1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны.
А датычна таго, аб чым пісалі вы мне, дык добра чалавеку не закранаць жанчыны;
Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка няхай мае свайго мужа.
але, з увагі на распусту, кажны хай мае сваю жонку й кажная хай мае свайго мужа.
Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасьць, гэтак сама і жонка мужу.
Муж няхай аддае жонцы належнае, таксама і жонка — мужу.
Жонка ня мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтак сама і муж ня мае ўлады над сваім целам, а жонка.
Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але — муж; гэтак сама й муж ня мае ўлады над сваім целам, толькі — жонка.
Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посьце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманьнем вашым.
Ня ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемазгодаю, да часц, каб аддацца маліцьве; потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрымнасьць вашу.
Урэшце, гэта сказана мною як дазвол, а ня як загад.
Гавару гэта як раду, а не як наказ.
Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін — такі, другі — інакшы.
Бо хацеўбы, каб усе людзі былі, як і я, але кажны мае свой дар ад Бога: адзін — так, а другі — гэтак.
А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я;
Нежанатым-жа і ўдовам кажу: добра былоб, каб трывалі, як я;
але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца.
а каліб не маглі паўстрымацца, няхай жэняцца; бо лепш ажаніцца, чым разьярвацца.
А тым, што пабралі шлюб, ня я загадваю, а Гасподзь: жонцы не разводзіцца з мужам,
Тым-жа, што жывуць у жанімсьцьве, загадваю не я, але Госпад: каб жонка не адлучалася ад мужа.
а як разьвядзецца, хай застаецца незамужняя, альбо замірыцца з мужам сваім, — а муж няхай не пакідае жонкі сваёй.
А каліб разлучылася, павінна аставацца бяз мужа, або пагадзіцца з мужам сваім; такжа муж — хай не пакідае жонкі.
А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе;
Іншым-жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку нехрысьціянку й яна згаджаецца зь ім жыць, то хай яе не пакідае;
і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць зь ёю, не павінна пакідаць яго.
і жонка, што мае няверучага мужа ды ён згаджаецца зь ёю жыць, няхай яго ня кідае;
Бо няверуючы муж асьвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асьвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.
бо няверны муж асьвянчаецца ў жонцы і жонка няверучая асьвянчаецца ў мужу; інакш — дзеці вашыя быліб нячыстыя, а цяпер яны сьвятыя.
Калі ж нявернік хоча разьвесьціся, хай разводзіцца; брат або сястра ў такім разе ня зьвязаныя; да міру заклікаў нас Гасподзь.
Калі-ж няверны хацеўбы адыйсьці, няхай адыйходзіць; брат ці сястра ў гэткіх выпадках ня зьвязаны; а Бог паклікаў вас да згоды.
Адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці ня выратуеш жонкі?
Скуль бо ты, жонка, ведаеш, ці ня збавіш мужа? Або скуль ты, мужу, ведаеш ці ня збавіш жонкі?
Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Гасподзь заклікаў; так я наказваю па ўсіх цэрквах.
Хай толькі кажны паступае так, як Бог яму празначыў і да чаго паклікаў. Гэтак я навучаю і па ўсіх эклезіях.
Хто быў закліканы ў абразаньні, ня цурайся; і хто быў закліканы ў неабразаньні, не абрэзвайся.
Пакліканы хто абразаным, ня скрывайся; пакліканы хто неабразаным, то й не абразайся.
Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, а ўсё — у выкананьні наказаў Божых.
Абразанне бо ці неабразанне — гэта нічогасьць; уся справа — ў выкананьні Божых прыказанняў.
Кожны няхай застаецца ў тым стане, у якім пакліканы.
Кажны хай трывае ў тым, у чым быў пакліканы.
Ці рабом ты пакліканы, ня турбуйся; але калі і можаш стацца вольным, дык лепшым скарыстайся.
Быў ты пакліканы нявольнікам — ня журыся; а як можаш стацца вольным, дык карыстай з гэтага.
Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Гасподні; гэтак сама і пакліканы вольнік ёсьць раб Хрыстовы.
Бо хто ў Богу пакліканы за свайго няволіцтва, той стаўся вызвольнікам Божым; таксама як нявольнікам Хрыстусавым стаецца той, хто пакліканы, будучы вольным.
Вы куплены дарагою цаною; не рабецеся рабамі людзей.
Вы куплены дарагою цаною, дык не рабецеся нявольнікамі людзей.
