Ёва 23 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І адказаў Ёў, і сказаў:
 

«І сёньня з горыччу жальба мая, бо рука Ягоная цяжэйшая за стагнаньне маё.
 

О, каб я ведаў, дзе знайсьці Яго, я пайшоў бы да месца жытла Ягонага!
 

Я б прынёс перад аблічча Ягонае справу маю і напоўніў бы вусны мае нараканьнямі.
 

І ведаў бы я словы, якімі Ён адкажа, і зразумеў бы, што Ён будзе казаць мне.
 

Ці з вялікім запалам Ён будзе спрачацца са мною? Не! Ён толькі зьверне ўвагу на мяне!
 

Там справядлівы прадставіць справу сваю перад Ім, і ад Судзьдзі майго выйду я вольным.
 

Але вось, я іду на ўсход, і няма Яго, і іду на захад, і не знаходжу Яго.
 

На поўначы шукаю Яго, і ня бачу, і паварочваю на поўдзень, і не заўважаю.
 

А Ён ведае шлях мой, і няхай выспрабуе мяне, выйду я [чысты], як золата.
 

Нага мая трымалася сьлядоў Ягоных, я пільнаваў шляхі Ягоныя і не зыходзіў з іх.
 

Ад загадаў вуснаў Ягоных не адступаюся, і захоўваю словы вуснаў Ягоных як пастанову.
 

Ён адзін [вырашае], і хто заверне Яго? І што захоча душа Ягоная, Ён зробіць.
 

Бо Ён зробіць, што прызначыў пра мяне, і шмат такога ёсьць у Яго.
 

Таму я дрыжу перад абліччам Ягоным, разважаю [пра Яго], і ў страху вялікім перад Ім.
 

Бог аслабіў сэрца маё, і Усемагутны настрашыў мяне.
 

Бо не ад цемры я гіну, і аблічча маё не пакрытае змрокам.