Псалтыр 140 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Псальма Давідава.
 

Вывальні мяне, СПАДАРУ, ад нягоднае людзіны, абарані мяне ад ґвалтоўніка,
 

Каторыя думаюць нягодныя думкі ў сэрцу, кажны дзень зьбіраюцца на вайну,
 

Зайстрылі языкі свае, як гад; гадава атрута пад вуснамі іхнымі. Сэля.
 

Крый мяне, СПАДАРУ, ад рук нягоднага, ад рукі ґвалтоўніка абарані мяне, каторы задумаў піхнуць ступы мае.
 

Схавалі гардуны пасадку на мяне й павароз, расьцягнулі сеці ля сьцежкі, пастанавілі сілы на мяне. Сэля.
 

Я сказаў СПАДАРУ: «Ты Бог мой, пачуй, СПАДАРУ, гук маленьняў маіх.
 

СПАДАРУ Спадару, сіла спасеньня майго! Ты пакрыў галаву маю ў дзень збраеньня.
 

Ня дай, СПАДАРУ, жаданага нягоднаму й не пашчасьць задуме ягонай, каб не вяльмуваўся. Сэля.
 

Хай крыўда вуснаў іхных пакрые галаву тых, што абступаюць мяне;
 

Хай зваліцца на іх жар; хай кіне Ён іх у цяпло, у бяздоньні, каб не паўсталі.
 

Не дазволь умацавацца язычніку на зямлі; на місьцюка хай палююць на загубу, каб паваліць.
 

Ведаю, што СПАДАР рассудзе ўбогага і ўчыне суд бедным.
 

Адно справядлівыя хваліць будуць імя Твае; пасьцівыя жыць будуць у прытомнасьці Тваёй.