Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,
 
Калі, восьжа, ёсьць якое суцяшэнне ў Хрыстусе, якая патоля ў любасьці, якая супольнасьць духа, калі ёсьць спачуцьцё сэрца,

дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;
 
то давяршэце маю радасьць: будучы з’адзіненымі той самай думкай, той самай любасьцяй, аднадушнасьцяй і згодлівасьцяй;

нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.
 
не рабеце нічога пад уплывам спрэчкі, ці дзеля пустахвальства, але ў пакорлівасьці уважаючы адзін другога за сябе вышэйшым.

Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.
 
Не аб сабе тоьлкі турбуйся кажны, але і аб другіх.

Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе;
 
Тое хай думаецца ў вас, што і ў Хрыстусе Езусе:

Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам,
 
Ён, будучы ў натуры Божай, ня лічыў узурпацыяй быць роўным Богу,

а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек;
 
а вынішчыў сябе самога, прыняўшы натуру слугі, стаючыся падобным да людзей і дзеля свайго спосабу жыцьця прызнаны чалавекам;

упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
 
унізіў сябе, стаўшыся паслушным аж да сьмерці, крыжовай сьмерці.

Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя,
 
Таму Бог яго й вывышыў ды даў яму імя,

каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай,
 
каб перад іменням Езуса кланілася ўсякае калена неба, зямлі й падзем’я

і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.
 
ды каб усякі язык вызнаваў, што Езус Хрыстус Усеспадарам ёсьць у хвале Бога Айца.

Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне,
 
Тады вось, мілыя мае, як-то заўсёды вы былі паслушныя з тропатнай боязьзю турбуйцеся аб збаўленні вашым не анно пры маей прысутнасці, але йшчэ болей цяпер, калі мяне між вамі няма;

бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні.
 
бо то Бог ёсьць той, што выклікае ў вас і хацець і выконываць водле ягонай упадобы.

Усё рабеце без нараканьня і сумненьня,
 
Усё рабеце без наракання і мудравання,

каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце,
 
каб быць біззаганнымі й шчырымі нявіннымі дзяцьмі Божымі сярод крывадушнага й разбэшчанага роду, ў якім вы зіяеце моў сьветачы на свеце,

ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў.
 
захоўваючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстуса, што не надарма я бег, не дарма працаваў.

Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас;
 
Але хоцьбы я мусеў на’т кроў праліць маю на ахвяру і паслугу веры вашай, я радуюся й весялюся з усімі вамі;

за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
 
з гэтагаж і вы цешцеся й весялецеся зы мною.

Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам.
 
Спадзяюся ў Езусе Усеспадару хутка паслаць вам Тыматэя, каб і мне было лягчэй на душы, як аб вас даведаюся.

Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас;
 
Ня маю бо нікога так аднадушнага, што гэтак шчыра дбаўбы аб вас;

бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту.
 
бо ўсе шукаюць толькі свайго, а не Езусавага Хрыстусавага.

А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні.
 
Вернасьць яго вам ведамая: ён-жа, як сын бацьку, служыў мне ў Эванэліі.

І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною.
 
Спадзяюся восьжа вам яго выслаць, як толькі даведаюся, што будзе зы мною.

Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
 
Ды й надзеюся ў Богу і сам незабаўна прыбыць.

Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй,
 
Зрэшы, я ўважаў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата й супрацоўніка ды субарацьбіта майго, а вашага высланца й услужніка ў маей патрэбе;

бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу.
 
ён бо жадаў бачыць усіх вас і тужыў, што вы дачуліся аб ягонай хваробе.

Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы.
 
Іставетна ён быў цяжка, ледзь не насьмерць, занядужаў, але Бог над ім зьлітаваўся, ды й ня тоькі над ім, але й нада мною, каб ня меў я журбы над журбою.

Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны.
 
Таму я й паслаў яго вам, каб вы зноў убачыўшы яго, суцешыліся, дый каб і я быў менш сумны.

Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане,
 
Прыміцеж яго з усякай радасьцяй у Богу ды майце гэткіх у чэсьці;

бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне.
 
ён-жа за справу Хрыстуса быў блізкі сьмерці, выстаўляючы жыцьцё на небясьпеку,