Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І ўвыйшоў у Ерыхон, і праходзіў перазь яго.
І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.
І вось, муж, званы Закхеям, а ён быў начэльнік мытнікаў, і быў багаты,
І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.
І жадаў бачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог за гурбаю, бо быў малога росту.
І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.
І, забегшы наперад, узьлез на дзікую фіґу, каб магчы бачыць Яго, бо тудэй меў неўзабаве прайсьці.
І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.
І, прышоўшы да таго месца, глянуўшы ўгару, Ісус абачыў яго й сказаў яму: «Закхею, баржджэй зьлезь далоў, бо сядні Я маю застацца ў доме тваім».
І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».
І ён борзда зьлез, і веціў Яго з радасьцяй.
І той пасьпешліва зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.
І ўсі, бачачы гэта, наракалі, кажучы: «Ён зайшоўся гасьцяваць да дому грэшнае людзіны».
І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.
А Закхей, стаўшы, сказаў Спадару: «Спадару, вось, палавіцу маемасьці свае я аддам убогім, і, калі каго чым укрыўдзіў, аддам чатыры разы толькі».
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго абвінаваціў фальшыва, аддам учацьвёра».
І Ісус сказаў яму: «Сядні прышло спасеньне дому гэтаму, бо й ён сын Абрагамаў;
Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.
Бо Сын Людзкі прыйшоў шукаць а спасьці загінулых».
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».
Як жа яны слухалі гэта, дадаў прыпавесьць, бо Ён быў блізка да Ерузаліму, і яны думалі, што гаспадарства Божае мае неўзабаве зьявіцца.
А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.
Дык сказаў: «Якісь чалавек высокага роду пайшоў да далёкага краю, каб адзяржаць сабе гаспадарства і зьвярнуцца.
Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.
І, гукнуўшы дзесяцёх слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім : "Таргуйце, пакуль я прыйду".
Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.
Але грамадзяне ягоныя ненавідзілі яго і паслалі за ім пасолства, кажучы: "Мы ня хочам, каб гэты чалавек гаспадарстваваў у нас"».
А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.
І сталася, як ён зьвярнуўся, адзяржаўшы гаспадарства, што ён казаў пагукаць да сябе тых слугаў, каторым даў грошы, каб даведацца, колькі кажны зь іх прыдбаў, таргуючы.
І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.
І прышоў першы, кажучы: "Спадару, міна твая прыспарыла дзесяць мінаў".
І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”.
І ён сказаў яму: Добра, добры слуга; за тое, што ты ў малым быў верны, май уладу над дзесяцьма местамі".
І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.
І прышоў другі, кажучы: "Спадаґру, міна твая прыспарыла пяць мінаў".
І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”.
Сказаў і гэтаму: "І ты будзь над пяцьма местамі".
Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.
І прышоў іншы, кажучы: "Спадару, во міна твая, каторую я хаваў у хустцы;
І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку,
Бо я баяўся цябе, бо ты людзіна стродкая: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў".
бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.
Ён кажа яму: "Вуснамі тваімі я суджу цябе, нягодны слуга; ты ведаў, што я стродкая людзіна, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.
Дык чаму ты не аддаў грошы маіх на стол, і я, прышоўшы, адзяржаў бы з прыбыткам?".
Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [купцам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”
І сказаў тым, што тут стаялі: "Вазьміце ад яго міну і дайце таму, хто мае дзесяць мінаў".
І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”.
(І сказалі яму: "Спадару, ён мае дзесяць мінаў").
І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”
"Бо кажу вам, што кажнаму маючаму дасца; а ад нямаючага адыймецца й тое, што мае.
“Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.
Непрыяцеляў жа маіх гэтых, што не хацелі, каб я гаспадарстваваў у іх, прывядзіце сюды й забіце перад імною"».
А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».
Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далёй, узыходзячы да Ерузаліму.
І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.
І сталася, як дабліжыўся да Віффаґі а Віфані, да гары, званае Аліўнай, паслаў двух вучанікаў Сваіх,
І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
Кажучы: «Ідзіце да сяла, што насупроці, у каторым, увыйшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзіце.
сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
І калі хто папытаецца ў вас: "Нашто адвязуеце?" скажыце яму гэтак: "Бо Спадар яго патрабуе"».
І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».
І пасланыя, пайшоўшы, знайшлі, як Ён сказаў ім.
Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.
Як жа яны адвязавалі асьлянё, гаспадары сказалі ім:«Нашто адвязуеце асьлянё?»
Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»
А яны адказалі: «Бо Спадар патрабуе яго».
Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы адзецьце свае на асьлянё, пасадзілі на яго Ісуса.
І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
І як Ён ехаў, расьсьцілалі адзежы свае на дарозе.
І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.
А як Ён бліжыўся да схону Аліўнае гары, уся множасьць вучанікаў пачала, цешачыся, вялікім голасам хваліць Бога за ўсі магучыя ўчынкі, што яны бачылі,
Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хваліла Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,
Кажучы: «Дабраславёны Кароль, што йдзець у імя Спадарова! супакой на нябёсах і слава на вышах!»
кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!»
Але некатрыя з фарысэяў з гурбы сказалі Яму: «Вучыцелю, згань вучанікаў сваіх».
І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»
І, адказуючы, сказаў ім: «Кажу вам, калі гэтыя будуць маўчэць, камяні загукаюць».
І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».
І, як дабліжыўся, бачачы места, плакаў па ім,
І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
Кажучы: «Калі б і ты ведала, нават ты, прынамся гэтага дня твайго, што ё да супакою табе, але схавана гэта цяпер ад аччу тваіх;
кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
Бо прыйдуць на цябе дні, што непрыяцелі твае акружаць цябе валам, і аблягуць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
І зрынуць цябе на зямлю, і дзеці твае ў табе, і не пакінуць у табе каменя на каменю, бо не пазнала пары даведаньня свайго».
і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».
І, увыйшоўшы да сьвятыні, пачаў аддаляць прадаючых і купляючых у ёй,
І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,
Кажучы ім: «Пісана: "Дом Мой ё дом малітвы", а вы зрабілі яго пячораю разбойнікаў».
кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І навучаў кажнага дня ў сьвятыні. Найвышшыя ж сьвятары а кніжнікі а старцы люду шукалі загубіць Яго.
І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,
І не знайшлі, што зрабіць, бо ўвесь люд, не адступаючы, слухаў Яго.
і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.