Ісуса сына Нава 18 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І зьберліся ўся грамада сыноў Ізраелявых у Шыло, і пастанавілі там будан збору, і зямля была пераможана перад імі.
Усё супольства сыноў Ізраілевых сабралася ў Сілом, і паставілі там скінію сходу, бо зямля была ўпакорана імі.
І засталіся із сыноў Ізраелявых сем плямёнаў, каторыя яшчэ не адзяржалі спадку свайго.
А з сыноў Ізраілевых заставалася сем плямёнаў, якія яшчэ не атрымалі надзелу свайго.
І сказаў Ігошуа сыном Ізраелявым: «Пакуль вы будзеце адвалакаць, каб пайсьці ўвязацца ў зямлю, каторую даў вам СПАДАР, Бог айцоў вашых?
І сказаў Ісус сынам Ізраілевым: ці доўга вы яшчэ будзеце ня дбаць пра тое, каб пайсьці і ўзяць у спадчыну зямлю, якую даў вам Гасподзь Бог бацькоў вашых?
Дайце ізь сябе па трох чалавекаў з плямені; і я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі, і апішуць яе подле спадку свайго, і прыйдуць да мяне.
дайце ад сябе па тры чалавекі з племя; я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі і апішуць яе, як трэба падзяліць ім на надзелы, і прыйдуць да мяне;
І падзеляць яе на сем спадкаў. Юда хай застанецца ў граніцы сваёй з паўдня; а дом Язэпаў хай застанецца ў граніцы сваёй з поўначы.
няхай падзеляць яе на сем надзелаў; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпаў няхай застаецца ў межах сваіх на поўначы;
А вы расьпішыце зямлю на сем часьцяў і прынясіце імне сюды; і я кіну вам на жэрабя тут перад відам СПАДАРА, Бога нашага.
а вы расьпішэце зямлю на сем надзелаў і падайце мне сюды: я кіну вам жэрабя тут перад абліччам Госпада Бога нашага;
Бо няма часьці Левітам памеж вас, бо сьвятарства СПАДАРОВА ё спадак ягоны; Ґад жа а Рувін а палавіца плямені Манасавага ўзялі спадак свой за Ёрданом на ўсход, каторы даў ім Масей, слуга СПАДАРОЎ».
а лявітам няма долі паміж вамі, бо сьвятарства Гасподняе ёсьць доля іхняя; а Гад, Рувім і палавіна племя Манасіінага атрымалі надзел свой за Ярданам на ўсход, які даў ім Майсей, раб Гасподні.
І ўсталі гэтыя людзі, і пайшлі. І расказаў Ігошуа йдучым апісаваць зямлю, кажучы: «Пайдзіце, і абыйдзіце зямлю, і апішыце яе, і зьвярніцеся да мяне; а я тут кіну вам на жэрабя перад відам СПАДАРОВЫМ у Шыле».
Гэтыя людзі ўсталі і пайшлі. А Ісус тым, якія падышлі апісваць зямлю, даў такі загад: ідзеце, абыдзеце зямлю, апішэце яе і вяртайцеся да мяне; а я тут кіну вам жэрабя перад абліччам Гасподнім, у Сіломе.
І пайшлі гэтыя людзі, і прайшлі па зямлі, і папісалі яе па местах яе, на сем часьцяў у кнізе, і прышлі да Ігошуі да табару ў Шыле.
Яны пайшлі, прайшлі па зямлі і апісалі яе, паводле гарадоў яе, на сем надзелаў, у кнізе, і прыйшлі да Ісуса ў табар, у Сілом.
І кінуў Ігошуа на жэрабя ім у Шыле перад СПАДАРОМ, і падзяліў там Ігошуа зямлю сыном Ізраелявым подле дзеляў іхных.
Ісус кінуў ім жэрабя ў Сіломе перад Госпадам, і падзяліў там Ісус зямлю сынам Ізраілевым па дзялянках іх.
І ўзышло жэрабя плямені сыноў Веняміновых, па радзімах іхных. І вышла граніца жэрабя іхнага памеж сыноў Юдзіных і сыноў Язэпавых.
Жэрабя выпала калену сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх. Мяжа іх паводле жэрабя ішла паміж сынамі Юды і сынамі Язэпа;
І ўзышла ім граніца на поўнач ад Ёрдану, і ўзыходзіла граніца ў бок Ерыхону з поўначы, і ўзыходзіла на гару на захад, і былі яе канцы на пустыні Веф-Авен.
