Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Тым часам, калі сабраліся дзесяткі тысяч натоўпу, так што людзі тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: Сцеражыцеся закваскі фарысеяў, гэта значыць крывадушнасці.
 
Тым часам, калі сабраліся процьмы народу, так што тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: «Беражыце сябе ад закісі, гэта значыць крывадушнасці, фарысеяў.

Няма ж нічога схаванага, што не будзе адкрыта, і таемнага, што не будзе вядомым.
 
Няма ж нічога схаванага, што не адкрыецца, і таемнага, што не выявіцца.

Таму тое, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
 
Таму, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў каморах, будзе абвешчана на дахах.

І Я кажу вам, Маім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.
 
Кажу ж вам, Сваім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.

Але пакажу вам, каго баяцца: бойцеся Таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам, Гэтага бойцеся.
 
Але пакажу вам, каго баяцца. Бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам: гэтага бойцеся.

Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты ў Бога.
 
Ці не пяць вераб’ёу прадаюць за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты перад Богам.

А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за шмат вераб’ёў.
 
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы за шмат вераб’ёў даражэйшыя.

Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Божымі Анёламі;
 
Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Чалавечы Сын вызнае перад Божымі анёламі;

а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, будзе адкінуты перад Божымі Анёламі.
 
а хто адцураецца Мяне перад людзьмі таго адцураюцца перад Божымі анёламі.

І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца; а таму, хто скажа блюзнерства на Святога Духа, — не даруецца.
 
І кожнаму, хто скажа слова на Чалавечага Сына, яму даруецца; а таму, хто зняважыць Святога Духа, — не даруецца.

А калі прывядуць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца ці што сказаць;
 
А калі будуць прыводзіць вас у сінагогі і да начальства і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца, ці што сказаць;

бо Святы Дух навучыць вас у тую часіну, што трэба сказаць.
 
бо Святы Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».

І нехта з натоўпу сказаў Яму: Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліў са мною спадчыну.
 
І сказаў Яму нехта з натоўпу: «Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліўся са мною спадчынаю».

Ён жа сказаў яму: Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам над вамі?
 
Ён жа сказаў яму: «Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам між вас?»

І Ён сказаў ім: Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад багацця яго маёмасці.
 
І сказаў Ён ім: «Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо калі хто і ў багацці купаецца, жыццё яго не залежыць ад яго дастаткау».

І сказаў ім прыпавесць, кажучы: У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
 
І сказаў ім упадабненне, мовячы: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.

І ён разважаў сам сабе, кажучы: Што мне рабіць, бо не маю куды сабраць свае плады?
 
І ён разважаў сам сабе, кажучы: «Што мне рабіць, бо не маю куды скласці свае плады?»

І сказаў Вось што зраблю, разбяру мае свірны і пабудую большыя і збяру туды ўсё збожжа26 і ўсё маё дабро,
 
І сказаў: «Вось што зраблю, разбяру свае гумны і прасторнейшыя пастаўлю і збяру туды ўсё збожжа і ўсё сваё дабро,

і скажу маёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага; адпачывай, еш, пі, весяліся».
 
І скажу сваёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага. Спачывай, еш, пі, весяліся».

Ды Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай начы запатрабуюць тваю душу ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?
 
Ды сказаў яму Бог: «Неразумны, гэтай начы тваю душу спагоняць ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?»

Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не багацее для Бога.
 
«Так бывае з тым, хто збірае для сябе, а не багацце ў Бога».

І Ён сказаў Сваім вучням: Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра [ваша] жыццё, што вам есці, ні пра цела, у што вам адзецца.
 
І сказаў Ён Сваім вучням: «Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё што вы будзеце есці, ані пра цела, у што вы будзеце адзявацца.

Бо жыцце большае за яду і цела — за адзенне.
 
Бо жыццё важнейшае за яду і цела — за адзенне.

Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, і не жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ні свірна, а Бог корміць іх. Наколькі вы даражэйшыя за птушак!
 
Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, ані жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ані гумна, а Бог жывіць іх; наколькі больш вы даражэйшыя за птушак.

Хто ж з вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту27 хоць бы локаць?28
 
Хто ж з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго веку хоць на локаць?

Дык калі вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?
 
Калі ж вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?

Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць і ні прадуць; але кажу вам, нават Саламон ува ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
 
Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць цяжка, ані прадуць; але кажу вам, што і Саламон ува ўсёй славе не адзяваўся, як кожная з іх.

Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, то тым больш вас, малаверы!
 
Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, тым больш вас, малаверы!

І вы не шукайце, што вам есці і што вам піць, і не трывожцеся:
 
І вы не шукайце, што будзеце есці і што будзеце піць, і не трывожцеся.

бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.
 
Бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.

Толькі шукайце Яго29 Царства і гэта [ўсё] дадасца вам.
 
Толькі шукайце Яго Царства і гэта дадасца вам.

Не бойся, малая чародка, бо ваш Бацька меў ласку даць вам Царства.
 
Не бойцеся, малая чародка, бо ўпадабалася вашаму Бацьку даць вам Царства.

