Да Піліпянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.
Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;
Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе.
сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцьця.
Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, тым, якія са мною працавалі для Евангелля разам з Клементам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.
Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.
Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!
Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.
Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.
Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, —
Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашы перад Богам.
і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.
І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Ісусе.
Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, — тое і майце наўме.
Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі сумленнае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі любае, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, — тое майце на думцы.
Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі.
Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.
Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці зноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.
Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:
Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць.
умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.
Умею і ў прыніжэнні быць, умею і ў дастатку; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу.
Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.
Усё магу ў Хрысце, Які ўзмацняе мяне.
Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.
Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй.
Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;
Вы ж, піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні;
вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.
вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.
Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.
Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць.
Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, — салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.
Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, які вы даслалі, ахвяру прыемную, мілую Богу.
Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.
Хай жа Бог мой споўніць усякае ваша жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе.
А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.
Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін.
Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.
Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.