Рут 3 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сказала ёй Наомі, сьвякрывя ейная: «Дачка мая, ці не пашукаць табе супачынку, каб табе добра было?
І сказала ёй Наомі, сьвякруха ейная: «Дачка мая, ці не пашукаць табе прыстанішча, каб добра было табе?
І гля, ці не Воаз, сваяк наш, што ты была зь дзяўчатамі ягонымі? Вось, ён вее на таку ячмень гэтае ночы.
І ці ж Боаз ня ёсьць нашым крэўным, з дзяўчынамі якога ты была? Вось, ён будзе веяць на таку ячмень у гэтую ноч.
Дык умыйся, памажся, надзень на сябе адзецьці свае, і зыйдзі на ток, але не паказуйся чалавеку, пакуль ня сконча есьці й піць.
Памыйся, памажся, і апрані адзеньне тваё, і зыходзячы, зыйдзі на ток, але не паказвайся гэтаму чалавеку, пакуль ён ня скончыць есьці і піць.
А як ён ляжа спаць, і будзеш ведаць месца, ідзе ён ляжыць, тады прыйдзеш і адкрыеш ля ног ягоных, і ляжаш. Ён скажа табе, што табе рабіць».
І калі ён ляжа спаць, заўваж месца, дзе ён ляжа, і падыйдзі, і адкрый ногі ягоныя, і ляж там, і ён скажа табе, што табе рабіць».
І сказала ёй: «Зраблю ўсе, што ты сказала імне».
І [Рут] сказала ёй: «Усё, што ты сказала мне, зраблю».
І зышла на ток, і зрабіла ўсе так, як казала ёй сьвякрывя ейная.
І зыйшла яна на ток, і зрабіла тое, што загадала ёй сьвякруха ейная.
І еў Воаз, і піў, і разьвесялілася сэрца ягонае, і пайшоў легчы ля канца тарпы. І яна прышла ціхенька, і адкрыла ля ног ягоных, і лягла.
І паеў Боаз, і выпіў, і стала добра сэрцу ягонаму, і пайшоў, каб легчы на канцы снапоў. І прыйшла [Рут] паціху, і адкрыла ногі ягоныя, і легла.
І было а поўначы: і здрыгануўся гэты чалавек, і павярнуўся, і вось, жонка ляжыць ля ног ягоных.
І была палова ночы, і схамянуўся мужчына, і павярнуўся, і вось, жанчына ляжыць ля ног ягоных.
І сказаў: «Хто ты?» Яна сказала: «Я Рут, служэбка твая; прасьцягні крысо свае на служэбку сваю, бо ты блізкі».
І сказаў ён: «Хто ты?» І яна сказала: «Я — Рут, служка твая. Расьцягні плашч твой над служкай тваёй, бо ты — сваяк-абаронца мой».
І ён сказаў: «Дабраславёна ты СПАДАРОМ, дачка мая! гэты апошні свой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ ляпей за раньшы, што ты не пайшла за маладзёнамі, ці яны бедныя, ці багатыя.
І сказаў ён: «Дабраслаўлёная ты ГОСПАДАМ, дачка мая. Ты зьявіла большую міласэрнасьць цяпер, чым спачатку. Ты не пайшла шукаць маладых людзей, ці то багатых, ці то бедных.
Дык цяпер, дачка мая, ня бойся, усе, што ты кажаш, я зраблю табе, бо ўсі брамы люду майго ведаюць, што ты жонка малайчына.
І цяпер, дачка мая, ня бойся. Я зраблю для цябе ўсё, пра што ты сказала, бо ведаюць усе ў брамах народу майго, што ты — жанчына дабрадзейная.
Дык хоць і праўда, хоць я й сваяк, але таксама ё сваяк бліжшы за мяне.
І гэта праўдзіва, што я — сваяк-абаронца твой, але ёсьць яшчэ сваяк-абаронца, бліжэйшы, чым я.
Пераначуй гэтую ноч; і будзе нараніцы: калі ён выкупе цябе, то добра, хай выкупляе; а калі ён не захоча выкупіць, то я выкуплю цябе; жыў СПАДАР! Ляжы да раньня».
Заставайся на ноч, а раніцаю, калі ён адкупіць цябе, добра, няхай адкупіць. А калі ён не захоча адкупіць цябе, я адкуплю цябе, як жывы ГОСПАД. Сьпі тут да раніцы».
І ляжала яна ля ног ягоных аж да раньня, і ўстала ўперад, чымся хто мог пазнаць адзін аднаго. І сказаў: «Хай ня ведаюць, што жонка прыходзіла на ток».
І спала яна ля ног ягоных аж да раніцы. І ўстала яна раней, чым чалавек можа пазнаць бліжняга свайго. І сказаў [Боаз]: «Няхай ніхто ня ведае, што жанчына прыходзіла на ток».
І сказаў: «Падай хусту, што на табе, і падзяржы яе». І яна дзяржала яе, і ён адмераў шэсьць мераў ячменю, і паддаў ёй, і яна прышла да места.
І сказаў: «Дай накідку, якую маеш на сабе, і трымай яе». І яна трымала, а ён адмерыў ёй шэсьць [мераў] ячменю, і ўсклаў на яе, і яна пайшла ў горад.
І прышла да сьвякрыві свае. І сказала: «Што ты, дачка мая?» І яна пераказала ёй усе, што зрабіў ёй чалавек тый.
І прыйшла яна да сьвякрухі сваёй, і тая сказала ёй: «Што ў цябе, дачка мая?» І яна распавяла ёй усё, што той чалавек зрабіў для яе.
І сказала: «Гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў імне, бо сказаў імне: "Ня прыйдзі пустой да сьвякрыві свае"».
І сказала: «Ён даў мне шэсьць [мераў] ячменю, бо сказаў ён мне: “Ня пойдзеш пустой да сьвякрухі тваёй”».
І сказала: «Пасядзі, дачка мая, пакуль не даведаешся, як скончыцца справа, бо чалавек гэты не супакоіцца, ня скончыўшы сядні справы».
І сказала [Наомі]: «Будзь спакойнай, дачка мая, аж пакуль даведаешся, як пойдуць справы, бо гэты чалавек не супакоіцца, пакуль ня скончыць справы ў гэты дзень».