1 да Карынфянаў 12 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Аб духоўных справах, браты, не хачу пакінуць вас у няведанні.
 
Хачу вас, браты, навучыць пра духоўныя дары.

Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных.
 
Бо вы ведаеце, калі вы былі яшчэ паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас.

Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.
 
Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа сказаць: «Госпад Ісус», як толькі ў Духу Святым.

Розныя ёсць дары, але той самы Дух.
 
Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.

Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан.
 
І адрозненні ў служэннях, але той самы Госпад.

Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх.
 
І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць.

Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.
 
Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці.

Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова пазнання паводле таго самага Духа;
 
Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання,

іншаму — вера ў тым самым Духу; іншаму — дар аздараўлення ў тым жа Духу;
 
яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дары аздараўлення тым самым Духам,

іншаму — моц чыніць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моваў.
 
іншаму — чыніць цуды, іншаму — праракаванне, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.

А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.
 
Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча.

Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.
 
Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.

Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.
 
Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

Цела — гэта не адзін член, але шмат.
 
А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.

Калі скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то ці ж яна не належыць да цела?
 
Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела?

І калі скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела?
 
Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела?

Калі ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калі ўсё слых, то дзе нюх?
 
Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх?

Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў.
 
Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў.

А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?
 
А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела?

Цяпер жа членаў шмат, але цела адно.
 
Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.

Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!»
 
Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбна!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбны!»

Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя.
 
Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,

І тыя, якія лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным мы надаём больш прыстойнасці,
 
ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне,

бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану,
 
а нашы прыстойныя не патрабуюць нічога. Так Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае,

каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным.
 
каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.

Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены.
 
Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.

Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — члены.
 
Вы — Цела Хрыстова, а паасобна — члены.

Адных Бог паставіў у Касцёле найперш апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы.
 
І адных Бог паставіў у Царкве па-першае — апосталамі, па-другое — прарокамі, па-трэцяе — настаўнікамі, нарэшце тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дары аздараўлення, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усялякіх моў.

Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?
 
А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?

Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
 
Ці ўсе маюць дары аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?

Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.
 
Дабівайцеся дароў большых, а я вам пакажу шлях яшчэ больш дасканалы.