Судзьдзяў 13 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і аддаў іх СПАДАР у руку Пілішчан на сорак год.
Сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І ГОСПАД аддаў іх на сорак гадоў у рукі Філістынцаў.
І быў чалавек адзін із Цоры, з плямені Дановага, а імя ягонае Маной; і жонка ягоная была няплодная, і не радзіла.
У Цоры быў нейкі чалавек з пакаленьня Дана на імя Маноах, які меў жонку няплодную.
І зьявіўся Ангіл СПАДАРОЎ жонцы, і сказаў ёй: «Гля, ты няплодная й ня родзіш; але зачнеш а народзіш сына.
І зьявіўся анёл ГОСПАДА той жанчыне, і сказаў: «Хоць ты няплодная і бязьдзетная, але зачнеш і народзіш сына.
Дык цяпер сьцеражыся ж, і ня пі віна а хмельнага напітку, і ня еж нічога нячыстага;
Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш,
Бо гля, ты зачнеш а народзіш сына, і брытва ня ўзыйдзе на галаву ягоную, бо назарэям Божым будзе хлапец ад жывата, і ён пачнець выбаўляць Ізраеля з рукі Пілішчан».
бо зачнеш і народзіш сына, галавы якога не кранецца лязо. Ён будзе назірам Божым ад улоньня маці. Ён пачне выратоўваць Ізраіль з рук Філістынцаў».
І прышла жонка, і сказала мужу свайму, кажучы: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, і выгляд ягоны, як выгляд Ангіла Божага, страшны вельмі; і я не папыталася ў яго, скуль ён, і імені свайго ён не сказаў імне.
Яна прыйшла да мужа і сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, аблічча якога было як анёла ГОСПАДА, поўнае велічы. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне імя свайго.
І Ён сказаў імне: "Вось, ты зачнеш а народзіш сына; дык ня пі віна я хмельнага напітку, і ня еж нічога нячыстага, бо назарэям Божым будзе хлопчык ад жывата аж да сьмерці свае"».
Ён сказаў мне: “Неўзабаве зачнеш і народзіш сына. Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоньня маці аж да дня сьмерці сваёй”».
І маліў моцна Маной СПАДАРА, і сказаў: «Прашу Цябе, СПАДАРУ мой, чалавек Божы, каторага паслаў Ты, хай прыйдзе, калі ласка, ізноў да нас і навуча нас, што нам рабіць із хлопчыкам, каторы народзіцца».
І маліўся Маноах да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, няхай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца?»
І пачуў Бог голас Манояў, і прышоў Ангіл Божы ізноў да жонкі, а яна сядзела ў полю, Маноя ж, мужа ейнага, ня было зь ёю.
І выслухаў ГОСПАД, што прасіў Маноах, і зьявіўся зноў анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі, а мужа ейнага, Маноаха, не было разам з ёю.
І пабарзьдзіла жонка, і пабегла, і азнайміла мужу свайму, і сказала яму: «Вось, зьявіўся імне чалавек, што прышоў таго дня да мяне».
І пасьпяшалася яна, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму: «Вось, зьявіўся мне той чалавек, які тады быў прыйшоўшы да мяне».
Устаў а пайшоў Маной за жонкаю сваёю, і прышоў да тога чалавека, і сказаў яму: «Ці ты тый чалавек, каторы гутарыў із гэтай жонкаю?» Ён сказаў: «Я».
Ён устаў і пайшоў за жонкай сваёй, і падыйшоў да чалавека таго, і сказаў яму: «Ці ты той, які размаўляў з жонкай маёй?» А ён сказаў: «Я».
І сказаў Маной: «Вось, споўніцца слова твае, які мае быць парадак жыцьця хлопчыку і паступак?»
І сказаў яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?»
І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Маною: «Усяго, што я казаў жонцы, хай яна сьцеражэцца;
І сказаў Маноаху анёл ГОСПАДА: «Няхай усяго таго, што я сказаў жонцы тваёй, яна сьцеражэцца.