Мяжа іх на паўночным баку пачынаецца каля Ярдана, і праходзіць мяжа гэтая каля Ерыхона з поўначы, і падымаецца на гару на захадзе, і канчаецца ў пустыні Бэтавэн;
А стуль праходзіла граніца аж да Лузу, да боку Лузу на паўдня, накш Бэт-Элю, і спушчалася граніца да Атароф-Адару на гары, каторая на паўдня Веф-Горону дольняга.
адтуль мяжа ідзе да Луза, да паўднёвага боку Луза, інакш Вэтыля, і сыходзіць мяжа да Атарот-Адара, да гары, якая на паўднёвым баку Бэт-Арона ніжняга;
І цягнулася граніца, і сьхіналася да морскае стараны на паўдня ад гары, каторая на паўдні перад Вэф-Горонам, і былі канцы яе ля Кіраф-Ваалу, накш Кіраф-Еарыму, места сыноў Юдізных. Гэта заходняя старана.
потым мяжа паварочвае і схіляецца да марскога боку на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Аронам, і канчаецца каля Кірыят-Ваала, інакш Кірыят-Ярыма, горада сыноў Юдавых. Гэта заходні бок.
І паўднявой стараною ад канца Кіраф-Еарыму йдзець граніца к мору, і даходзе аж да жарала вады Нефтоагу;
А паўднёвым бокам ад Кірыят-Ярыма ідзе мяжа да мора і даходзіць да крыніцы водаў Нэфтааха;
Скуль зыходзе граніца да канца гары, што перад даліною сына Гінномавага, што ў даліне Рэфаімаў, на поўнач, і зыходзе даліною Гінномаваю па баку Евуса, на паўдня, і зыходзе да Ец-Роґелю.
потым мяжа сыходзіць да канца гары, якая перад далінаю сына Эномавага, у даліне Рэфаімаў, на поўнач і сыходзіць далінаю Энома да паўднэвага боку Евуса, і ідзе да Эн-Рагела;
Адлі паварачае з поўначы, і йдзець да Ен-Шэмэшу, і йдзець да Ґелілофу, што супроці ўзгор’я Адуміму, і зыходзе да каменя Богана, сына Рувінавага,
потым паварочвае з поўначы і йдзе да Эн-Шамэша, і йдзе да Гелілота, які насупраць узвышша Адуміма, і сыходзіць да каменя Багана, сына Рувімавага;
І йдзець у бок супроці Арабы на поўнач, і спушчаецца на Арабу.
потым праходзіць паблізу раўніны на поўнач і сыходзіць на раўніну;
Адсюль праходзе граніца ў бок Веф-Гоґлы на поўнач, і быў канец граніцы ля паўночнае затокі мора Салонага, ля паўднявога канца Ёрдану. Гэта граніца паўднявая. А Ёрдан агранічае яе з усходу.
адсюль праходзіць мяжу каля Бэт-Хоглы на поўнач, і канчаецца мяжа каля паўночнай затокі мора Салёнага, каля паўднёвага канца Ярдана. Вось мяжа паўднёвая. З усходняга ж боку мяжою служыць Ярдан.
Гэта спадак сыноў Веняміновых, з граніцаю яго навокал, па радзімах іхных.
Вось надзел сыноў Веньямінавых, зь межамі ягонымі з усіх бакоў, паводле родаў іхніх.
І былі месты ў плямені сыноў Веняміновых, па радзімах іхных: Ерыхон а Веф-Гоґла а Емек-Кецыц
Гарады племя сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх, належалі гэтыя: Ерыхон, Бэт-Хогла і Эмэк-Кецыц.
А Веф-Араба а Цэмараім а Бэт-Эль
Бэт-Арава, Цэмараім і Вэтыль,
А Аўвім а Пара а Офра
Авім, Фара і Офра,
А Кефар-Амон а Офні а Ґева: двананцаць местаў ізь сёламі іх.
Кефар-Аманай, Афні і Гева: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.
Ґівеон а Рама а Веероф
Гаваон, Рама і Бэрот,
А Міцпе а Кефіра а Моца
Міцфэ, Кефіра і Моца,
А Рэкем а Ірпеель а Фарала
Рэкем, Ірфэіл і Тарала,
А Цэла, Га-Елеф а Евус, каторы Ерузалім, Ґівеа а Кіраф-Еарым: чатырнанцаць местаў ізь сёламі іх. Гэта спадак сыноў Веняміновых, па радзімах іхных.
Цэла, Элэф і Евус, інакш Ерусалім, Гівэат і Кірыят: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі. Вось надзел сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх.