Ёва 30 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

А цяпер сьмяюцца з мяне маладзейшыя за мяне днямі, бацькоў якіх я грэбаваў пакласьці разам з сабакамі пры авечках маіх.
 

Бо сіла рук іхніх мне была не патрэбная. Поўня сілы іх мінула.
 

З бяды і з голаду яны зьнемагліся, і жывіліся ў [зямлі] бясплоднай, зруйнаванай і спустошанай.
 

Зьбіралі лебяду і хмызьнякі, і корань ядлоўца быў хлебам іхнім.
 

Спасярод сябе іх выкідалі і крычалі на іх, як на злодзеяў.
 

І жылі яны ў сухіх ярах, у ямах зямлі і ў скалах.
 

Раўлі яны ў хмызьняках і зьбіраліся пад цернямі,
 

сыны неразумных і сыны без імя, выгнаныя з зямлі.
 

А цяпер стаўся я для іх насьмешкай і зрабіўся ім у прыказку.
 

Яны брыдзяцца мяне і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромеюцца пляваць мне ў твар,
 

бо Ён разьвязаў пояс мой, і ўдарыў мяне, і яны скінулі вузду [з сябе] перад абліччам маім.
 

Праваруч паўстаюць падшыванцы і падстаўляюць нагу мне, і накіроўваюць на мяне сьцежкі загубы сваёй.
 

Папсулі яны дарогі мае, карыстаюцца з пакутаў маіх, і ня трэба ім дапамога.
 

Як праз вылом муру напалі яны на мяне, і спад руінаў выскокваюць.
 

Жахі агарнулі мяне; як вецер зьнікла веліч мая, і збаўленьне маё, як хмара, праляцела.
 

І цяпер выліваецца з мяне душа мая, і дні гора нахлынулі на мяне.
 

Ноччу [боль] пранізвае косткі мае, і тыя, што ядуць мяне, ня сьпяць.
 

Моцна прыстала да мяне адзеньне маё, і прыліпла сукня мая да мяне.
 

Ён кінуў мяне ў балота, і я стаўся падобны да пылу і попелу.
 

Я клічу Цябе, але Ты не адказваеш мне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне.
 

Ты стаўся бязьлітасным для мяне і з моцаю бічуеш мяне рукою Тваёй.
 

Ты падняў мяне і пусьціў на вецер, і спустошыў мяне.
 

Ведаю, што Ты на сьмерць вядзеш мяне, і ў дом, дзе зьбярэцца ўсё жывое.
 

Хіба не працягвае рукі зруйнаваны? Ці не крычыць ён у няшчасьці сваім?
 

Ці ня плакаў я над пакрыўджаным? Ці душа мая не спагадала ўбогаму?
 

Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і шукаў сьвятла, але прыйшла цемра.
 

Нутро маё кіпіць і не змаўкае, нахлынулі на мяне дні гора майго.
 

Хаджу я счарнелы, але не ад сонца, устаю ў грамадзе і крычу.
 

Я стаўся братам для шакалаў і бліжнім для страусаў.
 

Скура мая счарнела на мне, і косткі мае высахлі ад сьпякоты.
 

Сталіся сумнымі гусьлі мае, і жалейка мая з плачам галосіць.