1 да Карынфянаў 10 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што нашы бацькі ўсе былі пад хмараю, і ўсе перайшлі праз мора,
і ўсе акунуліся за Майсеем у воблаку і ў моры,
ды ўсе былі ахрышчаны ў Майсея ў хмары і ў моры,
і ўсе елі тую самую духоўную ежу,
і ўсе спажывалі тую самую духоўную страву
і ўсе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус.
і пілі тое самае духоўнае пітво. Пілі вось з духоўнай скалы, што ішла за імі, а тая скала — Хрыстос.
Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.
Але большасць з іх не ўпадабаў Сабе Бог, таму палеглі яны ў пустыні.
Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі дрэннага, як жадалі яны.
А гэтыя падзеі сталі прыкладам нам, каб не былі мы ахвотныя да зла, як яны ахвотныя былі.
Не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ сеў, каб есці і піць, ды ўстаў забаўляцца».
Не будзьце таксама балванапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Сеў народ есці, і піць, і весяліцца, і ўзняліся, каб гуляць».
Не будзем распуснічаць, як некаторыя з іх распуснічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
І не будзем рабіць распусты, як распуснічалі некаторыя з іх, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
І не выпрабоўвайце Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.
І не будзем выпрабоўваць, як некаторыя з іх выпрабоўвалі ды пагінулі ад змеяў.
Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка.
І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад нішчыцеля.
Гэта здарылася з імі як прыклад, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў.
Ды ўсё гэта адбылося з імі для прыкладу і запісана на павучанне для нас, да якіх наблізілася сканчэнне вякоў.
Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.
Значыць, хай той, каму здаецца, што стаіць, глядзіць, каб не ўпаў.
Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць.
Вас наведала спакуса, ніякая іншая, як чалавечая. Верны ж Бог, Які не дапусціць для вас спакушэння большага, чым можаце вытрымаць, але са спакусай стварае магчымасць яе пераадолець, каб маглі выстаяць.
Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства.
Дзеля гэтага, мае найдаражэйшыя, сцеражыцеся ад пакланення ідалам.
Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу.
Кажу гэта як разумным. Вы рассудзіце самі тое, што гавару.
Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста?
Келіх дабраславенства, які дабраслаўляем, ці не ёсць удзелам у Крыві Хрыстовай? А хлеб, які ламаем, ці не ёсць удзелам у Целе Хрыстовым?
Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба.
Адзін хлеб, таму мы, многія, творым адно цела, бо ўсе мы прычашчаемся ад аднаго хлеба.
Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто спажывае ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі алтара?
Прыгледзьцеся да Ізраэля паводле цела: ці тыя, што ядуць ахвяры [з ахвярніка], не ёсць удзельнікамі ахвярніка?
Што ж кажу я? Ці ахвяра ідалам мае значэнне? Або ідал мае значэнне?
Што ж я кажу? Ці ахвяра, складзеная ідалам, ёсць чымсьці? Або сам ідал ёсць чымсьці?
Не, бо тое, што ахвяруюць, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў.
Не! Аднак тое, што яны ахвяруюць, дэманам ахвяруюць, а не Богу. А я не хацеў бы, каб вы мелі нешта супольнае з дэманамі.
Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў. Не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў.
Не можаце піць з келіха Госпада ды з келіха дэманаў; не можаце быць удзельнікамі Госпадава стала і стала дэманаў.
Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
Ці ж нам гнявіць Госпада? Ці ж мы дужэйшыя за Яго?
Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе.
«Усё можна!» Але не ўсё карысна. «Усё можна!» Але не ўсё будуе.
Няхай ніхто не шукае свайго, але таго, што карысна для іншага.
Хай ніхто не шукае таго, што сваё, але што бліжняга.
Усё, што прадаецца на рынку, ешце без дакораў сумлення,
Дык усё, што на рынку прадаюць, ежце, не сумняваючыся, дзеля супакою сумлення,
бо Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.
бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
Калі хто з няверуючых запрашае вас, і вы хочаце пайсці, ешце ўсё, што дадуць, без дакораў сумлення.
Калі вас запросіць хтосьці з бязверных і захочаце пайсці, дык ежце ўсё, што вам пададуць, не сумняваючыся, адносна сумлення.
Аднак, калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра са святыні», не ешце з увагі на таго, хто гэта вам сказаў, і дзеля сумлення.
Але калі б хто сказаў вам: «Гэта ахвяра ідалам», — не ежце з увагі на таго, хто перасцярог, ды з увагі на сумленне. [Бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.]
Кажу не пра вашае сумленне, а таго чалавека. Бо дзеля чаго маю свабоду будзе асуджаць чыёсьці сумленне?
Маю на ўвазе не тваё ўласнае сумленне, але блізкага. Чаму ж чужое сумленне мела б судзіць маю свабоду?
Калі я з удзячнасцю прымаю ежу, то чаму асуджаюць мяне за тое, што я дзякую?
Калі я прымаю што з падзякаю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што я дзякую?
Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.
Дзеля таго ці вы ясце, ці вы п’яце, ці што іншае робіце, усё на хвалу Божую рабіце!
Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага,
Не будзьце прычынай згаршэння ані для юдэяў, ані для грэкаў, ані для Царквы Божай.
як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя.
Гэтак і я ўсім ва ўсім дагаджаю, не шукаючы сваёй карысці, але карысці для многіх, каб яны былі збаўлены.