Ёва 31 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Я заключыў запавет з вачамі маімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну.
 

Якая ж доля мая ў Бога на вышыні, і якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях?
 

Ці ж не загуба [прызначана] для ліхотніка, і няшчасьце — для злачынцы?
 

Ці ж Ён ня бачыць шляхоў маіх і ня лічыць усе крокі мае?
 

Ці ж хадзіў я ў марнасьці, і ці ж нага мая сьпяшалася да подступу?
 

Няхай узважыць Ён мяне на вагах справядлівых, і няхай ведае Бог невінаватасьць маю.
 

Калі зыходзіў крок мой са шляху, і пайшло за вокам маім сэрца маё, і запляміла рукі мае што нячыстае,
 

няхай я пасею, а есьці будзе іншы, і нашчадкі мае будуць вырваныя з каранямі.
 

Калі сэрца маё зьвяла жанчына, і калі цікаваў я пры дзьвярах бліжняга майго,
 

няхай жонка мая меле для другога, і няхай іншыя прыхіляюцца да яе.
 

Бо гэта брыдота, злачынства, што падлягае суду.
 

Гэта агонь, які палае для Абадону, які выкараняе ўсю маёмасьць маю.
 

Калі я адмовіў суду слузе майму і служцы маёй, калі яны спрачаліся са мною,
 

што я буду рабіць, калі паўстане Бог? І калі Ён наведае мяне, што я адкажу Яму?
 

Ці ж ня Той, Хто мяне ўфармаваў ва ўлоньні, уфармаваў і яго; і ва ўлоньні [маці] ўкшталтаваў нас Адзіны?
 

Ці ж адмовіў я ў просьбе ўбогім і ці засмуціў вочы ўдавы?
 

Ці я адзін зьядаў кавалак свой, і ці ня еў яго сірата?
 

Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і вёў яго ад улоньня маці.
 

Калі я бачыў таго, што гіне без адзеньня, або бедака, што ня меў чым накрыцца,
 

ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, калі грэла іх воўна авечак маіх?
 

Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе,
 

няхай адпадзе рамяно ад сьпіны маёй, і няхай рука мая адломіцца ад локця.
 

Бо страшнае мне было пакараньне Божае, перад веліччу Яго я не магу ўстаяць!
 

Ці ў золаце я меў спадзяваньне? І ці золату чыстаму я казаў: “Надзея мая”?
 

Ці цешыўся я дзеля мноства багацьцяў маіх, што рука мая столькі прыдбала?
 

Калі я бачыў сонца, як яно зьзяе, або месяц, які ў яснасьці плыве,
 

ці спакусіўся я таемна ў сэрцы маім, і ці цалавалі вусны мае руку маю?
 

Гэта было б злачынства, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога на вышынях.
 

Ці я цешыўся з падзеньня таго, хто ненавідзеў мяне, і ці радаваўся, што яго напаткала няшчасьце?
 

Але я не даваў грашыць паднябеньню майму, каб праклінаць душу ягоную.
 

Ці ж не гаварылі людзі намёту майго: “Хто ж не насыціўся мясам ягоным!”
 

На двары не заставаўся прыхадзень, брама мая была адкрытая для падарожнікаў.
 

Ці ўтойваў я грэх мой як [іншы] чалавек, і ці хаваў за пазухай правіну маю?
 

Тады б я баяўся грамады вялікай, і пагарда бліжніх палохала б мяне, і маўчаў бы я, і не выходзіў за дзьверы.
 

Хто мне дасьць таго, хто паслухае мяне? Вось подпіс мой. Няхай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой,
 

каб я насіў яе на плячах маіх і налажыў яе сабе, як вянец.
 

Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да начальніка.
 

Калі б жалілася на мяне зямля мая, і з ёй плакалі барозны ейныя,
 

што плады ейныя я еў бяз срэбра, і што крыўдзіў душу ўласьніка яе,
 

няхай замест пшаніцы родзіцца мне калючка, а замест ячменю — кукаль!» Скончыліся словы Ёва.