1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
Затым адкінуўшы ўсяе зло (ліхоту), усякі падман (падступнасьць), крывадушнасьць і завіднасьць (зайздрасьць) і ачарненьне,
быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;
як нова народжаны (немаўляты) дзеці пажадайце духовага і непадробленага малака, каб ад яго ўзрасьці да збаўленьня.
бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.
Калі толькі засмакуеце: што "салодкі Госпад".
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,
Тулячыся да Таго, хто жывым Каменьнем, адкінутым , праўда, людзьмі, але прынятым (выбраным ) Богам і дарагацэнным.
і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.
Вы самі як жывыя камяні (каменьні), пабудаваны ў духовы дом, у духовае сьвятарства для складаньня духовых ахвяр, мілыя Богу праз Езуса Хрыста.
Бо сказана ў Пісаньні: «вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца».
Гэта зьмяшчае (пацьвярджае) Пісаньне: "Вось жа кладу на Сіёне выбраны (адборны) і дарагі камень: і хто верыць у Яго — ня будзе засаромлены".
Дык вось Ён вам, вернікам, — каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, «камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла», «камень спатыканьня і камень спакусы»,
Дык вам веручым гонар (слава), а няверучым жа: "Гэты камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою (вуглавым) вугла",
на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.
дый "каменем спатыкненьня і каменем згаршэньня". Гэтыя — непаслухмяныя (няверучыя) слову — падаюць, на гэта яны прызначаныя (асуджаныя).
Але вы — род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;
Вы — выбранае (адборнае) племя, каралеўскім (валадарскім), сьвятарствам, сьвятым народам, людам набытым (на ўласнасьць Богу), каб вы вясьцілі (разаглашылі, абвяшчалі) магуцьці Ягоныя. Ён пазваў (паклікаў) вас з цемры ў чароўнае сьвятло Сваё.
колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.
Вас, якія калісьці не былі (Яго) людам, а цяпер людам, народам Божым, каторыя не даступіўшыя былі міласэрдзя, а цяпер як тыя, што міласэрдзя даступіліся.
Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,
Даражэнькія, прашу вас, як прыбыльцоў і чужынцаў (падарожнікаў) паўстрымацца цялесных страсьцяў (похацяў), каторыя ваююць (працівяцца, бунтуюцца) супраць душы.
і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.
Паводзіны вашыя сярод паганаў хай будуць добрыя, таму, што адносяцца да вас як злачынцаў, каб бачачы вашыя добрыя ўчынкі — хвалілі яны Бога ў дзень наведаньня.
Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,
Падчыняйцеся кожнай людзкой уладзе дзеля Госпада: ці гэта каралю, маючаму ўладу,
хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, —
ці то намесьнікам праз яго пасланым з мэтаю пакараньня злачынцаў, або пахваленьня тых, што добра спраўляюцца
бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, —
Бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны неўмекаў (нявуцтву) глупых людзей.
як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.
Як людзі свабодныя паступайце не як тыя, для якіх свабода ёсьць апраўданьнем зла, але як нявольнікі, слугі Божыя.
Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.
Усіх паважайце, братоў любіце, а Бога бойцеся, караля шануйце!
Слугі, — з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.
Нявольнікі! З усёю боязьзю падчыняйцеся гаспадарам (панам) сваім, і ня толькі добрым і спагадным, але таксама і строгім (дакучлівым).
Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.
Гэта вось ласка (Бога), калі хто хоць у імя Бога і сумленна нявінна цярпіць.
Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б’юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,
Марная слава, калі вас за грахі б'юць па твары. Але калі цярпіцё, робячы дабро, дык гэта будзе ласкай у Бога.
Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:
Вы ж на гэта пакліканы: і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб паступалі вы Яго сьлядамі.
«Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных»;
Ён не дапусціўся граха і ў Яго вуснах ня знайдзена абману.
і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;
Ён зьняважаны — Ён не зьневажаў, церпячы — не ўгражаў, але ўсё паручыў справядліваму Судьдзю.
Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.
Ён Сам у сваім Целе занёс нашыя грахі на дрэва, каб мы перасталі быць удзельнікамі грахоў, а жылі для справядлівасьці. Вы аздароўлены Ягонай Крывёю.
Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.
Блудзілі вы як блудныя авечкі, а цяпер вярнуліся да Пастыра і біскупа душаў вашых.