Ісуса сына Нава 13 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І Ігошуа быў стары, увыйшоў у гады; і сказаў СПАДАР Яму: «Ты застараўся, увыйшоў у гады, а зямлі браць на спадак застаецца яшчэ вельма шмат.
 
Калі Ісус пастарэў, увайшоў у сталы век, тады Гасподзь сказаў яму: ты састарыўся, увайшоў у сталы век, а зямлі браць у спадчыну застаецца яшчэ многа.

Во тая зямля, што засталася: усі аколіцы Пілісцкія і ўсі Ґешурскія.
 
Застаецца гэта зямля: усе акругі Філістымскія і ўся зямля Гесурская.

Ад Шыгору, каторы перад Ягіптам, аж да граніцы Екрону на поўнач, уважаюць за Канаанскія; пяцёх князёў Пілісцкіх: Ґаскага а Ашдодзкага, Ашкелонскага, Ґафскага а Екронскага а Гэвеяў;
 
Ад Сіхора, што перад Егіптам, да межаў Экрона на поўнач, лічацца Ханаанскімі пяць валадароў Філістымскіх: Газскі, Азоцкі, Аскалонскі, Гэцкі, Экронскі і Авэйскі,

Ад паўдня ўся зямля Канаанская і Меара, што належа да Сыдонян аж да Афеку, аж да граніцаў Аморэйскіх,
 
а на поўдзень уся зямля Ханаанская ад Мэары Сідонскай да Афэка, да межаў Амарэйскіх,

І зямля Ґевалы, і ўвесь Лібан на ўсход сонца ад Ваал-Ґаду, каторы пад гарою Гэрмонам, аж да ўходу ў Гамаф.
 
таксама зямля Геўла і ўвесь Ліван на ўсход сонца ад Ваал-Гада, каля гары Эрмона, да ўваходу ў Эмат.

Усіх жыхараў гаравых ад Лібану аж да Місрэфоф-Маіму, усіх Сыдонян Я выжану ад віду сыноў Ізраелявых; адно падзялі яе жэрабям на спадак Ізраелю, як Я расказаў табе.
 
Усіх горных жыхароў ад Лівана да Місрэфот-Маіма, усіх Сіданянаў Я праганю ад аблічча сыноў Ізраілевых. Падзялі ж яе ў надзел Ізраілю, як Я загадаў табе:

Цяпер падзялі зямлю гэтую на спадак дзевяцём плямёнам а палавіцы плямені Манасавага».
 
падзялі зямлю гэтую ў надзел дзевяці плямёнам і палавіне калена Манасіінага.

А зь ім Рувін а Ґад узялі спадкі свае, каторыя даў ім Масей за Ёрданом на ўсход, як даў ім Масей, слуга СПАДАРОЎ,
 
А калена Рувімавае і Гадавае з другою палавінаю калена Манасіінага атрымалі надзел свой ад Майсея за Ярданам на ўсход, як даў ім Майсей, раб Гасподні,

Ад Ароеру, каторы на беразе цур’я Арнона, і места, каторае сярод цур’я, і ўсю раўніну Медэву аж да Дывону;
 
ад Араэра, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўсю раўніну Мэлдэву да Дывона;

І ўсі месты Сыгонавы, караля Аморэйскага, каторы гаспадарстваваў у Гэшбоне, аж да граніцаў сыноў Амонскіх,
 
таксама ўсе гарады Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, да межаў Аманіцкіх,

І Ґілеад, і ўкраіну Ґешурскую а Мааскую, і ўсю гару Гэрмон, і ўвесь Вашан аж да Салехі,
 
таксама Галаал і вобласьць Гесурскую і Маахскую, і ўсю гару Эрмон і ўвесь Васан да Салхі,

Усе каралеўства Оґа Вашанскага, каторы гаспадарстваваў ув Аштарофе а ў Едрэі. Ён застаўся з астачы Рэфаімаў, і Масей зразіў іх, і прагнаў іх.
 
усё царства Ога Васанскага, які валадарыў у Аштароце і ў Эдрэі. Ён заставаўся адзін з Рэфаімаў, якіх Майсей пабіў і прагнаў.

І ня выгналі сынове Ізраелявы Ґешуру а Мааху, і жылі Ґешур а Мааха сярод Ізраеля аж дагэтуль.
 
Але сыны Ізраілевыя ня выгналі сыноў Гесура і Маахі, і жыве Гесур і Мааха сярод Ізраіля да сёньня.

Адно плямені Леваваму ня даў ён спадку. Аброкі СПАДАРОВЫ, Бога Ізраелявага, ё спадкам ягоным, як Ён казаў яму.
 
Толькі калену Лявіінаму ня даў ён надзелу: ахвяры Госпада Бога Ізраілевага вось надзел ягоны, як сказаў яму Гасподзь.