Прадавайце вашу маёмасць і падавайце міласціну; і зрабіце сабе кашалі, якія не старэюць, скарб невычэрпны ў нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не знішчае;
 
Прадавайце вашы дастаткі і раздайце міласцінаю; рабіце сабе мяшкі якія не старэюць, надзейны скарб у нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не псуе.

бо дзе ваш скарб, там будзе і ваша сэрца.
 
Бо дзе ваш скарб, там і ваша сэрца будзе.

Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і свяцільні гараць;
 
Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і каганцы запалены;

а вы будзьце падобнымі да людзей, што чакаюць свайго гаспадара, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
 
а вы падобнымі да людзей, што чакаюць свайго пана, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, тут жа адчыніць яму.

Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане нядрэмнымі; праўду кажу вам, што ён падперажэ і пасадзіць іх і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.
 
Шчаслівыя тыя рабы, якіх, прыйшоўшы, пан знойдзе на нагах. Папраўдзе кажу вам: падпяраджацца ён і дасць ім месца ўзлегчы і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.

І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх гэтак, шчаслівыя тыя [слугі]!
 
І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх гэтак, шчаслівыя тыя!

Вы ж знайце гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то [не спаў бы і] не дапусціў бы падкапаць свой дом.
 
Разумейце ж гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, не дапусціу бы ён падкапаць свайго дому.

[Дык] і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
 
І вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Чалавечы Сын.»

І Пётр сказаў [Яму]: Госпадзе, ці нам кажаш гэтую прыпавесць, ці і ўсім?
 
Сказаў тады Пятро: «Госпадзе, ці нам кажаш гэтае ўпадабненне, ці і ўсім?»

І сказаў Госпад: Дык хто ж верны эканом, разумны, якога гаспадар паставіць над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час меру хлеба?
 
І сказаў Госпад: «Хто ж верны эканом, разумны, якога пан паставщь над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час адмераную долю збожжа?

Шчаслівы той слуга, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так.
 
Шчаслівы той раб, якога яго пан, прыйшоўшы, знойдзе, што ён робіць гэтак.

Праўдзіва кажу вам, што ён паставіць яго над усёю яго маёмасцю.
 
Праўдзіва кажу вам, што над усім сваім маёнткам паставіць яго.

А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Позніцца мой гаспадар прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці, і піць, і напівацца,
 
А калі той раб скажа ў сэрцы сваім: «Марудзіць мой пан прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці і піць, і напівацца,

то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам і вызначыць яму адну долю з нявернымі.
 
прыйдзе пан раба таго ў дзень, у які той не спадзяваецца, і ў гадзіну, якой той не ведае, і адлучыць яго і вызначыць яму месца з нявернымі.

Той жа слуга, што ведаў волю свайго гаспадара, а не падрыхтаваў або не зрабіў паводле яго волі, будзе многа біты.
 
Той жа раб, што ведаў волю свайго пана, а не падрыхтаваў або не зрабіў згодна з воляй яго, будзе многа біты.

А той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе меней біты. Кожнаму, каму шмат было дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуецца.
 
А той, што не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе мала біты. Кожнаму, каму шмат дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго і больш запатрабуецца.

Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!
 
Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!

Хрышчэннем жа Я павінен быць ахрышчаны, і як Я пакутую пакуль гэта нездзейсніцца.
 
Хрышчэннем Я павінен хрысціцца, і як Я мучуся пакуль гэта спраўдзіцца.

Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? Не, кажу вам, а хутчэй падзел!
 
Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць спакой на зямлі? Не, кажу вам, а падзел!

Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць трох,
 
Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць троіх.

падзеляцца: бацька супроць сына і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці, свякроў супроць сваёй нявесткі і нявестка супроць [сваёй] свекрыві.
 
Падзеляцца: бацька супроць сына, і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці; свякроў супроць свае нявесткі і нявестка супроць свекрыві».

Ён казаў жа натоўпам: Калі бачыце, што хмара падымаецца на захадзе30, вы адразу кажаце: «Надыходзіць лівень», — і бывае так;
 
Казаў жа і натоўпу: «Калі бачыце, што хмара падымаецца з захаду, вы тут жа кажаце: «Надыходзіць лівень», і бывае так.

а калі дзьме паўднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», — і яна бывае.
 
А кал; вее пауднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», і бывае.

Крывадушнікі, твар зямлі і неба распазнаць вы ўмееце, як жа часу гэтага не ўмееце распазнаць?
 
Двурушнікі, твар зямлі і неба распазнаваць вы ўмееце, як жа часу гэтага не можаце распазнаць?

Што ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
 
Што ж вы і самі з сябе не судзіце, што справядлівае?

Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальніка, то ў дарозе пастарайся дайсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі; а суддзя аддасць цябе выканаўцу, а выканаўца кіне цябе ў турму.
 
Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальства, то ў дарозе зрабі ўсё, каб прыйсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе выканаўцу, а выканаўца не кінуў цябе ў цямніцу.

Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль, пакуль не аддасі і апошняй лепты.
 
Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль пакуль не аддасі апошняга медзяка».