Псалтыр 149 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Альлілуя!Сьпявайце Госпаду песьню новую; хвала Яму ў зграмаджэньні пабожных!
 
Алілуя. Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.

Весяліся, Ізраілю, ў Тварцу тваім; радуйцеся, сыны Сыону, у Цару вашым!
 
Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.

Хвалеце імя Яго карагодамі, іграйце Яму на тымпанах і гусьлях!
 
Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,

Бо ўпадабаў Госпад народ Свой; пакорных спасеньнем Ён аздабляе.
 
бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.

Будуць пабожныя цешыцца з славы Ягонай, будуць славіць Яго на ложках сваіх,
 
Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.

Хвала Богу хай будзе ў іх вуснах, а меч абасечны ў іх у руцэ,
 
Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,

каб зьдзейсьніць помсту над паганамі, кару над народамі,
 
каб помсьціць народам, караць плямёны,

цароў іхніх вяжучы ланцугамі і іхніх магнатаў — зялезнымі путамі,
 
закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх — у путы жалезныя,

спаўняючы прысуд даўно запісаны. Гэткая слава ўсім пабожным Яго! Альлілуя!
 
чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты — усім сьвятым Ягоным. Алілуя.