Ераміін Плач 2 разьдзел

Ераміін Плач
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

О, як зацямніў Госпад у гневе Сваім дачку Сіёна! Скінуў з неба на зямлю славу Ізраэля і не прыпомніў падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.
 
Як закрыў Госпад хмарай гневу Свайго дачку Сыёну, скінуў з неба на зямлю славу Ізраіля і не ўзгадаў у дзень гневу Свайго пра падножжа пад ногі Свае.

Спустошыў Госпад, не пашкадаваў усе выганы Якуба; разваліў у гневе Сваім умацаванні дачкі Юды; скінуў на зямлю і спаганіў валадарства і князёў яго.
 
Праглынуў Госпад, не пашкадаваў усе пашы Якуба; зруйнаваў у абурэньні Сваім гарады ўмацаваныя дачкі Юды, кінуў на зямлю, апаганіў валадарства і князёў ягоных.

Зламаў у разгары гневу Свайго усе рогі Ізраэля; адвярнуў ад аблічча ворага правіцу Сваю, а ў Якубе распаліў нібыта полымя агню, які паглынае ўсё навокал.
 
Адсек у полымі гневу ўвесь рог Ізраіля, прыбраў правіцу Сваю ад аблічча ворага і ўзгарэўся супраць Якуба, як полымя агню, якое жарэ [ўсё] навокал.

Напяў лук Свой, як непрыяцель, умацаваў руку Сваю, як вораг, і забіў усё, што прыгожым было на віду ў палатцы дачкі Сіёна; выліў, быццам агонь, гнеў Свой.
 
Нацягнуў лук Свой, як вораг, выставіў правіцу Сваю, як прыгнятальнік, і забіў усё што было каштоўнае для вока; у намёце дачкі Сыёну выліў гнеў Свой, як агонь.

Госпад стаўся як вораг, праглынуў Ізраэля, праглынуў усе пабудовы яго, знішчыў вежы яго ды памножыў у дачкі Юды боль і смутак.
 
Госпад стаў як вораг, праглынуў Ізраіля, праглынуў усе палацы ягоныя, зруйнаваў гарады ўмацаваныя ягоныя і памножыў у дачкі Юды стогн і смутак.

І знішчыў сваю агароджу, як сад, палатку Сваю разбурыў. У няпамяць аддаў Госпад на Сіёне ўрачыстасць і шабат і ў запале гневу Свайго пагардзіў царом і святаром.
 
Разваліў агароджу Сваю [вакол] саду, зьнішчыў [месцы] спатканьняў Сваіх; ГОСПАД зрабіў, што забыліся на Сыёне пра сьвяты і суботы, і пагрэбаваў у абурэньні гневу Свайго валадаром і сьвятаром.

Адпіхнуў Госпад ахвярнік Свой, ухіліў пашану ад святыні Сваёй, аддаў у рукі ворага муры дамоў Сваіх. Паднялі крык у доме Госпадавым, як у дзень урачыстасці.
 
Адкінуў Госпад ахвярнік Свой, пагрэбаваў сьвятыняй Сваёй, аддаў у руку ворага муры палацаў ейных; яны ўзьнялі голас у Доме ГОСПАДА, як у дзень сьвяточны.

Задумаў Госпад разбурыць муры дачкі Сіёна; выцягнуў вяроўку, не адвярнуў рукі Сваёй ад знішчэння ды ў смутак прывёў; падмурак і мур сумесна заваліліся.
 
Пастанавіў ГОСПАД зруйнаваць муры дачкі Сыёну, працягнуў шнур, не ўхіліў рукі Сваёй ад нішчэньня, і апрануў у жалобу вежы і муры, яны разам змарнелі.

Упалі на зямлю і брамы яго, знішчыў і паламаў запоры яго, яго цар і князі ў паганаў, не існуе закон, ды прарокі яго не атрымліваюць аб’яў ад Госпада.
 
Абрынуліся на зямлю брамы яе; Ён зьнішчыў і паламіў завалы іхнія; валадар яе і князі яе між паганамі; няма Закону, і прарокі ейныя не знаходзяць відзежу ад ГОСПАДА.

Селі моўчкі на зямлі старэйшыя дочкі Сіёна, попелам пасыпалі галовы свае, адзеліся ў зрэбніцы, пахілілі галовы свае да зямлі дзяўчаты ерузалімскія.
 
Сядзяць на зямлі, маўчаць старшыні дачкі Сыёну, пасыпалі попелам галовы свае, падперазаліся зрэбніцаю; схілілі да зямлі галовы свае дзяўчыны Ерусалімскія.

Змарнелі вочы мае ад слёз, трасецца нутро маё; вылілася на зямлю жоўць мая дзеля гора дачкі «народа Майго», калі памлелі дзіця і немаўля на плошчах горада.
 
Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.