З усёга, што паходзе зь вінное розкі, хай ня есьць; і віна а хмельнага напітку хай ня п’ець, і нічога нячыстага хай ня есьць, і ўсе, што я расказаў ёй, хай дзяржыць».
Няхай ня есьць нічога, што з вінаграду паходзіць, няхай ня п’е ані віна, ані сікеры, няхай нічога ня есьць нячыстага, але няхай тое, што я загадаў, выконвае».
І сказаў Маной Ангілу СПАДАРОВАМУ: «Дазволь задзяржаць цябе, і мы прыгатуем табе казянё».
І сказаў Маноах анёлу ГОСПАДА: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем страву для цябе з казьляняці».
І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Маною: «Хоць бы ты й удзяржаў мяне, я ня буду есьці з хлеба твайго; а калі ты зробіш, то СПАДАРУ абрачы яго». Бо ня ведаў Маной, што Ангіл СПАДАРОЎ Ён.
Анёл ГОСПАДА адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я ня буду есьці хлеба твайго. А калі хочаш падрыхтаваць цэласпаленьне, ахвяруй яго ГОСПАДУ». Бо Маноах ня ведаў, што гэта анёл ГОСПАДА.
І сказаў Маной Ангілу СПАДАРОВАМУ: «Якое імя твае? бо споўніцца слова твае, і я ўтшчу цябе».
Маноах спытаўся ў анёла: «Якое імя тваё, і калі слова тваё споўніцца, як ушанаваць цябе?»
І сказаў яму Ангіл СПАДАРОЎ: «Што ты пытаешся імені майго? А яно чудоўнае».
Анёл сказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё, яно таямнічае».
І ўзяў Маной казянё а хлебны аброк, і ўзьнёс на скале СПАДАРУ. І чуда сталася, і Маной а жонка ягоная бачылі.
І прынёс Маноах казьляня і ахвяру хлебную, і паклаў на скале, ахвяруючы ГОСПАДУ, Які творыць цуды. І глядзелі на гэта Маноах і жонка ягоная.
І было, як узыходзіла полымя ад аброчніка к небу, то ўзьнёсься Ангіл СПАДАРОЎ у полымені аброчніка. А Маной а жонка ягоная бачылі і ўпалі ніцма відамі сваімі.
І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама анёл ГОСПАДА падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка ягоная, упалі на абліччы свае на зямлю.
І наперад не паказаўся Ангіл СПАДАДАРОЎ Маною а жонцы ягонай. Тады пазнаў Маной, што Ангіл СПАДАРОЎ Ён.
І ўжо болей ня бачылі яны анёла ГОСПАДА. І зразумеў Маноах, што гэта анёл ГОСПАДА,
І сказаў Маной жонцы сваёй: «Пэўне мы памрэм, бо бачылі Бога».
і сказаў жонцы сваёй: «Хіба мы памром, бо мы бачылі Бога».
І сказала яму жонка ягоная: «Калі б СПАДАР хацеў зрабіць нам сьмерць, то ня прыняў бы з рук нашых усепаленьня а хлебнага аброку, і не паказаў бы нам усяго гэтага, і цяпер ня даў бы нам чуць гэт’кага».
І сказала яму жонка: «Калі б ГОСПАД хацеў нас забіць, Ён не прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і ахвяры хлебнай, і ня даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам усіх словаў гэтых».
І нарадзіла жонка сына, і назвала імя яго: Самсон. І расло дзяцё, і дабраславіў яго СПАДАР.
І нарадзіла яна сына, і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго ГОСПАД.
І пачаў Дух СПАДАРОЎ узрушаць яго ў табару Дановым, памеж Цоры й Ештаолу.
І Дух ГОСПАДА пачаў зыходзіць на яго ў табары Дана між Цораю і Эштаолам.