І даў Масей плямені сыноў Рувінавых па радзімах іхных:
 
калену сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх даў надзел Майсей:

І была ў іх граніца Ароер, каторы на беразе цур’я Арнона, і места, каторае сярод цур’я, і ўся раўніна ля Медэвы,
 
Мяжою іх быў Араэр, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўся раўніна каля Мэдэвы,

Гэшбон а ўсі месты ягоныя, каторыя на раўніне, Дывон а Вамоф-Ваал а Веф-Ваал-Меон
 
Эсэвон і ўсе гарады яго, якія на раўніне, і Дывон, Вамот-Ваал і Бэт-Мэон,

А Ягаца а Кедэмоф а Мефааф
 
Яаца, Кедэмот і Мэфаат,

А Кірафаім а Сыўма а Цэрэф-Шагар на гары Емек
 
Кірыятаім, Сіўма і Цэрэт-Шахар на гары Эмэк,

А Веф-Пеор а схоны Пісґі а Веф-Ешымоф
 
Бэт-Фэгор і мясьціны ля падножжа Фасгі і Бэт-Ешымот,

А ўсі месты на раўніне а ўсе каралеўства Сыгонава, караля Аморэйскага, што гаспадарстваваў у Гэшбоне, каторага зразіў Масей, яго а князёў Мідзянскіх: Ева а Рэкема а Цура а Гура а Рэва, князёў Сыгонавых, жыхараў зямлі;
 
і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, якога забіў Майсей як і правадыроў Мадыямскіх, Эвія і Рэкема, і Цура і Хура і Рэву, князёў Сігонавых, якія жылі ў зямлі той;

І Валаама Веоронка, варажбіта, забілі сынове Ізраелявы мячом, меж забітых імі.
 
таксама Валаама, сына Вэоравага, празарліўца, забілі сыны Ізраілевыя мечам у ліку забітых імі.

І быў граніцаю сыноў Рувінавых Ёрдан. І гэта ё граніца спадку сыноў Рувінавых, подле радзімаў іхных, месты іхныя а сёлы іхныя.
 
Мяжою сыноў Рувімавых быў Ярдан. Вось надзел сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.

І даў Масей плямені Ґадоваму, сыном Ґадовым, па радзімах іхных.
 
Майсей даў таксама надзел калену Гадаваму, сынам Гадавым, паводле плямёнаў іхніх:

І былі іх украінаю Язэр і ўсі месты Ґілеадзкія, і палавіца зямлі сыноў Амонавых аж да Ароеру, каторы перад Раўвою,
 
мяжою іхняй быў Язэр і ўсе гарады Галаадскія, і палавіна зямлі сыноў Амонавых да Араэра, што перад Раваю,

І ад Гэшбону аж да Рамаф Міцпы а Ветоніму, і ад Маганаіму аж да граніцаў Дэвіру;
 
і землі ад Эсэвона Рамат-Міцфы і Вэтаніма і ад Маханаіма да межаў Давіра,

І ў даліне Веф-Гарам а Веф-Німра а Сукоф а Цафон, астача каралеўства Сыгонавага, караля Гэшбонскага, Ёрдан з украінаю ягонай аж да канца мора Хінэрэйскага за Ёрданом на ўсход.
 
і ў даліне Бэт-Гарам і Бэт-Німра і Сакхот і Цафон, рэшта царства Сігонавага, цара Эсэвонскага; мяжою яго быў Ярдан да мора Хінэрэцкага за Ярданам на ўсход.

Гэта спадак сыноў Гадовых, подле радзімаў іхных, месты іхныя а сёлы іхныя.
 
Вось надзел сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.

І даў Масей спадак палавіцы плямені Манасавага, і ён быў палавіцы плямені сыноў Манасавых, подле радзімаў іхных.
 
Майсей даў надзел і палавіне племя Манасіінага, які належаў палавіне племя сыноў Манасііных, паводле родаў іхніх;

І была граніца іхная: ад Маганаіму ўвесь Вашан, усе каралеўства Оґава, караля Вашанскага, і ўсі сёлы Яіровы, каторыя ў Вашане, шасьцьдзясят местаў.
 
мяжа іх была: ад Маханаіма ўвесь Васан, усё валадарства Ога, цара Васанскага, і ўсе селішчы Яіравыя, што ў Васане, шэсьцьдзясят гарадоў;

А палавіца Ґілеаду а Аштарофу а Едрэя, месты каралеўства Оґа Вашанскага, — сыном Махіровым, сына Манасавага, палавіцы сыноў Махіровых, подле радзімаў іхных.
 
а палавіна Галаада і Астарот і Эдрэя, царскія гарады Ога Васанскага, сынам Махіра, сына Манасіінага, палавіне сыноў Махіравых, паводле родаў іхніх.

Во што Масей даў на спадак на раўнінах Моаўскіх за Ёрданом супроці Ерыхону на ўсход.
 
Вось, што Майсей даў у надзел на раўнінах Маавіцкіх за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.

Але плямені Леваваму ня даў Масей спадку: СПАДАР, Бог Ізраеляў, Сам ё спадкам іхным, як Ён казаў ім.
 
А племю Лявіінаму Майсей ня даў надзела: Гасподзь Бог Ізраілеў Сам ёсьць надзел іхні, як Ён казаў ім.