Амоса 2 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Маава і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перапаліў косткі цара Эдомскага на вапну.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Мааба і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што спаліў косці цара Эдома на вапну.
І пашлю агонь на Маава, — і зжарэ харомы Карыота, і загіне Мааў сярод разгрому з шумам пад гук трубы.
Дык пашлю агонь на Мааба, ён паглыне палацы Карыёта, ды прападзе ў час завірухі ваеннай Мааб, у гармідары і пры гуку трубы:
Зьнішчу судзьдзю з асяродзьдзя яго і ўсьмерчу ўсіх князёў яго разам зь ім, кажа Гасподзь.
знішчу з пасярод яго суддзю і разам з ім пазабіваю ўсіх яго князёў”, — кажа Госпад.
Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Юды і за чатыры не пашкадую яго, бо адкінулі закон Гасподні і пастановаў Яго не захавалі, і ідалы іхнія, сьледам за якімі хадзілі бацькі іхнія, зьвярнулі іх з дарогі.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Юды і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што адкінулі закон Госпадаў і загадаў Яго не захавалі, звялі іх ідалы іх, за якімі хадзілі бацькі іх;
І пашлю агонь на Юду, — і зжарэ харомы Ерусаліма.
дык сашлю агонь на Юду, і паглыне ён палацы Ерузаліма”.
Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Ізраіля і за чатыры не пашкадую яго, бо прадаюць праўдзівага за срэбра і беднага — за пару сандаляў.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох збродняў Ізраэля і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што за срэбра прадаюць справядлівага, а беднага — за пару сандаляў.
Прагнуць, каб пыл зямны быў на галаве ў бедных, і шлях паслухмяных скрыўляюць; нават бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб няславіць сьвятое імя Маё.
У пыле зямлі топчуць яны галовы бедных, а дарогу ўбогіх крывяць; а сын і бацька яго ходзяць да [той самай] дзяўчыны, каб зняважыць Маё святое імя.
На вопратцы, узятай пад заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка, і віно, спаганянае з абвінавачаных, п’юць у доме багоў сваіх.
І на вопратках, узятых у залог, вылежваюцца пры кожным ахвярніку, і віно, атрыманае з абвінавачаных, п’юць у доме Бога свайго.
А Я зьнішчыў перад абліччам іх Амарэя, вышыня якога была як вышыня кедра, і які быў моцны як дуб; Я зьнішчыў плод яго наверсе і карэньне яго ўнізе.
Я знішчыў з-пад іх аблічча амарэяў, вышыня якіх была падобнай да вышыні кедраў, а моц — быццам дубоў; я знішчыў плод іх зверху, а знізу — карані яго.
А вас Я вывеў зь зямлі Егіпецкай і вадзіў вас у пустыні сорак гадоў, каб вы ўспадкавалі зямлю Амарэйскую.
Вывеў жа Я вас з зямлі Егіпецкай, і вёў вас праз пустыню сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэяў.
З сыноў вашых Я выбіраў у прарокі і з хлопцаў вашых — у назарэі; ці ж ня так гэта, сыны Ізраіля? кажа Гасподзь.
І пасярод сыноў вашых узняў прарокаў, а паміж юнакоў вашых — назіраў. Ці не было так, сыны Ізраэля?” — кажа Госпад.
А вы назарэяў паілі віном і прарокам загадвалі, кажучы: не прарочце.
А вы назарэйцаў паілі віном, а прарокам забаранялі, кажучы: “Не праракуйце”.
Вось, Я прыцісну вас, як цісьне калясьніца, накладзеная снапамі, —
Вось жа, Я прыцісну вас да зямлі, як прыціскае воз, загружаны снапамі.
і ва ўвішнага ня станецца сілы бегчы, і моцны ня ўтрымае крэпасьці сваёй і адважны не ўратуе свайго жыцьця,
У спрытнага не стане сілы ўцячы, ды дужы не адчуе сілы сваёй, а волат не ўратуе душу сваю;
ні стралец з лука ня ўстоіць, ні скараход не ўцячэ, ні кожны верхавец не ўратуе свайго жыцьця.
лучнік не ўстаіць, ані спрытны не ўратуецца на нагах сваіх, а коннік на кані не ўратуе душу сваю.
І самы адважны з адважных уцячэ голы ў той дзень, кажа Гасподзь.
Нават наймацнейшы духам сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень”, — кажа Госпад.