Псалтыр 78 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальма Асафова. Уважай, людзе мой, на навуку маю; нахініце вушы свае да слоў вуснаў маіх.
 

Я адчыню вусны свае ў прыпавесьці, выкажу загадкі із старавечча.
 

Што мы чулі а даведаліся, што бацькі нашы сказалі нам,
 

Мы не схаваем ад дзяцей іхных, але паведамім аж да апошняга роду хвалы СПАДАРОВЫ, і магутнасьць Ягоную, і дзіва Ягонае, што Ён учыніў.
 

Ён пастанавіў сьветчаньне ў Якаву і прызначыў права ў Ізраелю, каторае расказаў бацьком нашым паведамляць дзяцём іхным,
 

Каб ведала апошняе пакаленьне, дзеці, што народзяцца, каб паўсталі і паведамілі сыном сваім,
 

Каб мелі надзею на Бога, і не забыліся ўчынкаў Божых, і расказаньні Ягоныя дзяржалі,
 

І каб ня былі, як айцове іхныя, бунтоўны а ўпорлівы род, што не прыгатаваў сэрца свайго, каторага дух быў няверны Богу.
 

Сынове Яхрэмавы, узброеныя лучнікі, абярнуліся назад у дзень бітвы;
 

Не зьдзяржалі змовы Божае і ў Праве Ягоным адмовіліся хадзіць;
 

І забыліся ўчынкі Ягоныя і дзівы, што Ён паказаў ім.
 

Перад відам айцоў іхных Ён учыніў дзіва ў зямлі Ягіпецкай, на полю Цоан:
 

Раськяпіў мора, і правёў іх перазь яго, і пастанавіў воды, як стог;
 

Вёў іх булаком удзень і ўсю ноч агняным сьвятлом;
 

Раськяпляў скалы на пустыні й даваў шмат піць, бы з глыбіняў;
 

Із скалы тачыў ручаі і зводзіў воды рэкамі.
 

Яны, адылі, грашылі яшчэ больш супроці Яго, бунтуючыся супроці Навышняга на пустыні;
 

І спакушалі Бога ў сэрцу сваім, просячы ежы, каторай жадалі;
 

Гукалі супроці Бога, кажучы: «Можа Бог прыгатаваць стол на пустыні?
 

Вось, выцяў Ён у скалу, і пацякла вада, і паліліся рэкі; ці можа Ён і хлеб даць? ці прыгатаваў і мяса люду Свайму?»
 

Затым пачуў СПАДАР і загневаўся; цяпло загарэлася на Якава, і таксама гнеў Ягоны ўзьняўся на Ізраеля;
 

Бо яны ня верылі ў Бога й не спадзяваліся на спасеньне Ягонае.
 

Расказаў Ён, адылі, згары булаком, і дзьверы нябёс рашчыніў,
 

І, бы дождж, даў ім манну есьці, і збожжа зь нябёс даў ім.
 

Хлеб дужасілаў ела людзіна; еміны паслаў ім даволі.
 

Прычыніў, каб усходні вецер веяў на нябёсы, і вывеў сілаю сваёю вецер паўднявы;
 

Пусьціў ім мяса, бы пыл, і, бы пясок морскі, птушкі крылатыя;
 

І кінуў іх сярод табару іхнага, усі навокал сялібаў іхных.
 

І елі а вельма пад’елі, і жаданьне іхнае нёс ім.
 

Але перш чымся яны досыць учынілі жаданьню свайму, пакуль ежа была яшчэ ў ратох іхных,
 

Гнеў Божы ўзьняўся на іх, і найсытшых ізь іх Ён паразіў, і выборных людзёў Ізраеля паваліў.
 

Напярэк усяму гэтаму яны ўсе грашылі і ня верылі ў дзіва Ягонае.
 

Затым Ён дакончыў у марнасьці дні іхныя і гады іхныя ў ляку.
 