У маці сваіх пыталі: «Дзе пшаніца і віно?» Калі самлелі, быццам пакалечаныя, на плошчах горада, калі выпускалі душы свае на грудзях маці сваіх.
 
Яны кажуць да маці сваіх: «Дзе збожжа і віно?», калі яны зьнемагаюць, як параненыя, на вуліцах гораду, калі душа іхняя выліваецца на ўлоньнях маці іхніх.

Каму прымяркую цябе або з кім параўнаю цябе, дачка Ерузаліма? Да каго прыпадобню цябе, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сіёна? Вялікай бо ёсць, як мора, загуба твая; хто цябе вылечыць?
 
Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?

Прарокі твае мелі бачанні для цябе пустыя і недарэчныя, не адкрывалі тваю правіннасць, каб змяніць лёс твой, адкрывалі ж яны табе прароцтвы зманныя і зводныя.
 
Прарокі твае мелі для цябе відзежы марныя і фальшывыя, не адкрывалі беззаконьня твайго, каб адвярнуць [ад цябе] палон твой, але мелі відзежы для цябе, цяжары марныя і падманлівыя.

Пляскалі ў далоні дзеля цябе ўсе праходзячыя дарогай; свісталі ды ківалі галовамі сваімі дзеля дачкі Ерузаліма: «Дык гэта мае быць горад, які называлі цудам прыгажосці, радасцю ўсяго свету?»
 
Пляскаюць у далоні свае над табою ўсе, якія праходзяць дарогаю, сьвішчуць і ківаюць галовамі сваімі над дачкою Ерусаліму: «Хіба гэта той горад, пра які казалі: “Дасканаласьць прыгажосьці, радасьць для ўсёй зямлі”?».

Раскрылі на цябе вусны свае ўсе твае ворагі; свісталі, скрыгаталі зубамі ды казалі: «Праглынулі мы, вось жа ёсць дзень, якога мы чакалі: дасягнулі яго, бачым».
 
Разявілі пашчы свае на цябе ўсе ворагі твае, сьвішчуць і скрыгочуць зубамі, кажуць: «Мы праглынулі [яе]! Гэта сапраўды той дзень, якога мы чакалі, мы знайшлі яго, мы бачылі».

Здзейсніў Госпад, што намеціў; споўніў слова сваё, што прадказваў у днях даўнасці: знішчыў, не пашкадаваў. І парадаваў ворага праз цябе, і павысіў рог ворагаў тваіх.
 
Учыніў ГОСПАД тое, што задумаў; Ён споўніў слова Сваё, якое загадаў ад дзён старадаўніх, зруйнаваў і не пашкадаваў, і ўзрадаваў над табою ворага твайго, узьняў рог прыгнятальнікаў тваіх.

Хай кліча сэрца тваё да Госпада над мурамі дачкі Сіёна; вылівай слёзы, быццам ручай, днём і ноччу, не давай сабе супакою, ды хай не маўчыць зрэнка вока твайго.
 
Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.

Паўстань, лямантуй уночы, на пачатку варты ранняй, вылівай, як ваду, сэрца сваё ў прысутнасці Госпада; падымай да Яго рукі свае, за душу дзетак тваіх, якія млелі ад голаду на рагу вуліц усіх.
 
Уставай, галасі сярод ночы, на пачатку варты [начной] вылівай, як ваду, сэрца сваё перад абліччам Госпада; узьнімі рукі свае да Яго за душу немаўлятаў тваіх, якія зьнемагаюць з голаду на ростанях усіх вуліцаў.

«Зірні, Госпадзе, і ўзваж, каму ты калі так зрабіў: ці жанчыны маюць есці плод лона свайго — пешчаных рупліва немаўлят? Ці ў святыні Госпадавай мае быць забіты святар ды прарок?
 
Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, каму Ты ўчыніў гэта. Ці маюць жанчыны есьці плод свой, немаўлятаў, якіх выкармілі? Ці маюць быць забіваныя ў сьвятыні Госпада сьвятар і прарок?

Ляжалі на зямлі звонку юнак і старац, мае дзяўчаты і мае юнакі палі ад меча; забіў Ты іх у дзень Свайго гневу, знішчыў іх і не пашкадаваў.
 
Ляжаць на зямлі на вуліцах маладыя і старыя; дзяўчыны мае і юнакі мае пападалі ад мяча; Ты забіў [іх] у дзень гневу Твайго, пусьціў на зарэз, не пашкадаваў.

Склікаў я, быццам на свята, тых, што трывожылі мяне навокал. Ніхто ў дзень гневу Госпадава не ўцёк, не застаўся ніхто: каго песціў я і гадаваў — вораг Мой знішчыў іх».
 
Ты паклікаў, як на дзень сьвяточны, жахі мае адусюль. У дзень гневу ГОСПАДА ніхто ня ўцёк і ніхто не застаўся; тых, што я выкарміў і выгадаваў, выгубілі ворагі мае.