Эклезіяста 12 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І памятуй Стварыцеля свайго за дзён маладосьці свае, пакуль ня прышлі цяжкія дні, і не насталі гады, празь якія ты скажаш: «Нямаш імне любаты ў іх»;
 
Памятай пра Творцу свайго ў дні юнацтва свайго, пакуль не надыдзе час турбавання, і пакуль не наблізяцца часы, пра якія скажаш: «Не падабаюцца мне яны»;

Пакуль не зацьмелі сонца а сьветла а месяц а гвезды, ані булакі не зьвярнуліся па дажджу;
 
пакуль не зацямніцца сонца, і святло, і месяц, і зоркі, пакуль не вернуцца пасля дажджу хмары;

У дзень, калі задрыжаць дамаверы, і скрывяцца дужасілы, і мелючыя перастануць, бо іх мала, і пацямнеюць выглядаючыя з акна;
 
калі будуць дрыжаць вартаўнікі дома і хістацца мужы найдужэйшыя, і спыняць працу тыя, што мелюць, бо іх стала мала лікам, і пацямнеюць тыя, што глядзяць праз вокны,

І замкнёныя дзьверы будуць ад вуліцаў, як і змоўкне гук жорнаў; і ўстануць на крык птушкі, і будуць паніжаны гукі песьняў;
 
і зачыняць дзверы на вуліцу, калі змоўкне гук жорнаў, і будуць падымацца на голас птушкі, і спыняцца ўсе дочкі спеваў;

Таксама будуць баяцца вышыняў і страхаў на дарогах; і мігдаль заквіціць, і казельчык пацяжэе; і шчэзьне зычаньне, бо людзіна адыходзе да вечнага дому свайго, і плачучыя абходзяць вуліцы;
 
таксама баяцца будуць узвышша і напалохаюцца ў дарозе. Зацвіце міндалевае дрэва, ацяжэе саранча, і асыплецца каперсавы куст, бо будзе ісці чалавек у дом вечнасці сваёй, і па вуліцах кружыць будуць плакальшчыцы;

Аж пакуль срэбны ланцуг ня скволее, і залатая чара не патрышчыцца, і жбан не разаб’ецца ля жарала, і ня зломіцца кола ў студні.
 
перш, чым парвецца срэбраны ланцужок, і паб’ецца залаты келіх, і збан разаб’ецца пры крыніцы, і зламаецца кола над студняю, і вернецца парахно ў зямлю сваю, адкуль было [узята],

І абернецца парахно ў зямлю, як яно было, а дух зьвернецца да Бога, Каторы быў даўшы яго.
 
а дух вернецца да Бога, Які яго даў.

Марнасьць марнасьцяў, сказаў Казаньнік, усе марнасьць.
 
Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — ды ўсё марнасць.

Апрача тога, што Казаньнік быў мудры, ён вучыў яшчэ люд веды. Ён уважаў, скумаў, склаў шмат прыказяў.
 
Паколькі быў Эклезіяст наймудрэйшы, даў ён яшчэ народу веды; разважыў і, даследуючы, склаў шматлікія выслоўі.

Казаньнік стараўся знайсьці жаданыя словы, і напісаў пасьціва словы праўды.
 
Знайшоў Эклезіяст вытанчаныя словы і запісаў найпраўдзівейшыя і поўныя праўды выказванні.

Словы мудрых падобныя да дзідаў, і да ўбітых гваздоў падобныя словы складаньнікаў; даны ад адзінага пастыра.
 
Словы мудрых — як джалы і, як цвікі, умацаваныя парадамі настаўніка; усе яны дадзены адным пастырам.

Звыш усёга гэтага, сыну мой, сьцеражыся: складаць шмат кнігаў — няма канца і шмат занятку — стома целу.
 
А што па-за гэтым, сыне мой, таго не шукай: пісанню многіх кніг няма канца, а частыя разважанні — гэта турбаванне цела.

Канец усяго паслухаем: бойся Бога й расказаньні Ягоныя дзяржы, бо ў гэтым усе чалавеку;
 
Калі ўсё выслухана, канец прамовы [такі]: шануй Бога і спаўняй Яго запаветы, бо ў гэтым — усё для чалавека.

Бо кажны ўчынак Бог прывядзець на суд, кажную патайную рэч, добрая яна ці благая.
 
І ўсё, што адбываецца, Бог прывядзе на суд; усё ўтоенае: і добрае, і ліхое.