У якім стане хто пакліканы, браты, у тым кожны няхай і застаецца перад Богам.
Хай кажны, браты, перад Богам у тым стане трывае, ў якім быў пакліканы.
Што да дзявоцтва, дык я ня маю наказу Гасподняга, а даю параду, як той, хто атрымаў ад Госпада міласьць быць Яму верным.
Адноснаж дзявоцтва, то наказу ад Усеспадара ня маю, а даю раду, як той, хто з Божае ласкі годзен даверу.
Дзеля цяперашняй патрэбы лічу за лепшае, што добра чалавеку заставацца так.
Лічу восьжа, што, дзеля турботнай ростыркі, лепш чалавеку быць так.
Ці зьвязаны ты з жонкаю? ня шукай разводу. Ці застаўся бяз жонкі? ня шукай жонкі.
А зьвязаны ты з жонкаю? Ня шукай разводу. Разьвязаўся з жонкаю? Ня шукай жонкі.
Урэшце, калі і ажэнішся, ня згрэшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, ня згрэшыць. Але такія зазнаюць цялеснага гора, а мне вас шкада.
Каліжбы й ажаніўся, ня згрэшыш; і каліб дзяўчына выйшла замуж, ня згрэшыць; гэткія аднак для цела будуць мець гора; а мне шкада вас.
Я вам кажу, браты: час ужо кароткі, так што тыя, што маюць жонак, хай жывуць, як бы ня мелі,
Ды кажу вам тое, браты: час ужо кароткі, так што маючыя жонак, хай жывуць, якбы іх ня мелі;
і тыя, што плачуць, як бы ня плакалі; і тыя, што радуюцца, як бы ня радаваліся: і тыя, што купляюць, як бы не набывалі;
і тыя, што плачуць, якбы й не плакалі; а што вяселяцца, якбы й не весяліліся; ды што купляюць, якбы ня маючыя;
і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як бы не карысталіся; бо мінаецца вобраз сьвету гэтага.
і выкарыстваючыя сьвет гэты, якбы не карыстаючыя, прамінае бо вобраз сьвету гэтага.
А я хачу, каб вы ня мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду;
А я хочу, каб вы былі бястурботнымі. Хто нежанаты, клапоціцца аб тым, што Божае, як дагадзіць Богу;
а жанаты клапоціцца пра зямное, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца паміж замужняю і дзяўчынаю:
а жанаты клапоціцца аб сьвецкае, як дагадзіць жонцы; ён у разладзе.
незамужняя клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца пра зямное, як дагадзіць мужу.
І жанчына незамужная й дзявіца турбуецца аб тым, што Божае, каб быць сьвятою целам і душою; а замужная клапоціцца аб справах сьвецкіх, як падабацца мужу.
Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур’ёзна.
Кажу гэта вам на вашу карысьць, не каб накінуць вам путы, але каб вы прыстойна і бесперашкодна трымаліся Бога.
Калі ж хто і лічыць няпрыстойным для сваёй дзяўчыны тое, каб яна, будучы ў сталым веку, заставалася так, той хай робіць, як хоча, — ня згрэшыць; няхай такія выходзяць замуж.
А калі хто ўважае за нягожае для свае дзяўчыны (дачкі), каб яна, перацьвіўшы, так і асталася, дык няхай робіць, як хоча, ня згрэшыць, хай выходзіць замуж.
Але хто непахісна цьвёрды ў сэрцы сваім і, ня змушаны патрэбаю, а маючы ўладу ў сваёй волі, рашыўся ў сэрцы сваім аберагчы сваю дзяўчыну, — той добра робіць.
Але хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім і ня зьвязаны патрэбай, але маючы ўладу над сваёю воляй, наважыўся ў сваім сэрцы захаваць дзявочасьць, той добра робіць.
Таму той, хто выдае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не выдае, робіць лепш.
Таму вось, хто аддае замуж, робіць добра, а хто не аддае, робіць яшчэ лепей.
Жонка зьвязана законам, пакуль жыве муж яе; калі ж муж яе памрэ, вольная выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Жонка зьвязаная законам дакуль жыве ейны муж; а як памрэ муж, можа выйсьці за каго хоча, абы толькі пабожаму.
Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так па маёй парадзе; а думаю, і я маю Духа Божага.
Аднак шчасьлівейшаю будзе, калі вытрывае водле мае рады; а думаю, што і я маю Духа Божага.