Ісуса сына Нава 16 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І вышла жэрабя сыном Язэпавым: ад Ёрдану ля Ерыхону, ля водаў Ерыхонскіх на ўсход, пустыня, што ўзыходзе ад Ерыхону пераз гару Бэт-Эль,
Потым выпала жэрабя сынам Язэпавым: ад Ярдана каля Ерыхона, каля водаў Ерыхонскіх на ўсход, пустыня, што прасьціралася ад Ерыхона да гары Вэтыльскай;
І йдзець ад Бэт-Элю да Лузу, і пераходзе да граніцы Аркі, да Атарофу,
ад Вэтыля ідзе мяжа да Луза і пераходзіць да мяжы Архі да Атарота,
І спушчаецца к мору, да граніцы Яфлеты, да граніцы Беф-Горону дольняга аж да Ґезэра, і былі яе канцы ля мора.
і апускаецца да мора, да мяжы Яфлета, да мяжы ніжняга Бэт-Арона і да Газэра, і канчаецца каля мора.
І адзяржалі сынове Язэпавы, Манас а Яхрэм.
Гэта і атрымалі ў надзел сыны Язэпа: Манасія і Яфрэм.
І была граніца сыноў Яхрэмавых па радзімах іхных, і была граніца спадку іхнага з усходу: Атароф-Адар аж да Веф-Горону вышняга.
Мяжа сыноў Яфрэмавых паводле родаў іхніх была: з усходу мяжою надзелу іхняга быў Атарот-Адар да Бэт-Арона верхняга;
І вышла граніца да мора паўночным бокам Міхмефафу, і паварачае да ўсходняга боку Фанаф Шыла, і праходзе яна з усходняга боку Яноагу.
потым ідзе мяжа да мора паўночным бокам Міхмэтата і паварочвае да ўсходняга боку Таанат-Сілома і праходзіць яго з усходняга боку Яноха;
І спушчаецца ад Яноагу да Атарофу а Наарагу, стыкаецца зь Ерыхонам і даходзе аж да Ёрдану.
ад Яноха, сыходзячы да Атарота і Наарата, прымыкае да Ерыхона і даходзіць да Ярдана;
Ад Тапуагу йдзець граніца к мору да цур’я Кана, і канцы яе былі ля мора. Гэта спадак плямені сыноў Яхрэмавых, па радзімах іхных.
ад Тапуаха ідзе мяжа да мора, да патока Каны, і канчаецца морам. Вось надзел племю сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх.
І месты выдзеленыя сыном Яхрэмавым сярод спадку сыноў Манасавых, усі месты ізь сёламі іх.
І гарады аддзелены сынам Яфрэмавым у надзеле сыноў Манасііных, усе гарады зь сёламі іх.
Але ня выгналі Канааняніна, што жылі ў Ґезэру; і жыў Канаанянін сярод Ехрэма дагэтуль, і стаў нявольнікамі дані.
Але ня выгналі Хананэяў, якія жылі ў Газэры; таму Хананэі жылі сярод Яфрэмавых да сёньня, плацячы ім даніну.