну потым зробіш.
Бо так кажа СПАДАР, бог Ізраеляў: "Мука ў дзежцы ня высіліцца, і алівы ў жбанку будзе ставаць да тога дня, калі СПАДАР дасьць дождж на від зямлі"».
Бо гэтак сказаў Госпад, Бог Ізраэля: “Мука ў збане не скончыцца і алей у пасудзіне не зменшыцца аж да дня, у які пажадае Госпад даць дождж на паверхню зямлі”».
І пайшла яна, і зрабіла так, як сказаў Ільля; і ела яна а ён а дом ейны дні.
Яна пайшла і зрабіла, што сказаў Ілля, і ела яна, і ён, і дом яе доўгі час.
Мука ў дзежцы не высілялася, і алівы ў жбанку ставала подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён праказаў Ільлёю.
Мука ў збане не канчалася і алей у пасудзіне не змяншаўся паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз Іллю.
Просьле гэтага захварэў сын гэтае жонкі, гаспадыні дому, і хвароба ягоная была такая цяжкая, што не засталося ў ім душы.
А здарылася па нейкім часе, што захварэў сын той удавы, гаспадыні дома; і хвароба яго была дужа цяжкая, так што ён перастаў дыхаць.
І сказала яна Ільлі: «Што імне й табе, чалавеча Божы? Ты прышоў да мяне прыпомнець бяспраўе мае і зрабіць сьмерць сыну майму».
Дык сказала яна Іллі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне правіннасці мае і забіць сына майго?»
І сказаў ён ёй: «Дай імне сына свайго». І ўзяў яго з улоньня ейнага, і ўзьнёс яго на гару, ідзе ён жыў, і палажыў яго на ложак свой,
А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей яе, і занёс у верхні пакой, дзе сам пражываў, і палажыў яго на ложак свой;
І загукаў да СПАДАРА, і сказаў: «СПАДАРУ, Божа мой! няго ж Ты і ўдаве, у каторай я жыву, зробіш ліха, зрабіўшы сьмерць сыну ейнаму?».
І клікаў ён Госпада, і маліўся: «Госпадзе, Божа мой, няўжо ўдаву, у якой я, як госць, жыву, Ты пакараў, каб забраць жыццё ў сына яе?»
І расьцягнуўся над дзяцём трэйчы, і загукаў ён да СПАДАРА, і сказаў: «СПАДАРУ, Божа мой! хай жа зьвернецца душа дзецяняці гэтаму ў яго!»
І распасцёрся ён, і тры разы лёг на дзіця, і зноў паклікаў Госпада і сказаў: «Госпадзе, Божа мой, прашу, хай вернецца душа гэтага хлопца ў цела яго».
І пачуў СПАДАР голас Ільлін, і зьвярнулася душа дзецяняці гэтаму ў яго, і ён ажыў.
І выслухаў Госпад голас Іллі, і вярнулася душа хлопца ў яго, і ён ажыў.
І ўзяў Ільля дзяцё, і зьнёс яго далоў з гаравое залі да дому, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: «Глянь, сын твой жывець».
І ўзяў Ілля хлопца, і знёс яго з верхняга пакоя ўніз, і аддаў маці яго, і сказаў ёй: «Глядзі, жывы сын твой».
І сказала тая жонка Ільлі: «Цяпер я даведалася, што ты чалавек Божы, і што слова СПАДАРОВА ў вуснах тваіх — праўда».
І жанчына сказала Іллі: «Цяпер дзякуючы гэтаму ведаю я, што ты — чалавек Божы, і слова Госпада ў вуснах тваіх — праўда».