Ёва 15 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў:
«Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя, і ці напоўніць жывот свой ветрам палючым?
Ці будзе спрачацца словамі пустымі і словамі, якія нічым не дапамогуць?
Ты адкідаеш страх Божы і аслабляеш малітву да Бога.
Вусны твае гавораць паводле сапсутасьці тваёй, і ты карыстаешся мовай хітруноў.
Асуджаюць цябе вусны твае, але ня я, і губы твае сьведчаць супраць цябе.
Ці ты — першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі?
Ці ты слухаў на нарадзе з Богам і ўзяў сабе мудрасьць?
Ці ты нешта ведаеш, чаго мы ня ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем?
Паміж нас ёсьць і старыя, і сівыя, старэйшыя, чым дні бацькі твайго.
Ці табе мала пацяшэньня Божага і лагоднага слова, якое табе сказанае?
Чаму так абураецца сэрца тваё, і чаму так ганарліва глядзяць вочы твае,
што ты гневаешся на Бога і вырываюцца такія словы з вуснаў тваіх?
Хто такі чалавек, каб быць яму беззаганным? І ці можа быць праведным народжаны жанчынаю?
Ён сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах Ягоных.
Тым больш брыдкі і сапсуты чалавек, які, як ваду, п’е ліхоту.
Паслухай мяне, і я распавяду табе, і тое, што бачыў, раскажу табе,
што мудрыя чулі і ня ўтойвалі гэтага бацькі іхнія.
Ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не хадзіў чужынец.
Бязбожнік мучыцца праз усё жыцьцё сваё, і няпэўны лік гадоў злачынцы.
Ён заўсёды чуе крык жахлівы вушамі сваімі, і калі падаецца, што ўсё спакойна, на яго нападае нішчыцель.
Ён ня верыць, што можа вырвацца з цемры, яму прызначана ад мяча загінуць.
Ён бадзяецца, [шукаючы] хлеба, і дзе ён? І ён ведае, што падрыхтаваны для яго дзень цемры.
Палохае яго бяда, і мучэньне на яго нападае, як валадар, падрыхтаваны да бою.
Выцягвае ён руку сваю на Бога і хоча працівіцца Усемагутнаму,
і бяжыць на Яго з выцягнутай шыяй пад заслонай тоўстага шчыта.
Ён пакрыў твар свой тлушчам сваім, а з бакоў ягоных сала зьвісае.
Ён жыве ў гарадах апусьцелых, і ў дамах неабжытых, даведзеных да заняпаду.
Ён ня будзе багаты, і не захаваецца маёмасьць ягоная, і на зямлі ён не запусьціць каранёў.
Ня выберацца ён з цемры, і сьпёка спаліць парасткі ягоныя, і вецер абаб’е першацьвет ягоны.
Няхай ня верыць марнасьці ашуканы, бо марнасьць будзе ўзнагародай ягонай.
Перш, чым спыняцца дні ягоныя, ён зьвяне, і галіны ягоныя не зазелянеюць.
Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелыя гронкі, і, як аліўка, страсе кветкі свае.
Грамада бязбожніка будзе бясплоднай, агонь спаліць намёты хабарнікаў.
Бо ён зачаў ліхоту і нарадзіў марнасьць, і нутро ягонае падман рыхтуе».