Ёва 10 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Абрыдла мне жыцьцё маё, стану я наракаць на сябе і гаварыць у горычы душы маёй!
Скажу я Богу: “Не асуджай мяне, а пакажы мне, за што Ты мяне так судзіш?
Ці добрым Табе здаецца тое, што Ты прыгнятаеш і ганьбіш твор рук Тваіх, а радзе бязбожных спрыяеш?
Ці Ты маеш вочы цялесныя, або як чалавек бачыць, так і Ты бачыш?
Ці ж дні Твае — як дні чалавечыя, і гады Твае — як гады чалавека,
што Ты шукаеш няправеднасьць маю і даведваешся грахі мае.
Хоць Ты ведаеш, што я нічога благога не зрабіў, але няма нікога, хто б з рукі Тваёй мог выцягнуць мяне.
Рукі Твае зрабілі мяне і ўфармавалі мяне, але Ты раптам губіш мяне.
Памятай, прашу, што Ты з гліны зрабіў мяне. Чаму зноў у парахно мяне вяртаеш?
Ты выліў мяне як малако, і як сыр, зьляпіў мяне.
У скуру і цела Ты апрануў мяне, зьвязаў мяне косткамі і жыламі,
абдарыў мяне жыцьцём і любоўю, і апека Твая сьцерагла дух мой.
Хоць гэта хаваў Ты ў сэрцы Тваім, аднак я ведаю, што яно было ў душы Тваёй.
Калі б я саграшыў, Ты б убачыў, і не пакінуў бы грэху майго без пакараньня.
Гора мне, калі б я стаўся ліхім, але хоць бы і быў праведны, дык і тады не падыму галавы, насычаны зьдзекамі і горам.
Калі я падымуся, Ты, як леў, ловіш мяне, і зноў паказваеш мне веліч Тваю.
Ты ставіш сьведкаў Тваіх супраць мяне і павялічваеш гнеў Твой на мяне, і кары Твае будуць спадаць на мяне.
Навошта выводзіў Ты з улоньня мяне? Лепш бы я памёр, калі яшчэ ніводнае вока ня бачыла мяне!
Няхай бы я быццам ня быў, і з улоньня пайшоў бы ў магілу.
Ці ж не кароткія дні жыцьця майго? Дык прабач Ты мяне, каб крыху прасьвятлела аблічча маё,
пакуль я пайду, і не вярнуся, у зямлю цемры і ценю сьмерці,
у зямлю начнога змроку і ценю сьмерці, дзе бязладзьдзе і сьвятло нібы ноч”».