3 царстваў 9 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І сталася, як Салямон скончыў станавіць дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі і ўсе зычанае Салямонам, што ён хацеў зрабіць,
Сталася ж пасля таго, як Саламон скончыў будаваць святыню Госпада і палац царскі, і ўсё, што задумаў і хацеў зрабіць,
Што зьявіўся Салямону СПАДАР другім наваратам, як зьявіўся яму ў Ґівеоне.
з’явіўся яму Госпад другі раз, як з’яўляўся Ён яму ў Габаоне.
І сказаў яму СПАДАР: «Я пачуў маленьне твае, каторым ты маліў Мяне; Я пасьвяціў гэты дом, каторы ты пастанавіў, каб палажыць імя Мае там на векі; і будуць вочы Мае а сэрца Мае там усі дні.
І сказаў Госпад яму: «Я выслухаў малітву тваю і просьбу тваю, якімі ты маліўся перада Мною; і Я асвяціў святыню гэтую, якую ты пабудаваў, каб прабывала Імя Маё там вечна; і будуць там вочы Мае і сэрца Маё ва ўсе дні.
І калі ты будзеш хадзіць перад відам Маім, як хадзіў ацец твой Давід, у дасканальнасьці сэрца і шчыра, каб рабіць подле ўсёга, што Я расказаў табе, і калі будзеш дзяржаць уставы Мае а суды Мае,
Таксама ты, калі будзеш хадзіць перада Мной, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысціні сэрца і ў справядлівасці, і будзеш спаўняць усё, што Я загадаў табе, і, калі захаваеш законы Мае і прыказанні Мае,
То Я пастанаўлю каралеўскі пасад твой над Ізраелям на век, як Я казаў айцу твайму Давіду, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе муж ад пасаду Ізраелявага".
Я пастаўлю пасад царства твайго над Ізраэлем навекі, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Не будзе адкінуты ад пасада Ізраэля нашчадак з роду твайго”.
Калі ж чыста адступіце вы а сынове вашыя ад Мяне, і ня будзеце дзяржаць расказаньні Мае а ўставы Мае, каторыя Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багом і кланяцца ім;
А калі адвернецеся ад Мяне ў адступніцтве вы і дзеці вашыя, не слухаючы Мяне і не захоўваючы прыказанні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, але пойдзеце, і будзеце пакланяцца чужым багам, і служыць ім,
То Я адатну Ізраеля зь віду зямлі, каторую Я даў ім, і дом, каторы Я пасьвяціў імені Свайму, адхіну ад віду Свайго, і будзе Ізраель прыказьзю а прымаўкаю памеж усіх людаў.
то Я змяту Ізраэль з паверхні зямлі, якую Я даў ім, і святыню, якую Я асвяціў дзеля імя Майго, адкіну з вачэй Сваіх; і станецца Ізраэль у прыказку і ў казку ўсім народам,
І з дому гэтага, дарма што ён высокі, кажны, што будзе праходзіць ля яго, зумеецца а сьвісьне, ды скажуць: "За што СПАДАР учыніў так із гэтаю зямлёю і з гэтым домам?"
і святыня гэтая будзе зруйнаваная. Кожны, хто пройдзе каля яе, задзівіцца, і прысвісне, і скажа: “Чаму Госпад зрабіў гэта зямлі гэтай і дому гэтаму?”
І скажуць: "За тое, што яны пакінулі СПАДАРА, Бога свайго, каторы вывеў айцоў іхных ізь зямлі Ягіпецкае, і ўхапіліся за іншых, і кланяліся ім, і служылі ім, — за гэта навёў на іх СПАДАР усе гэтае ліха"».
І адкажуць: “Бо яны пакінулі Госпада, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іх з зямлі Егіпецкай, і яны пайшлі за чужымі багамі, і пакланяліся ім; дзеля таго Госпад навёў на іх усё гэтае ліха”».
У канцы дваццацёх год, у каторыя Салямон пастанавіў два дамы, — дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі, —
А па дваццаці гадах, пасля таго як Саламон збудаваў два дамы, — гэта значыць святыню Госпада і палац царскі, —
А Гірам, кароль Тырскі, дастаўляў Салямону дзервы кедравыя а дзервы кіпрысавыя й золата, усе на хаценьне ягонае; тады кароль Салямон даў Гіраму дваццаць местаў у зямлі Ґалілейскай.
калі Гірам, цар Тыра, дастаўляў Саламону дрэва кедравае і кіпарысавае, і золата на ўсё, што патрабавала будаўніцтва, — тады цар Саламон даў Гіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
І вышаў Гірам із Тыру паглядзець месты, што даў яму Салямон; і ён не ўпадабаў іх.
І выйшаў Гірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і не спадабаліся яны яму;
І сказаў: «Што гэта за месты, каторыя ты, браце мой, даў імне?» І назваў іх зямлёю Кавул, дагэтуль.
і сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце?» І назваў ён іх зямлёй Кабул, і так яны называюцца да гэтага дня.
І паслаў Гірам каралю сто дваццаць таланяў золата.
І паслаў Гірам цару сто дваццаць талентаў золата.
І гэта прычына падачкаў, каторыя налажыў кароль Салямон, каб пастанавіць дом СПАДАРОЎ а дом свой а Міло а сьцяну Ерузалімскую а Гацор а Меґідо а Ґезэр.
Гэта велічыня падатку, які ўстанавіў цар Саламон на пабудову святыні Госпада, і свайго палаца, і Мэло, і мура ерузалімскага, і Асора, і Мэгіды, і Газэра.
Фараон, кароль Ягіпецкі, узышоў, і перамог Ґезэр, і спаліў яго цяплом, і Канаанян, што жылі ў месьце, пабіў, і аддаў яго як пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямонавай.
Фараон, цар Егіпта, калісьці напаў і здабыў Газэр і спаліў яго агнём, а хананеяў, жыхароў горада, забіў. І аддаў гэты горад у пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламона.
І пастанавіў Салямон Ґезэр а дольні Бефорон
Саламон адбудаваў Газэр і Ніжні Бэтарон,
А Ваалаф а Фадмор на пустыні ў зямлі
Баалат, і Тамар у пустыні,
А ўсі месты на запасы, што былі ў Салямона, а месты на цялежкі а месты коньнікам а ўсе зычанае, што Салямон зычыў пастанавіць у Ерузаліме й на Лібане і ў вусёй зямлі дзяржаньня свайго.
і ўсе гарады для свірнаў, што да яго належаць, і гарады для калясніц, і гарады для коней, і ўсё, што яму падабалася; каб будаваць у Ерузаліме, і ў Лібане, і ўва ўсёй зямлі, што яму належыць.
На ўвесь люд, засталы ад Аморэяў, Гэцічаў, Ферэзэяў, Гэвеяў а Евусэяў, каторыя былі ня із сыноў Ізраелявых,
Увесь народ, які застаўся ад амарэяў, і хетэяў, і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, якія не былі ізраэльцамі,
На дзеці іхныя, засталыя просьле іх на зямлі, каторыя сынове Ізраелявы не маглі выгубіць, Салямон узлажыў на іх падачкі прымуснаю работаю дагэтуль.
дзяцей іх, якія засталіся пасля іх на зямлі, — гэта значыць тых, якіх сыны Ізраэля не змаглі знішчыць, — Саламон зрабіў даннікамі да гэтага дня.
А сыноў Ізраелявых Салямон не зрабіў нявольнікамі, але яны былі ваюнамі ягонымі а слугамі ягонымі а галоўнымі ягонымі а вайводцамі ягонымі а галоўнымі над цялежкамі а коньнікамі ягонымі.
А з ізраэльцаў Саламон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі, і паслугачамі яго, і кіраўнікамі, і ратнікамі яго, і кіраўнікамі калясніц і коннікаў.
Вось, галоўных ураднікаў, што былі над работаю Салямонаваю, каторыя радзілі людзёў, работу робячых, было пяцьсот пяцьдзясят.
А кіраўнікамі над імі былі тыя, хто быў назначаны над усімі работамі Саламона, пяцьсот пяцьдзесят чалавек; яны наглядалі за людзьмі і кіравалі вызначанымі работамі.
Дачка ж фараонава зышла зь места Давідавага да свайго дому, каторы пастанавіў ёй Салямон; пасьлей пастанавіў ён Міло.
А дачка фараона выйшла з горада Давідава ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон; тады ён пабудаваў Мэло.
І абракаў Салямон трэйчы ў год ўсепаленьні а супакойныя аброкі на аброчніку, каторы ён пастанавіў СПАДАРУ, і кадзіў на ім перад СПАДАРОМ. І скончыў ён дом.
Таксама тры разы ў год Саламон ускладаў ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння на ахвярнік, які ён збудаваў для Госпада, і кадзіў перад Госпадам, і была скончана святыня.
Кароль Салямон таксама зрабіў караб у Ёцыён-Ґеверу, каторы ля Елофу, на беразе Чырвонага мора, у зямлі Едомскай.
І пабудаваў цар Саламон караблі ў Эцыён-Гебэры каля Айлата, на беразе Чырвонага мора ў зямлі Эдом.
І паслаў Гірам на караблю сваіх слугаў карабельнікаў, зналых мора, із слугамі Салямонавымі;
І на караблі тыя Гірам паслаў паслугачоў сваіх, маракоў, якія ведаюць мора, разам з паслугачамі Саламона.
І прыбылі яны да Офіру, і ўзялі стуль золата чатырыста дваццаць таланяў, і прывезьлі каралю Салямону.
Яны, прыплыўшы ў Афір і ўзяўшы адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, даставілі яго цару Саламону.