Ёва 33 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Дык выслухай, Ёве, прамову маю і прыхілі вуха на ўсе словы мае.
 

Вось, я адкрываю вусны свае, і язык мой гаворыць у вуснах маіх.
 

Ад шчырага сэрца плывуць словы мае, і яснае веданьне кажуць вусны мае.
 

Дух Божы ўчыніў мяне, і дыханьне Усемагутнага ажывіла мяне.
 

Падрыхтуйся і стань перад абліччам маім, і прадстаў справу тваю.
 

Вось, я, як вусны твае перад Богам, таксама я з гліны ўфармаваны.
 

Вось страх [перада] мною няхай цябе не палохае, і рука мая няхай ня будзе цяжкаю над табою.
 

Тое, што ты гаварыў — у вушах маіх, і я чуў голас словаў тваіх:
 

“Чысты я, бяз грэху, беззаганны, і няма віны ў-ва мне.
 

Але [Бог] знайшоў абвінавачваньне супраць мяне, і лічыць мяне ворагам Сваім.
 

Ён закаваў у кайданы ногі мае, пільнуе ўсе сьцежкі мае”.
 

Вось, у гэтым ты няправедны. Я адкажу табе, бо Бог большы за чалавека.
 

Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе ніводнага слова?
 

Бог прамаўляе і адзін раз, і другі, а [чалавек] не зважае на гэта.
 

У сьне і ў відзежы начным, калі моцны сон агартае людзей і ў дрымоце на ложку,
 

адкрывае Ён вуха людзям, і палохае іх у зьявах,
 

каб адвярнуць чалавека ад учынкаў [ліхіх], і вызваліць яго ад пыхлівасьці,
 

каб захаваць душу ягоную ад магілы, і жыцьцё ягонае, каб не загінула ад дзіды.
 

Ён дакарае яго хваробаю на ложку ягоным і болем безупынным у костках ягоных.
 

І жыцьцё ягонае брыдзіцца хлебам, і душа ягоная — страваю найлепшаю.
 

Цела яго зьнікае на вачах, і косткі, звычайна ня бачныя, адкрываюцца.
 

Набліжаецца душа ягоная да магілы, і жыцьцё ягонае — да памёршых.
 

Калі пры ім анёл-абаронца, адзін з тысячы, які распавядзе чалавеку, у чым праведнасьць ягоная,
 

тады зьлітуецца [Бог] над ім і скажа: “Выратуй яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў выкуп [за яго]”.
 

Тады цела ягонае стане, як у маладосьці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго.
 

Ён будзе маліць Бога, і [Бог] будзе спагадны яму, і ўбачыць аблічча ягонае радасным, і верне чалавеку праведнасьць ягоную.
 

І ён паглядзіць на людзей і скажа: “Я грашыў і чыніў няправасьць, і не аднагароджана мне.
 

Ён выкупіў душу маю, каб не трапіла ў магілу, і будзе бачыць сьвятло жыцьцё маё”.
 

Вось, усё гэта робіць Бог два, і тры разы з чалавекам,
 

каб адвесьці душу ягоную ад магілы, і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
 

Уважай, Ёве, паслухай мяне, і памаўчы, і я прамоўлю.
 

Калі маеш словы, адкажы мне. Прамоў, бо хачу, каб ты аказаўся праведным.
 

Калі ж ня маеш, паслухай мяне. Маўчы, і я навучу цябе мудрасьці».