Як Ён паразіў іх, яны шукалі Яго; яны каяліся й шукалі Бога рупатліва;
 

Успаміналі, што Бог — скала іхная, і Бог Найвышшы — адкупіцель іхны;
 

Але лісьлівілі Яму вуснамі сваімі, манілі Яму языкамі сваімі;
 

Серца ж іхнае было некажначаснае зь Ім, яны ня былі верныя змове Ягонай.
 

Ён, адылі, будучы спагадлівы, дараваў бяспраўе іхнае й ня зьнішчыў іх; часьцей а часьцей адварачаў гнеў Свой, і ня будзіў усяго гневу Свайго,
 

І помнеў, што яны цела, вецер, што праходзе й не зварачаецца.
 

Як часта яны немарасьцілі Яго на пусташы і засмучалі Яго на пустыні!
 

Ізноў а ізноў спакушалі Бога, і абмяжалі Сьвятога Ізраелявага.
 

Ня памятавалі рукі Ягонае, дня, калі Ён адкупіў іх ад непрыяцеля,
 

Калі Ён чыніў знакі Свае ў Ягіпце і чудосы Свае на полю Цоану.
 

І абярнуў у кроў рэкі іхныя і цур’і іхныя, каб ня пілі;
 

І паслаў на іх раі мухаў, каторыя жэрлі іх, і жабы, каторыя губілі іх;
 

Аддаў вусені плады іхныя і цяжкую працу іхную шаранчы;
 

Пабіў градам вінішчы іхныя і сікаморы іхныя марозам;
 

Аддаў буйны статак іхны граду і драбны статак іхны пяруном;
 

Паслаў на іх шпаркі гнеў Свой, злосьць, абурэньне, уціск, насланьнё злых ангілаў;
 

Зрабіў сьцежку гневу Свайму, ня крыў душы іхнае ад сьмерці і жыцьці іхныя мору аддаў;
 

Паразіў усіх першакоў у Ягіпце, першыя сілы іхныя ў буданох Хамавых;
 

І пагнаў, як авечкі, люд Свой, і вёў іх на пусташы, бы статак;
 

Вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, але непрыяцеляў іхных пакрыла мора;
 

І прывёў іх аж да граніцы сьвятыні Свае, да гары тае, каторую правіца Ягоная прыдбала;
 

І выгнаў народы перад відам іхным, і прызначыў ім шнюром спадак іхны, і асяліў плямёны Ізраелявы ў буданох іхных.
 

Яны, адылі, спакушалі й бунтаваліся супроці Найвышшага Бога, і не захавалі сьветчаньняў Ягоных;
 

Але адступілі а ізрадзілі, як айцове іхныя, перавярнуліся, як ізрадлівы лук;
 

І квялілі Яго да гневу ўзвышшамі сваімі, выразанымі балванамі сваімі прывялі Яго да завісьці.
 

Пачуў Бог, і загневаўся, і вельма збрыдзіў Ізраеля;
 

Пакінуў сялібу Сваю ў Шыле, будан, ідзе Ён жыў памеж людзёў;
 

Выдаў у палон сілу Сваю і харашыню Сваю ў руку ўцісканьніка;
 

І аддаў пад меч люд Свой, і загневаўся на спадак Свой.
 

Маладзёнаў ягоных жэрла цяпло, і дзеўкі іхныя ня мелі вясельнае песьні;
 

Сьвятары іхныя палі ад мяча, і ўдовы іхныя не галасілі.
 

І прачхнуўся Спадар бы зо сну, як дужасіл, што гукае ад віна,
 

І паразіў праціўнікаў Сваіх у зад, на вечны сорам аддаў іх.
 

Пагрэбаваў буданом Язэпавым, і плямені Яхрэмавага не абраў;
 

Але абраў плямя Юдзіна, гару Сыён, каторую Ён любе;
 

Пастанавіў, як вышыню, сьвятыню Сваю, як зямлю, каторую ўмацаваў на векі.
 

Абраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго з авечніку;
 

Ад дагляданьня авец прывёў яго пасьціць Якава, люд Свой, Ізраэля, спадак Свой.
 

І ён пасьціў іх беззаганным сэрцам, і вадзіў іх зручнасьцю рук сваіх.