Псалтыр 50 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Псальма Асафова. БОГ, Бог СПАДАР гукаў і прыгукаў зямлю ад усходу сонца аж да заходу.
Із Сыёну, супоўнасьці харашыні, Бог зьзяў.
Бог наш прыйдзе, Ён не маўчыць: перад Ім цяпло жаручае, навокал Яго вялікая бура.
Ён гукае нябёсы згары й зямлю, судзіць люд Свой:
«Зьбярыце да Мяне дабрачэсьлівых Маіх, каторыя зрабілі змову з Імною пры аброку».
І агалосяць нябёсы справядлівасьць Ягоную, бо Бог — Ён судзьдзя. Сэля.
«Слухай, людзе Мой, а Я буду гукаць; Ізраелю! Я буду сьветчыць супроці цябе; Я Бог, Бог твой.
Не за аброкі твае я буду ганіць цябе; усепаленьні твае кажначасна перад Імною.
Я не вазьму быка з дому твайго ані казлоў з хлева твайго;
Бо Мае ўсі зьвяры лесавыя, статак на тысячах горах;
Я знаю ўсі птушкі гаравыя, і тыя, што кратаюцца на полю, у Мяне.
Калі б Я галадаваў, Я не сказаў бы табе; бо сьвет і ўсе, што на ім, Мае.
Ці Я ем мяса валоў альбо п’ю кроў козаў?
Абрачы Богу падзяку, і заладзь абятніцы Навышняму,
І гукай Мяне ў дзень бяды; Я выбаўлю цябе, і ты ўсьціш Мяне».
Але бязбожнаму Бог кажа: «Нашто павядаць табе ўставы Мае і на вусны браць змову Маю?
Бо ты ненавідзіш навуку й кідаеш словы Мае за сябе.
Як бачыш злодзея, ты прыяеш яму, і з чужаложнікамі дзель твая.
Вуснам сваім ты даеш волю на благое, і язык твой пляцець ашуку.
Сядзіш і гукаеш на брата свайго, пушчаеш абмову на сына маці свае.
Ты гэта рабіў, і Я маўчэў; ты думаў, што Я быў такі, як ты. Я буду ганіць цябе й выкладу гэта перад ачыма тваімі.
Зразумейце ж гэта тыя, што забываецеся Бога, каб не парваў Я, і ня будзе каму выбавіць.
Хто абракае падзяку, тый сьціць Мяне; хто парадкуе дарогу сваю, таму Я пакажу спасеньне Божае!»